Фэст “Камяніца” стане двухдзённым, а “Навальніца” адыдзе ад музыкі

130321_malina_festy.mp3

Гэта пакуль складана адчуць, але да лета засталося два месяцы. А значыць, самы час заняцца фестывальным графікам. І тут такая неспадзяванка: вырашыць, на якія еўрапейскія open air’ы ехаць, а на якія — не, можна было яшчэ ўзімку: і тэрміны, і прыкладныя лайн-апы ўжо вядомыя. А з нашымі местачковымі фэстамі ніякай яснасці няма дагэтуль.

Напрыклад, хутар “Шаблі”, вядомы публіцы фолк-фэстамі “Вольнае паветра” і “Шаманы Шаблі” і шматлікімі “канцэртамі на траве”, сёлета таксама не збіраецца спаць у шапку. Але пакуль дазволу на імпрэзы няма, таму і распавядаць пра іх арганізатары не хочуць.

Пакуль вядома толькі пра кавер-фестываль The Beatles Shabli, што пройдзе 1 чэрвеня. Хэдлайнерамі будуць дзявочая ліверпульская чацвёрка The Beatelles, аўтэнтычна апранутыя нарвежцы Det Betales і расійскія баяністы Puttin' On The Beatles Style. Але квіткоў у продажы пакуль няма, бо “такія ў нас законы”…

Што ж, беларускае фестывальнае лета ў гэтым годзе пачынаецца з бітлоў. А вось ці скончыцца яно “Навальніцай”, як летась? Аднаўленне піратэхнічнага фэсту пад пытаннем.

“Мы ніяк не можам вызначыцца з месцам, — тлумачыць арганізатар Ігар Сідаровіч. — Застанемся ў Лагойску ці пераедзем на Баравую, на аэрапорт, яшчэ куды-небудзь… Зараз вядзем перамовы і на 50-70% перакананыя, што сёлета фэст усё ж адбудзецца”.

Праўда, сёлета было вырашана крыху змяніць канцэпцыю “Навальніцы”: больш націснуць на феерверкі, а музычны складнік зменшыць. Але не выключыць зусім!

Ужо культавы фолк-фэст “Камяніца” сёлета адсвяткуе сваё пяцігоддзе. Адпаведна, і планы ў арганізатараў напалеонаўскія.

“Цэнтральная дата — 7-га верасня, вакол якой мы будзем расці, — распавядае Еўрарадыё дырэктар рэстарана “КамяніцаСяргей Чагрынец. — То бок, фэст будзе ці 6-7 верасня, ці 7-8, ці ўвогуле 6-га ўвечары пачнем і 7-8 верасня таксама захопім. Будзе бачна, бо жаданне ёсць, мы хочам сабраць усе самыя лепшыя гурты, якія ў нас выступалі за чатыры гады”.

Сяргей дадае, што цягам бліжэйшага месяца пытанні з размяшчэннем намётавага мястэчка і імёны асноўных хэдлайнераў будуць названыя. Адпаведна, і размах юбілею стане зразумелым.

Якраз праблемы з хэдлайнерамі дагэтуль вырашаюць і арганізатары фэсту “Рок за Баброў”:

“Фестываль будзе абавязкова, у чэрвені! Але пакуль гэта ўся інфармацыя, бо пакуль мы толькі разглядаем канцэпцыю мерапрыемства”.

На ўсё пра ўсё засталося тры месяцы. Ці паспеюць? Арганізатары “I Need Festival” таксама яшчэ не вызначыліся з датай і месцам. Але не парацца на гэты конт:

“Мы і ў мінулым годзе за кароткі тэрмін зрабілі. Вось мы ўсе са сваімі справамі разбярэмся і зробім “I Need”, — кажуць у Rock-n-Roll Promo. І раптам дадаюць: “Калі б ён атрымаўся такім жа, як і летась, было б шыкоўна. Але, думаю, пэўныя змены будуць”.

На стадыі складання праграмы цяпер знаходзіцца “Пікнік.by” — найлепшы фэст 2012 года паводле версіі Еўрарадыё. Дату і месца плануецца назваць праз тыдзень, тады ж з’явяцца і льготныя квіткі — без абвяшчэння лайн-апа.

“Будзе шмат беларускіх гуртоў, якія мы любім, — агульнымі словамі адмазваецца арганізатар Нік Маторын. — Канкрэтызаваць пакуль не хочацца, але іх будзе больш за 20! Мы думаем пра хэдлайнера, у тым ліку, і не пра беларускага”.

Натуральна, сёлета з’явіцца некалькі новых фэстаў. Некаторыя сыдуць на перапынак ці ўвогуле знікнуць. Але прынцып застанецца тым жа: пакуль будуць абвешчаныя падрабязнасці беларускіх фэстаў, актыўныя беларусы набудуць квіткі на даступныя еўрапейскія оўпэнэйры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі