Кошты ў дзяржаўныя музеі адрозніваюцца ў 25 разоў!

Не так даўно Белстат апублікаваў звесткі пра самыя папулярныя і непапулярныя (паводле колькасці наведвальнікаў) беларускія музеі. Першае месца (339 тысяч наведвальнікаў) заняла Брэсцкая крэпасць-герой. У мінулым годзе квіткі туды каштавалі 4000 рублёў (з 1 снежня паднялі да 5000). Калі памножыць груба 4000 на 339 тысяч чалавек, атрымаецца, што крэпасць зарабіла 1 мільярд 356 мільёнаў, паводле цяперашняга курса гэта амаль 162 тысячы долараў. Але падлікі прыблізныя, бо ёсць ільготныя катэгорыі, а ёсць дадатковыя платныя паслугі ды экскурсійнае абслугоўванне.

На пытанне, чым самы папулярны беларускі музей вабіць наведвальнікаў, супрацоўніца адказвае проста.

Супрацоўніца: “Самі едуць. У нас жа ў дзяржаве ўвогуле патрыятычнае выхаванне, дзеці ў школе праходзяць праграму, звязаную з Вялікай Айчыннай вайной”.


У Брэсцкую крэпасць людзі едуць самі, без рэкламы

У Гомельскім палацава-паркавым комплексе Румянцавых і Паскевічаў, які намаляваны на купюры ў 20 тысяч рублёў, пра рэкламу дбаюць — маюць сайт, развешваюць па горадзе афішы, даюць інфармацыю ў СМІ. Да таго ж, кажуць супрацоўнікі, людзі расказваюць сябрам, як ім тут спадабалася — і тыя таксама едуць. Гэты музей — на 2-м месцы з 304 тысячамі наведвальнікаў. З тэхнічных фішак тут — аўдыёгід, які гаворыць на трох мовах.

Супрацоўніца: “У нас ёсць экскурсаводы — гэта беларуская, руская, англійская мова. І іншая форма: наведвальнік, які хоча ціхенька прайсціся па залах паглядзець — аўдыёгід, таксама на гэтых трох мовах”.

Квіток на экскурсію каштуе 11.500 плюс 35-70 тысяч з групы за экскурсавода (група да 25 чалавек). Квіток з аўдыёгідам — 17.500 (дзіцячы 12.500).

Супрацоўніца: “Каля 60% выбіраюць “жывыя” экскурсіі, але многа і такіх, хто хоча сам пахадзіць, прыпыніцца недзе, праслухаць нешта яшчэ раз”.


Гомельскі палац Румянцавых і Паскевічаў


Атрымліваецца, што аўдыёгіды прынеслі музею каля 2 мільярдаў 130 мільёнаў. А “жывыя” экскурсіі, паводле самых прыблізных падлікаў, далі каля 2 мільярдаў 460 мільёнаў рублёў. Разам — амаль 550 тысяч долараў!

Музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску за мінулы год наведала 219 тысяч чалавек. Тут — дэмакратычныя кошты на квіткі.

Супрацоўніца: “У нас гэтыя кошты не мяняліся з 25 жніўня мінулага года! А ў 2011-м падаражанне было ў чэрвені, і нязначна: было 5000, стала 6000. А дзіцячы як быў 3000, так і застаўся”.

Музей Вялікай Айчыннай вайны. Фота: http://darriuss.livejournal.com


Супрацоўніца кажа, што склад наведвальнікаў у іх традыцыйны з года ў год.

Супрацоўніца: “Вайскоўцы, школьнікі, студэнты… Летам шмат прыезджых з Расіі. Сёння вось быў грамадзянін Галандыі, ён у нас ужо чацвёрты раз — шукае сваіх дальніх сваякоў, цікавіцца”.

Нечакана супрацоўніца выдае нам, напэўна, вялікую тайну — за кошт чаго ўзялася гэтая лічба ў 219 тысяч экскурсантаў.

Супрацоўніца: “У нас у гэтую лічбу ўваходзіць таксама “Востраў слёз”, які да нас адносіцца. У нас там ёсць, як мы кажам, “астравіцяне”. Падлічваюць калі не ўсіх да аднаго, то амаль да аднаго”.


Нясвіжскі замак летась заняў толькі 5-е месца (210 тысяч наведвальнікаў). Але ж тады была адкрыта толькі нязначная частка экспазіцыі. А месяц таму, як мы ведаем, замак быў адкрыты поўнасцю. І на адкрыцці Аляксандр Лукашэнка насварыўся на міністра культуры Паўла Латушку, што такія дарагія квіткі — ажно 50 тысяч рублёў (гэта самыя дарагія квіткі сярод дзяржаўных музеяў Беларусі). Прэзідэнта ў Нясвіжы слухацца не спяшаюцца — распараджэнняў аб паніжэннях кошта ад дырэктара не паступала.

Супрацоўніца: “50 тысяч дарослы і 25 тысяч дзіцячы. Дзеці дашкольнага веку — бясплатна”.


У Нясвіжскі замак самыя дарагія квіткі ў Беларусі

На апошнім месцы паводле наведванняў у 2011 годзе — Жабінкаўскі раённы музей: 300 экскурсантаў за год, меней за аднаго ў дзень! Дырэктар музея Сяргей Дзямідаў ведае пра гэта, але адразу тлумачыць нам прычыну.

Сяргей Дзямідаў: “Ёсць такая рэч… Але ж мы адкрыліся толькі 19 траўня! Да таго ж, наш музей месціцца не ў самой Жабінцы, а ў вёсцы Малыя Сяхновічы, гэта каля 6 кіламетраў ад горада”.

Перад будынкам Жабінкаўскага музея адзіны ў Беларусі бюст Касцюшкі

Квіткі каштуюць 6000 для дарослых, 3500 для дзетак. У тым годзе каштавалі 2000 і 1000 адпаведна. Каб выправіць сітуацыю, ім давялі план платных паслуг — па коштах на экскурсійнае абслугоўванне і фатаграфаванне на фоне экспазіцыі. Пытаемся, які экспанат у Жабінкаўскім раённым музеі самы цікавы.

Сяргей Дзямідаў: “У нас некалькі пакояў — пакой этнаграфіі і народнага быту, пакой Тадэвуша Касцюшкі (тут яго радзіма) і зала народнай славы. У пакоі этнаграфіі ёсць вельмі цікавы прадмет — так званая каўбасніца. Гэта дзядуля сучасных мясарубак! Ён зроблены з дрэва — на жаль, не ўсе часткі да нас дайшлі. Астатнія музеі нашай вобласці не маюць нічога нават прыблізна такога!”

Іншы музей, які займае апошнія радкі статыстыкі, — Дом-музей дзеда Талаша ў Навасёлках пад Петрыкавам. І тут малому наведванню дырэктарка Надзея Муратшына хутка дае нам лагічнае тлумачэнне.

Надзея Муратшына: “З 2011 года, з ліпеня месяца, музей закрыты на капітальны рамонт, таму там знізіўся гэты паказчык”.

Якія рэчы ў музеі памятаюць самога дзеда Талаша?

Надзея Муратшына: “Яго асабістыя рэчы: куфар для бялізны, шапка, лыжка, рэмень. Музей месціцца ў тым доме, дзе ён жыў. На сядзібе дзве хаты — адна вялікая, збудаваная пасля Грамадзянскай вайны. А калі рабілі музей, аднавілі і маленькую хату, у якой Талаш жыў да Грамадзянскай вайны і якую падчас гэтай вайны спалілі”.


Надзея Муратшына. Фота: http://www.belniva.by

Ці глядзела дырэктарка Музея дзеда Талаша беларусьфільмаўскую стужку “Талаш”, прэзентаваную не так даўно?

Надзея Муратшына: “На жаль, не, няма часу — хоць ён скінуты ў мяне ў камп’ютары. Але ж, вы ведаеце, фільм паводле аповесці “Дрыгва” ставілі — і там ёсць мастацкія адступленні ад рэчаіснасці”.

Якія навінкі плануюцца ў музеі пасля сканчэння рамонту?

Надзея Муратшына: “Плануем экспазіцыю абнавіць, дыяраму зрабіць па партызанскім лагеры… Паступілі фотаздымкі прапраўнукаў дзеда Талаша, хочам зрабіць ягонае генеалагічнае дрэва”.

Цікава, а ці выбіўся хто з нашчадкаў славутага змагара ў людзі?

Надзея Муратшына: “Ёсць у яго і за мяжой прапраўнукі, і ў Злучаных Штатах… Але каб вось так прагрымелі на ўсю краіну… У Мінску ёсць яго праўнучка, юрыстам працавала, займала высокую пасаду…”

Што праўда, музеем славутага прашчура цікавяцца яны не надта актыўна — апошні раз двое яго прапраўнукаў прыязджалі сюды “гады чатыры таму”… Пытаемся ў Надзеі Муратшынай, якія тэхнічныя навінкі плануюцца ў музеі.

Надзея Муратшына: “Музей жа ў вёсцы знаходзіцца… Хацелася б нешта такое, але ў сувязі з фінансаваннем пакуль не планавалі. Так, аўдыёгіды — гэта ўсё павінна быць… Тэлевізар пакуль таксама не планавалі…”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі