Эканаміст: “Пакуль праблемы краіны вырашаюцца за кошт насельніцтва”

Эканаміст Сяргей Чалы сцвярджае, што крызіс скончыўся. І дадае, што пасля дэвальвацыйнай пасткі Беларусь патрапіла ў пастку недаінвеставання.

Сяргей Чалы: “Ніша Беларусі на бліжэйшыя гады – хутчэй за ўсё, яна стане пастаўшчыком танных кваліфікаваных працоўных рэсурсаў для краін-суседзяў. Гэта варыянт “вялікай Малдавіі”. А тыя людзі, хто не змог ці не захацеў з’ехаць, будуць весці блізкую да натуральнай гаспадарку і выжываць за кошт трансфертаў тых, хто з’ехаў”.


Сяргей Чалы кажа, што беларуская эканамічная мадэль была жыццяздольнай, пакуль яе падтрымлівала Расія. Цяпер жа замест закладзенага ўрадам на наступны год роста ВУП у 5,2 працэнта даводзіцца чакаць у лепшым выпадку 1,5 працэнта.


Сяргей Чалы: “Тое, што адбылося апошнія 5 гадоў – эканамічная плата за 2006 год. Як вы разумееце, гэта быў лішні прэзідэнцкі тэрмін нават з улікам рэферэндуму 2006 года, калі яго лічыць больш-менш легітымным”.

Эканаміст Аляксандр Гатоўскі не згаджаецца з тым, што крызіс скончыўся. І задаецца пытаннем, што рабіць з “сацыялкай”, якая аказалася вельмі раздутай пад уплывам канкурэнцыі з Расіяй.


Аляксандр Гатоўскі: “Хацеў бы звярнуць увагу на пытанне росту. Урад кажа пра 1,5 працэнта росту. А для гэтага патрэбныя рыначныя кошты, непавышэнне даходаў, скарачэнне льготнага крэдытаванне жылля, прыватызацыя. Але ўсе гэтыя пункты супярэчаць сацыяльнаму пакету, які раскручваўся апошнія 15 гадоў”.

Па словах Гатоўскага хутка можа ўстаць пытанне не змены ўлады, а выжывальнасці Беларусі як такой. Бо насельніцтва ўжо зараз адкрыта глядзіць у бок Расіі і прапануе ўвесці расійскі рубель.


Аляксандр Гатоўскі: “Я зараз бачу, што праблемы краіны вырашаюцца за кошт насельніцтва, паясы якога зажалі да мяжы. У той жа час у частцы інвестыцыйнай палітыкі ў нас перагляду не адбылося”.

У той самы час эксперт цэнтра “CASE-Belarus” Сяржук Наўродскі кажа, пра пагаршэнне гандлю паміж Беларуссю і Польшчай.


Сяржук Наўродскі: “Трэба прымаць канкрэтныя меры, перадусім лібералізоўваць гандаль з Захадам. Калі з Расіяй сярэдняя стаўка пошліны – 0, то з Захадам, з якім маем большую частку мяжы, зараз стаўка паднялася да 10 працэнтаў. 10 працэнтаў пошліны мы плацім! І куды яны ідуць? 75 адсоткаў – у расійскі бюджэт”.

Па словах Сяржука Наўродскага, Беларусь мусіць рабіць высновы, сыходзячы са структуры свайго гандлю на Захадзе. Але, падпісваючы эканамічныя пагадненні з Расіяй, Беларусь ахвяруе гэтым самым гандлем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі