“Быць джанглістам — значыць быць сабой” (+эксклюзіўны дыджэйскі сэт)

Сёння ў нашай студыі незвычайная госці. Паміж нашымі мікрафонамі яны паставілі мікшарны пульт і расклалі “вертакі” — так электронныя музыкі называюць паміж сабой прайгравальнікі пласцінак. Філіп (Philkie) і Вова (The 3D) — удзельнікі прома-групы Wicked Hoods, да іх далучаецца Дзіма (Dimdoz). У нас яны граюць сваю ўлюбёную музыку і распавядаюць пра фэст ямайскай электронікі Koncrete Jungle, які ладзіцца ў Мінску 9 лютага.

130131_mix_low_quality.mp3

Сэт, які Philkie, The 3D і Dimdoz зайгралі ў студыі Еўрарадыё "спіна да спіны".

Філіп: Прывітанне! Koncrete Jungle — адзін з самых старых фэстаў у свеце. Ён стартаваў у Нью-Ёрку ў 1994 годзе. Там ён праводзіцца і сёння, але мае фармат штотыднёвай вечарынкі. А па ўсім свеце разышоўся ў фармаце фэсту па музыцы jungle і ragga-jungle. Абавязковы атрыбут — так званая галава. Галава індзейца. Яе фішка ў прычосцы ў выглядзе галоўных славутасцяў горада, дзе праводзіцца фэст.

Еўрарадыё: Для Мінска зрабілі адрознае лога?

Філіп: Натуральна! Калі прыгледзецца, можна ўбачыць вежы, што месцяцца насупраць вакзала — браму горада. Нацыянальную бібліятэку, стэлу на плошчы Перамогі, Чырвоны касцёл.

Еўрарадыё: Кажуць, што горад — гэта каменныя джунглі. А ў назве вашага фэсту яны, быццам бы з бетону. Тым не менш, як гэтая музыка ўпісваецца ў гарадскую рэчаіснасць?

Вова: Вельмі ўдала. Рытм музыкі хуткі, у раёне 180 удараў за хвіліну. Ён падтрымлівае гарадскі трафік: ты хутка рухаешся па горадзе, калі яе слухаеш.

Еўрарадыё: А ўвогуле, як гэтую частку электроннай культуры прымаюць у Беларусі? Тут людзі на “Купалінцы” гадаваліся, ці не надта хуткі для іх такі рытм?

Вова: Калі праводзіць паралелі з суседнімі краінамі, Расіяй і Украінай, у іх пік захаплення jungle прайшоў гадоў пяць таму. А ў нас гэтая музыка толькі набірае абароты.

Філіп: У асноўным, у нас публіка ўжо склалася. Мы з іншымі хлопцамі яе напрацоўвалі гадамі. Вядома, увесь час нехта новы прыходзіць. Але на джангле я ніколі не бачыў так званых “левых” асобаў. Я бачыў толькі хлопцаў, якія “у тэме”. А вось на апошнім Koncrete Jungle я заўважыў людзей, якія былі заўсёднікамі яшчэ ў клубах NC і Step. Старых тусоўшчыкаў, якія фанацеюць па ламаных рытмах. Я іх шмат гадоў не бачыў, але вось на Koncrete Jungle яны былі. Усё гэта разам і стварае той самы неперадавальны massive. Jungle massive.

130201_backstage_1.mp3

130201_backstage_2.mp3

Еўрарадыё: То бок, jungle — гэта не толькі пэўная музыка, але і пэўная ідэалогія? З чаго яна складаецца?

Дзіма: Адназначна. Быць джанглістам — I’m a junglist — азначае быць сабой. Слухаць гэтую музыку, быць дабрэйшым да ўсіх і ставіцца да ўсяго проста. Так, як ставяцца людзі на Ямайцы.

 

Еўрарадыё: Па колерах афішы зразумела, што jungle блізкі да растафарыянства. А якія субкультурныя тусоўкі з ім звязаныя?

Філіп: Вось цяпер вы са скейтарам размаўляеце. У мяне стаж катання 6 гадоў. Мне падабаецца катацца пад джангл, гэта драйвовая музыка, энергічная, хуткая. Вялікую ролю таксама грае рэчытатыў — рагамафін. Заўжды, калі я слухаю рага-джангл, усмешка напаўзае на твар, і настрой узнімаецца.

Еўрарадыё: Хіпстары з’яўляюцца на вашых вечарынках?

Дзіма: Я не ведаю, што такое хіпстары. Для мяне гэта чужое.

Філіп: Хіпстары ў маім разуменні, не з’яўляюцца (смяецца)

Дзіма: Натуральна, гэта ўсё бліжэй да рэгей-культуры. Нездарма тут усім вядомы сцяг і галава чалавека… Таксама не адсюль, не славянскай знешнасці.

 

Еўрарадыё: Ці мае сэнс услухвацца ў словы рэгійных чытанак? Бо калі перакладаеш папулярныя заходнія хіты, бессэнсоўнасць словаў звычайна здзіўляе. Юмаха, юмасо…

Дзіма: Я б не сказаў, што ў тэксце тут нешта прынцыпова адрознае. Ёсць у ямайскай музыцы песні пра каханне, ёсць песні пра жыццё.

Еўрарадыё: Пра складаную долю ямайскага селяніна?

Вова: Рэчы простыя. Ямайка была шалёна карумпаваным востравам, там заўжды былі грамадзянскія войны, і людзі не вельмі заможна жывуць. Гэта ўсё адбілася на песнях таго ж Боба Марлі. А пасля яго смерці, у 1980-я пачаў з’яўляцца стыль рагамафін, у якім лірыка больш грубая.

Еўрарадыё: А яшчэ адна адметнасць — вакальная манера?

Дзіма: Такое чытанне называецца “ямайскі тостынг”. Галоўная яе асаблівасць — ямайская мова, якая называецца “патуа”. Такі мясцовы дыялект на аснове англійскай мовы.

130201_backstage_3.mp3

130201_backstage_4.mp3

Еўрарадыё: Як адрозніваюцца ганарары рок- ці поп-зорак і, скажам так, зорак jungle?

Дзіма: У джанглістаў, я думаю, ганарары меншыя. Хаця, калі Goldie прывезці… Думаю, у яго будзе ганарар прыкладна як… У маскоўскага гурта (смяецца).

Філіп: Дзейнасць дыджэяў усё ж адрозніваецца ад дзейнасці музыкаў. У нас ідзе аўтарская праца з фанаграмамі, сваімі ці чужымі. Таму і ўзровень ганарараў ніжэйшы. Звычайна дыджэі за 1-2 тысячы долараў ганарар не выходзіць. Гэта ў прафесійных, у замежных.

Дзіма: Не, ну ёсць дыджэі, якія і па 15-20 тысяч за адзін live-сэт бяруць. Джангл — гэта ўсё ж такі андэграўндны стыль. Пайшоў ад каранёў. Хаця, калі ўдумацца, з jungle пайшоў увесь драм-энд-бэйс.

Вова: Цікава, што ў 1990-я ў Англіі джангл быў настолькі папулярны, што некаторыя трэкі нават траплялі ў папсовыя чарты. Напэўна, тады гэта было нечым накшталт папсы.

Дзіма: Ёсць яшчэ такі знакаміты тэзіс — wicked.

Вова: Так, і сёння мы будзем граць трэкі, сярод якіх будзе гэтая песня General Levy — “Incredible”. Гэта першы трэк у стылі jungle, які стрэліў у брытанскіх чартах.

Еўрарадыё: Летась у вас быў канадскі дыджэй, а сёлета — брытанскі. Як вы выйшлі на гэтага, як вы пішаце, містара Пэйджа?

Вова: Слухалі музыку ды і выйшлі. Мы ўвесь час знаёмімся з творчасцю новых людзей, і ўвогуле, імкнёмся як мага больш адслухоўваць у нашым улюбёным падстылі.

Філіп: Выйшлі на яго… Як на ўсіх выходзім.

Еўрарадыё: “вКонтакте” напісалі?

Філіп: (смяецца) Не, праз інтэрнэт, праз букінг-агенцтва. Яго агенты займаюцца дакументамі, а пазнаёмімся і асабіста пагаворым мы толькі 9 лютага, у дзень фэсту.

Вова: Падтрымліваць Benny Page з нашай любімай Украіны прыедуць Zhukah і Chazy. Zhukah наш добры сябра, ён ужо быў у нас з джангл-сэтам у R-club, тады гэтае месца так называлася. І Chazy, музыка з Запарожжа, які таксама піша трэкі ў стылі ragga-jungle.

Еўрарадыё: Што вы робіце паміж штогадовымі Koncrete Jungle?

Вова: Робім шараговыя джангл-мерапрыемствы. Нядаўна хацелі аднаго літоўца прывезці, але ў яго намаляваліся праблемы з пашпартам. Робім прывозы больш набліжаныя да нас. Асабліва жыццё актывізуецца ўлетку, калі мы з каменных джунгляў выходзім у натуральныя беларускія джунглі. І там ужо ўсё напоўніцу… Пад jungle.

Філіп: І я, і Вова, і Дзіма — дыджэі. Практычна кожны наш выступ — калі нас клічуць у клуб, ці калі мы самі граем дзе-небудзь на прыродзе — гэта часцінка джангл у публіку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі