Больш за тысячу беларусаў падалі заяўкі на навучанне ў Еўропе

Еўрапейская камісія выдзяляе 3,6 мільёна еўра на адукацыю беларусаў за мяжой. Мяркуецца, што пасля навучання ў еўрапейскіх універсітэтах удзельнікі праграмы “Адкрытая Еўропа” вернуцца ў Беларусь. Дырэктар праграмы Мадс Мэйнэрт распавёў Еўрарадыё, навошта Еўропе яшчэ адна праграма для беларусаў, і каму ўрэшце дастанецца стыпендыя.

Еўрарадыё: Чаму Еўропа вырашыла прафінансаваць яшчэ адну праграму для беларусаў? Нацыянальныя ўрады еўрапейскіх краін ужо маюць свае падобныя праекты.

 

Мадс Мэйнэрт: Наколькі вы ведаеце, Еўрапейская камісія сумесна з 11 еўрапейскімі ўрадамі, Паўночнай радай міністраў і ЗША падтрымліваюць ЕГУ ў Вільні. Але гэта гуманітарны універсітэт. Камісія хоча падтрымаць іншыя акадэмічныя сферы: натуральныя навукі, інжынерыю, медыцыну, эканоміку. Таму і вырашылі заснаваць іншую стыпендыю.

Еўрарадыё: Як шмат заявак вы атрымалі?

 

Мадс Мэйнэрт: Калі я выязджаў са свайго офіса ўчора, у нас было ўжо 1100 заявак. І калі я праверыў электронную пошту ноччу – заяўкі ўсё прыходзілі. Думаю, што да дэдлайна, які ў пятніцу, у нас будзе больш за 1500 заявак.

Еўрарадыё: А як вы будзеце ацэньваць матывацыю студэнтаў і вызначаць, хто ўсё ж такі атрымае стыпендыю? Якія будуць крытэрыі?


Мадс Мэйнэрт:  Мы яшчэ не вызначыліся дакладна з крытэрыямі. Але, сапраўды, матывацыя, вельмі важны фактар. Мы маем камісію з 5 чалавек, у якой я прадстаўляю Паўночную раду міністраў, таксама прадстаўнік Еўрапейскай камісіі і тры незалежныя эксперты з універсітэтаў. Акрамя матывацыі будуць мець значэнне і акадэмічныя паказчыкі. Асабліва калі людзі добра вучыліся ў школе ці ўніверсітэце ў Беларусі.

Еўрарадыё: Можаце распавесці, чаму асабіста вы цікавіцеся Беларуссю і што можаце сказаць пра беларускую моладзь?

 

Мадс Мэйнэрт: Я працую ў адукацыі каля 30 гадоў. Таксама я ўзначальваў 2 універсітэцкія праекты, якія Савет краінаў Балтыйскага мора фінансаваў у Расіі. Мне было прыемна далучыцца да Паўночнай рады міністраў, якая падтрымлівае ЕГУ. Зараз я займаюся пошукам інвестараў для ўніверсітэта. Такім чынам я і звязаны з Беларуссю.

Я сустракаюся са студэнтамі ЕГУ. І магу сказаць, што ёсць некалькі вельмі розных груп студэнтаў. Але яны вельмі матываваныя. Не толькі ў акадэмічным плане, але ў палітычным і індывідуальным. Гэта вельмі моцная група маладых людзей. І я спадзяюся, што тыя, хто збіраецца атрымаць стыпендыю, будуць прадстаўляць гэты ж самы тып моцных маладых людзей.

Еўрарадыё: У вашага фонду вялікія сродкі (3,6 млн еўра). Многія лічаць, што гэта вялікія грошы для пакалення, якое ніколі не вернецца ў Беларусь. Ці не баіцеся, што пасля навучання студэнты застануцца з мяжой?

 

Мадс Мэйнэрт: 3,6 мільёна еўра – не такія і вялікія грошы, калі паглядзець на кошты адукацыі. Напрыклад, у Вялікабрытаніі. Мы патрабуем больш грошай, каб пакрыць кошты навучання.

Наконт вяртання ў Беларусь. Не ведаю працэнтаў, але я ўпэўнены, што вялікая колькасць вернецца. Гэта бясспрэчна. Таму што яны маюць такое памкненне і маюць сем’і ў Беларусі. А некаторыя нават маюць невялікі бізнэс. Што тычыцца тых, хто застанецца за мяжой, не думаю, што яны застануцца назаўсёды. Працэс пераменаў у Беларусі можа заняць гады, але калі перамены прыйдуць, то шмат хто вернецца ў краіну. Такія ж працэсы мы назіралі ў Паўднёвай Афрыцы – у часы апартэіду і пасля апартэіду шмат маладых людзей выехала з краіны. Але калі пачаліся змены да лепшага, людзі пачалі вяртацца.

Магу параўнаць з ЕГУ. Каля 85 працэнтаў магістрантаў вяртаюцца ў Беларусь і знаходзяць працу. Сярод бакалаўраў гэты працэнт меншы, бо шмат хто з бакалаўраў працягвае магістэрскую адукацыю. Такім чынам, гэта частка абавязальніцтваў, якія на сябе бяруць маладыя беларусы. Яны едуць навучацца за мяжу для ўласнага асабістага развіцця, але таксама і для таго, каб развівалася беларускае грамадства.

Еўрарадыё: Ці плануеце неяк сачыць ці кантраляваць колькасць тых, хто вяртаецца ў Беларусь?

 

Мадс Мэйнэрт: Натуральна. Будзем праводзіць маніторынг, колькі засталося за мяжой, а колькі вярнулася. Як робім і ў ЕГУ. І падтрымліваем з імі кантакт, бо яны могуць стаць часткай маладых адукаваных беларусаў. У нас ёсць Асацыяцыя выпускнікоў, якая адсочвае далейшы лёс людзей.

Еўрарадыё: Ці могуць студэнты, якія ўжо навучаюцца за мяжой удзельнічаць у вашай праграме?

Мадс Мэйнэрт: Мы атрымалі вельмі шмат лістоў ад студэнтаў, якія ўжо навучаюцца ў еўрапейскіх універсітэтах: Германіі, Францыі, Італіі. Але я мушу сказаць, што гэта праграма разлічана толькі на новых студэнтаў, а не на тых, хто ўжо навучаецца. Мы мусім павялічваць масу адукаваных у Еўропе маладых людзей.

Каб прыняць удзел у праграме, трэба запоўніць анкету на сайце http://oess.eu/en. Апошні тэрмін – 16 снежня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі