Femen: У Беларусь ладзіць акцыю не паедзем — няма гарантый бяспекі
Еўрарадыё даведалася, ці сапраўды наш закон “Аб масавых мерапрыемствах” самы ліберальны, а наша міліцыя — самая добразычлівая.
Прадстаўляючы журналістам прынятую Палатай прадстаўнікоў новую версію закона “Аб масавых мерапрыемствах”, дэпутат Анатоль Глаз называў яго ледзь не самым ліберальным у свеце. Ці так гэта, даведалася Еўрарадыё.
Экстравагантныя флэш-мобы прадстаўніц украінскага руху Femen звыкла заканчваюцца сутыкненнем з міліцыяй і затрыманнямі. Але насуперак чаканням адна з лідараў украінскіх феміністак Аляксандра Шаўчэнка лічыць іх закон “Аб масавых мерапрыемствах” добрым і правільным. Каб правесці акцыю пратэсту, дастаткова паведаміць пра сваё жаданне ўладам.
Аляксандра Шаўчэнка: “Паводле нашага закону, калі ты паведаміў, што збіраешся правесці акцыю, і калі табе хаця б за 5 хвілін да пачатку акцыі не прынёс міліцыянер рашэнне суда наконт таго, што гэтая акцыя забароненая, ты маеш права праводзіць акцыю”.
Вось толькі яны нават гэтым правам не карыстаюцца. А ўсё з-за таго, што хоць іх акцыі і не былі ні разу забароненыя судом, міліцыянеры кожны раз перашкаджалі феміністкам звыклым для іх чынам выказваць свой пратэст.
Аляксандра Шаўчэнка: “Пачынаючы з 2010 года, пасля таго, як Віктар Януковіч прыйшоў да ўлады, мы перасталі падаваць паведамленні ў Кіеўскую гарадміністрацыю наконт запланаванай акцыі. Мы разумеем, што нас забярэ міліцыя, як толькі мы расшпілім курткі. Таму мы зараз перайшлі ў падполле і партызанскі рэжым. Прыходзім, робім. Калі паспяваем збегчы да прыходу міліцыі — мы гэта робім. Калі не паспяваем, тады сутыкненні з міліцыяй, ездзім у пастарунак, потым у суд, а потым ужо куды суд накіруе — ці на некалькі сутак, ці — дамоў”.
Але ў тых апазіцыянераў, што свой пратэст выказваюць не так крэатыўна, як феміністкі, асаблівых праблем з правядзеннем акцый няма.
Без усялякіх бюракратычных працэдур, дазволаў і апавяшчэнняў можна правесці пікет у Літве, калі колькасць яго ўдзельнікаў не перавышае 8 чалавек, расказвае Еўрарадыё прафесар паліталогіі Каўнаскага ўніверсітэта Гінтаўтас Мажэйкіс. Заяўку на правядзенне больш масавага мерапрыемства неабходна падаць у мясцовы муніцыпалітэт загадзя. Адмовіць могуць, але — толькі ў месцы правядзення, і прапанаваць іншае. Аднак пры гэтым улады мусяць уцямна патлумачыць прычыну адмовы — інакш можна нарвацца на судовы пазоў з боку арганізатараў акцыі. Праўда, часцей сутыкаюцца з тым, што на адмову тыя не звяртаюць увагі.
Гінтаўтас Мажэйкіс: “Вельмі шмат маршаў бывае, і левых, і правых, якія не атрымалі такога дазволу. Аднак за выключэннем выпадкаў, калі гэта перарастае ў нейкія масавыя беспарадкі, паліцыя абмяжоўваецца тым, што здымае, фатаграфуе, тлумачыць, што вы павінны адысці, але інакш не ўмешваецца”.
Праўда, так паліцыя робіць, калі акцыя не перашкаджае транспарту і людзі паводзяць сябе прыстойна. У іншых выпадках праваахоўнікі могуць ужыць сілу.
Да 15 чалавек можа налічваць пікет у Польшчы, аб правядзенні якога не трэба нікому загадзя паведамляць. На правядзенне вялікіх акцый, распавёў Еўрарадыё палітуцякач Зміцер Бародка, неабходны дазвол мясцовых уладаў. Найчасцей атрымаць яго можна без праблем.
І нават у Расіі, паводле словаў аднаго з найбольш вядомых апанентаў Крамля Барыса Нямцова, больш магчымасцяў у людзей праявіць сваю пазіцыю.
Барыс Нямцоў: “У Расіі закон дазваляе без усялякіх дазволаў удзельнічаць у адзіночных пікетах і патрабуе апавяшчэння, калі гэтыя пікеты не адзінкавыя. Калі вы выйдзеце і будзеце проста пляскаць у ладкі на Чырвонай плошчы, вас не затрымаюць. На масавыя акцыі неабходна атрымаць дазвол. І яны даюць гэтыя дазволы. Але як правіла — у месцах маладаступных. Калі вы ў іх просіце Пушкінскую — яны даюць Узбярэжную Шаўчэнкі”.
І толькі ў тым, як паводзяць сябе расійскія паліцэйскія падчас несанкцыянаваных акцый апазіцыі, бачна падабенства з Беларуссю.
Барыс Нямцоў: “Затрыманні, “амапаўскія” дубінкі, пасадкі — усё па поўнай праграме, усё, як у вас!”
Дарэчы, актывісткі Femen за апошнія месяцы паспелі зладзіць свае флэш-мобы ў сталіцах шмат якіх еўрапейскіх краін. Па просьбе Еўрарадыё Аляксандра Шаўчэнка параўнала рэакцыю праваахоўнікаў на іх крэатыў.
Аляксандра Шаўчэнка: “Паліцыя да нас падыходзіла, запісвала нашы імёны, хто мы, адкуль. Паліцэйскія казалі: “Ага, дык вы не проста так цыцкі паказваеце пад домам Дамініка Строс-Кана — вы не збіраецеся нікога спакушаць, вы пратэстуеце супраць яго дзеянняў сэксуальных!”. Мы тлумачылі і яны казалі: “Калі гэта не эратычнае шоў, а палітычны пратэст, то, дзяўчаты, поспеху”.
Толькі ў Рыме феміністкам не далі магчымасці зладзіць акцыю ў поўным аб’ёме — праз карабінераў пад вокны Папскага палаца праслізнула толькі Аляксандра.
А на просьбу параўнаць беларускі і ўкраінскі законы “Аб масавых мерапрыемствах” адказала сцісла: “Хоць да “сутак” у пастарунку мы звыклыя, але да вас не паедзем — няма ніякіх гарантый бяспекі”.