Каткавец: Інфармацыя пра пастаўкі ў Расію заражанага малака — правакацыя
Першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі пракаментавала паведамленні шэрагу расійскіх СМІ, якія спасылаліся на свае крыніцы.
Сцвярджалася, што інфармацыя пра ўспышку захворвання ў адной з беларускіх гаспадарак была засакрэчана ўладамі.
"Малако з сухотамі проста не можа патрапіць ні ў Расію, ні ў нашу гандлёвую сетку, — заявіла Надзея Каткавец. — На ўсіх этапах — на ўваходзе малака на любое прадпрыемства, на выхадзе прадукцыі, — ажыццяўляецца строгі кантроль".
Закранаючы канкрэтны выпадак, які, нібыта, меў месца ў гаспадарцы "Александрыя" Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, Каткавец заявіла, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, інфармуе РІА "Новости".
У сельгаснаглядзе Расіі паведамляюць, што таксама нічога не ведаюць пра такі выпадак. Тым часам, Украіна прыпыніла ўвоз малочных прадуктаў з Беларусі. Нагодай сталі сістэматычныя парушэнні ветэрынарна-санітарных патрабаванняў Украіны ў беларускіх малочных прадуктах.