“Не трэба займаць Палац мастацтваў – няхай там лепш мёд прадаюць”

121022_ma6a_bk.mp3

“Пра “Беларускі клімат” чулі ўсе, але ніхто не ўяўляе, што гэта такое”, — кажа Філіп Чмыр. Адзін з актывістаў арт-групы, якая нарадзілася ў сутарэннях Мінска ў далёкім 87-м. Той самы Філіп з Drum Ecstasy — таксама вынаходніцтва “клімату”! І вось для таго, каб сучаснікі зразумелі, што такое “Беларускі клімат” і ў чым яго заслуга, актывісты зладзілі выставу.

“Асноўная наша мэта — скажу прама — прыцягнуць увагу мастацтвазнаўцаў, — дзеліцца праўдай Філіп Чмыр — экспанат выставы “Рэтраспектыва”, які можа распавядаць пра яе бясконца. — То бок, даць тую інфармацыю, якую яны хочуць атрымаць. Плюс, мы даследуем — вось у нас там ёсць кніга — я хачу ўбачыць, хто ходзіць на выставы — і я гэта бачу. У мяне там усе запісаныя. Вось зараз я запішу — восьмы клас”.


Натуральна, што такіх экспанатаў, як Філіп Чмыр, восьмы клас яшчэ не бачыў. Таму з цікавасцю слухае пра хэпінінгі, інсталяцыі і экспедыцыі, якія зніклі ў беларускай пустыні, пазірае на дзіўныя фота коштам у 500 еўра і не разумее, навошта пад нагамі скрыпяць макароны. А Філіп Чмыр не спыняецца:

“Беларускі клімат” — гэта арт-група, якая не адмыслова ўмудрылася зрабіць першы ў Беларусі аўдыёвізуальны перфоманс. Першай пачала афармляць прастору — інварментам займацца, першай рабіць інсталяцыі, не ведаючы, што гэта інсталяцыі, паўнавартасна займацца флэшмобамі ў 86 годзе, не ведаючы, што гэта флэшмобы. То бок, мы рабілі ўсё ў Беларусі першымі”.


І гэта толькі частка заслуг “Беларускага клімату”, не кажучы пра геаметрычны балет, хэпінінгі ды “изустное” кіно.

“Ніколі не думаў, што ў той час — у часы СССР і пачатку 90-х былі такія групы! Шчыра кажучы, вельмі цікава — нават няма чаго дадаць! Інфармацыя, якую рад быў даведацца. Цяпер наперад у Расію з такімі ведамі”, — смяецца малады чалавек з усходніх крэсаў, які проста прыйшоў у Музей сучаснага мастацтва і быў здзіўлены неардынарнай падачы матэрыялу.

Маніфест "Беларускага клімату" канца 80-х

З канца 90-х сябры арт-групы хоць і займаліся ўласнымі праектамі, але, сцвярджае Філіп Чмыр, падсілкоўвалі адно аднаго сваёй творчасцю. Цяпер “Беларускі клімат” вяртаецца ў Беларусь і пачынае актыўнічаць. Арт-група рыхтуе некалькі цікавых праектаў і збіраецца выйсці з выставачных залаў ды павільёнаў на вуліцы.

Філіп Чмыр: “Я хачу сказаць, што людзі не ходзяць у залы. Ходзяць мастацтвазнаўцы, журналісты, студэнты-мастацтвазнаўцы, мастакі — гэта вузкае кола людзей. А мы кажам, што мастацтва трэба несці ў масы, і калі гара не ідзе да Магамеда, то давядзецца зрушыцца ў той бок. Таму мы збіраемся паказаць у туалеце, на вуліцы — у нас ёсць ужо гатовыя праекты для адкрытай прасторы, дзе людзі, якія ідуць, калі хочуць, яны гэта ўбачаць. То бок, мы нібы вернемся да пачатку”.


Дарэчы, зусім хутка ў галерэі “Ў” адкрыецца персанальная выстава Філіпа Чмыра пад маркай “Беларускага клімату”. Дакладней, у прыбіральні галерэі…

“Чаму менавіта ў прыбіральні? Таму што, па-першае, сучаснае выяўленчае мастацтва, мне здаецца, дэградавала. Я вельмі цікаўлюся, назіраю за выставамі — няма чаго там глядзець! Таму месца яму ў прыбіральні. Я туды выпраўляюся сам! Не трэба займаць Палац мастацтваў — няхай там лепш мёд прадаюць, чым тое, што там паказваюць!”


Ну а “Рэтраспектыве” ад “БК”, не сумняваецца Філіп, месца толькі ў музеі. Бо тут сабраныя “срэбраная фатаграфія, жывапіс і сапраўдная графіка”. Выстава працягнецца да 27 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі