Лідзія Ярмошына: “Парушэнні выбарчага заканадаўства будуць заўжды”

Ніводны з кандыдатаў Партыі БНФ, актывістаў руху “За Свабоду!” і сябраў “Маладой Беларусі” не прайшлі ў дэпутаты мясцовых саветаў. Пра гэта падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі паведамілі лідэры ўзгаданых арганізацый Аляксей Янукевіч, Аляксандр Мілінкевіч і Артур Фінкевіч.

Да апошняй мяжы выбарчага марафону ад Партыі БНФ дайшоў 51 кандыдат. Але і колькасць, кажа Аляксей Янукевіч, не дапамагла.

Аляксей Янукевіч: “Яшчэ не ўсе звесткі мы маем, але, па папярэдніх дадзеных, ніводзін з кандыдатаў Партыі БНФ не стаў дэпутатам мясцовых саветаў”.



Тое ж пра “сваіх” кандыдатаў паведаміў і Аляксандр Мілінкевіч. І тут жа здзівіў усіх заявай, што “рухаўцы” выйшлі з выбараў з добрым настроем.

Аляксандр Мілінкевіч: “І гэта вынікае з таго, што мэты, якія мы ставілі, у асноўным дасягнутыя. Мы хацелі, каб у грамадстве ў выніку кампаніі павялічваўся пратэстны настрой. Нам хацелася, каб людзі больш ведалі пра сітуацыю ў краіне і больш ведалі пра альтэрнатыву — а яна ёсць. Каб людзі больш ведалі пра фальсіфікацыю выбараў. Гэта таксама вынік”.

А лідэр “Маладой Беларусі” Артур Фінкевіч звярнуў увагу на факт дзіўнага падзелу выбарцаў: тыя, хто не падтрымлівае апазіцыю, пайшлі галасаваць датэрмінова, а хто падтрымлівае — у дзень асноўнага галасавання.



Пракаментаваць гэтае назіранне карэспандэнт Еўрарадыё папрасіў старшыню Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну.

Лідзія Ярмошына: “Тлумачыцца гэта вельмі проста: як вы ведаеце, менавіта ў дзень выбараў заўсёды прынцыпова ходзяць тыя грамадзяне, якія адчуваюць пэўны недавер да працэсу датэрміновага галасавання. Можа быць, не вельмі любяць афіцыйных нейкіх асоб, якія ўдзельнічаюць у выбарах дэпутатаў. Цалкам магчыма, што і падзяляюць погляды тых кандыдатаў, якія ідуць ад апазіцыйных палітычных партый. Таму цалкам натуральна, што ў дзень выбараў галасоў, якія аддаюць за пазначаную катэгорыю грамадзян, падаецца, я дапускаю, больш”.

Звярнулі таксама ўвагу апазіцыйныя лідэры і на парушэнні як падчас датэрміновага галасавання, так і непасрэдна ў дзень выбараў. Прычым Аляксей Янукевіч назваў гэтыя парушэнні масавымі.

Аляксей Янукевіч: “З шэрагу парушэнняў, якія адбываліся паўсюдна, асабліва выбіваюцца адсутнасць асобнага падліку датэрміновага галасавання — што прапісана ў Кодэксе, у новых зменах і што патрабуецца. Амаль нідзе гэтага не рабілася. Гэта яскрава сведчыць пра тое, што падчас датэрміновага галасавання адбывалася “ўкідванне” галасоў”.

У сваю чаргу Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што ўсе парушэнні былі зафіксаваныя назіральнікамі і даверанымі асобамі кандыдатаў у дэпутаты.

Аляксандр Мілінкевіч: “Кандыдаты і іх давераныя асобы склалі шмат актаў аб парушэннях. Але ў абсалютнай большасці выпадкаў камісіі не разглядалі, што ёсць парушэнні закона. Проста іх ігнаравалі. І пасяджэнняў не было. Гэта рабілася амаль дэманстратыўна”. 



Старшыня Цэнтрвыбаркама прызнала, што пэўныя парушэнні заканадаўства з боку выбарчых камісій былі. Але заявіла, што пазбавіцца іх немагчыма — яны былі і будуць надалей.

Лідзія Ярмошына:
“Што тычыцца парушэнняў заканадаўства, то адразу хачу падкрэсліць: яны будуць заўжды! Бо ў выбарах бярэ ўдзел вельмі вялікая колькасць людзей”.

Згодна з яе словамі, часцей за ўсё парушэнні дапускаюць тыя сябры камісій, якія працуюць на выбарах даўно і аўтаматычна дзейнічаюць у адпаведнасці з патрабаваннямі старога Выбарчага кодэкса. Але паабяцала, што да наступных выбараў іх падвучаць.

Дарэчы, наступнымі будуць выбары прэзідэнта краіны. Дакладная іх дата пакуль не вызначаная. Ярмошына лічыць, што найбольш аптымальным днём для выбараў з'яўляецца 6 лютага 2011 года. Хоць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік не выключае магчымасці правядзення выбараў напрыканцы 2010 года. Аляксандр Мілінкевіч упэўнены, што ў прэзідэнцкай кампаніі неабходна ўдзельнічаць, нягледзячы ні на што.

Аляксандр Мілінкевіч: “Для мяне стоадсоткава — трэба ўдзельнічаць! Мы нідзе не хлусім і кажам, што выбараў няма, мы кажам, як улада фальсіфікуе. Але я ўпэўнены: удзельнічаеш у выбарах — павышаеш пратэстны настрой, свядомасць людзей, палітычную культуру павышаеш. Не ўдзельнічаеш — выклікаеш апатыю”.

А пра ўласныя планы наконт прэзідэнцкіх выбараў Мілінкевіч паабяцаў сказаць у траўні.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі