Чыноўнікам дазволілі развіваць культурныя праграмы з Польшчай

121119_luka6uk_kultura.mp3

Падпісалі праграму ў "Радзівілаўскай зале" Нацыянальнага мастацкага музея амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка і намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі. Праўда, патрэбная яна найперш чыноўнікам, напаўжартам тлумачыць польскі дыпламат.


Лешак Шарэпка: “Калі ёсць такія праграмы падпісаныя, калі ёсць згода самых высокіх аўтарытэтаў краіны, што трэба гэта рабіць, то для дзяржчыноўнікаў ніжэйшага ўзроўня — можна гэта рабіць, трэба гэта рабіць. І ў гэтым плане гэтая праграма супрацоўніцтва вельмі важная. Яна можа даць нейкі штуршок — ніхто не будзе баяцца, што гэта нельга рабіць, трэба тармазіць”.



Тэрмін дзеяння праграмы, накіраванай на развіццё культуры і мастацтва дзвюх краін, — усяго два гады. Але тут развіццё супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі, тэатральнага мастацтва, рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры, музейнай справы і выставачнай дзейнасці, стварэння помнікаў дзеячам культуры і мастацтваў, арганізацыя абменных стажыровак выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ культуры і іншае.


“Ёсць такі канкрэтны праект, як папулярызацыя спадчыны Станіслава Манюшкі, праект — дапрацоўка дасье па Аўгустоўскім канале для ўнясення ў спіс сусветнай спадчыны”, — дзеліцца планамі Тадэвуш Стружэцкі.


Насамрэч, культурныя сувязі паміж нашымі краінамі, асобнымі ўстановамі культуры і мастацкімі калектывамі — даўнія і шырокія. Яны маглі б быць яшчэ шырэйшыя, але рэалізацыя асобных праектаў упіраецца ў “неплацежаздольнасць” беларускага боку.


Лешак Шарэпка: “Год таму, калі было наша старшынства ў ЕС, тут планавалі выставу прац Фердынанда Рушчыца. І ўсё разбілася аб тое, што беларускі бок быў не ў стане застрахаваць гэтую выставу”.



Тым не менш дыпламат упэўнены, што магчымасцяў для развіцця і пашырэння культурнай супрацы ў нас шмат. І нават палітычныя непаразуменні не здольныя гэтаму зашкодзіць. Ці — змена міністра культуры, упэўнівае прадстаўнік Мінкульта.


Тадэвуш Стружэцкі: “Міністэрства культуры, напэўна, захаваецца як орган дзяржаўнага кіравання, спецыялісты, якія там працуюць, таксама. Таму ўсе распачатыя праекты будуць працягвацца, а, можа, з’явяцца і нейкія новыя”.



Як падслухаў карэспандэнт Еўрарадыё, адзін з дзеячаў культуры падчас гэтай сустрэчы прапанаваў прадстаўніку Мінкульта і польскаму дыпламату абмеркаваць магчымасць арганізацыі выставы слуцкіх паясоў — сабраць іх з тых краін, дзе яны захоўваюцца.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі