Ці можна набыць палац Радзівілаў ці Патоцкіх за… базавую велічыню?

Сядзібу могуць прадаваць за ацэначны кошт — каля 100 тысяч долараў, а могуць — з аўкцыёну, ці за адну базавую велічыню, нават аддаць бясплатна могуць. Але... пад канкрэтны інвестыцыйны праект, тлумачаць Еўрарадыё ў Мінкульце. Асноўная ўмова — рэстаўрацыя. Паводле падлікаў рыэлтараў каштуе яна ад 1,5 да 2 мільёнаў долараў. Але што потым? Ці можна там, напрыклад, жыць самому?

Калі сядзіба аддаецца за базавую ці задарма, то ў дамове прапісваюцца ўмовы, што павінен зрабіць новы ўласнік, акрамя рэстаўрацыі. Калі ж сядзібу набылі за ацэначны кошт ці з аўкцыёну, то можна і самому жыць! Галоўная ўмова, каб не шкодзіла помніку архітэктуры.

"У чый бы ўласнасці ні знаходзілася сядзіба, уласнік заключае ахоўныя абавязкі з Мінкультам", — кажа старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.

Унутраную планіроўку змяняць дазваляюць. Галоўная ўмова — каб да сядзібы ставіліся ашчадна, а што там будзе — абмежаванняў няма, тлумачыць блізкі сябар сям'і Радзівілаў і журналіст Глеб Лабадзенка.

Як даведалася Еўрарадыё, самі Радзівілы не плануюць купляць свае палацы ў Беларусі. Такіх у продажы было тры, адзін ў вёсцы Краскі ўжо набыў расіянін з аўкцыёну за 100 тысяч долараў, іншы палац Радзівілаў у вёсцы Паланечка знялі з продажу.

"На 2013 год пастаўлены на рэстаўрацыю. Гэта было памылкова заяўлена ў інтэрнэце, што ён прадаецца. Дзяржава прыняла пад сваю апеку як помнік архітэктуры, і ўжо на наступны год запланаванае аднаўленне. Ён, канешне, не ў кепскім стане. Там раней была школа, сцены вельмі моцныя", — распавядаюць нам у мясцовым сельсавеце.

А вось летняя рэзідэнцыя Радзівілімонты ў пасёлку Красная Звязда прадаецца сёння. Толькі стан гнятлівы.

"Сядзібу няма чаго рэстаўрыраваць, трэба ставіць па-новаму. Толькі руіны засталіся. Калі вас цікавіць на будучыню агратурызм, то вам трэба паглядзець на парк", — распавядаюць Еўрарадыё ў сельсавеце.

Сядзібу ў Красках, якую набыў расіянін, ужо рэстаўрыруюць. Не важна, хто набыў гістарычную каштоўнасць, галоўнае, каб гаспадар быў, — лічыць Глеб Лабадзенка.

"Калі б ён не набыў сядзібу, стаяла бы і развальвалася. Я ведаю дзве сядзібы, дзе вар'ятня, альбо інтэрнат дзіцячы. Але калі там ёсць гаспадар, значыць сядзіба будзе жыць. Вось палац Радзівілаў у Паланечцы: яшчэ пару гадоў таму быў дзетдом. Як толькі ён адтуль з'ехаў, літаральна за пару гадоў сядзіба прыйшла ў жахлівы стан. Укралі і абдзёрлі ўсё што можна, павыбівалі шыбы. Туды пачала заліваць вада, а зімой снег. Пару гадоў — і палац ужо напалову разбураны".

Агулам сёння ў продажы было 46 сядзібаў і палацаў, за 2010-2011 гады прадалі восем. Сёлета яшчэ ніводнага.

Якія палацы і сядзібы ўжо прадалі?

Сядзіба Бішэўскага ў вёсцы Лынтупы Пастаўскага раёна

Палац у вёсцы Грамяча Камянецкага раёна

Сядзіба ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна

Палацава-паркавы комплекс у вёсцы Свяцк Гродзенскага раёна

Палац у гарадскім пасёлку Поразава Свіслацкага раёна

Сядзіба ў вёсцы Туча Клецкага раёна

Сядзібна-паркавы комплекс у вёсцы Альшэва Мядзельскага раёна.

Сядзіба ў вёсцы Двор Барысаўскага раёна, прадалі 2 стайні.


Фота: volkovysk.blogspot.com, silvan.by, radzima.org, globus.tut.by, vandrouka.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі