Палажанка заклікае людзей ратаваць Дашкевіча
Лідара “Маладога Фронта” ўтрымліваюць у карцары.
Як стала вядома раней, намесніца старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога Фронта” Наста Палажанка збіраецца ўзяць шлюб са старшынём арганізацыі Змітром Дашкевічам. Ён цяпер адбывае двухгадовае пакаранне ў горацкай калоніі — нібыта за збіццё двух асобаў.
Учора, у дзень 30-годдзя Змітра, Наста паспрабавала наведаць яго ў калоніі, але начальнік не даў дазволу на гэта. Спадар Кавалёў давёў дзяўчыну да істэрыкі шматкроць паўтарыўшы, што “яна Дашкевічу — ніхто”. Апроч таго, Наста даведалася, што Змітра ўтрымліваюць у карцары.
Наста Палажанка вырашыла дзейнічаць — і сёння змясціла на сайце “Маладога Фронта” зварот пад назваю “HELP! Яны забіваюць яго ў турме!”.
Палажанка заклікае ўсіх неабыякавых людзей праявіць салідарнасць — і напісаць ці пазваніць кіраўніцтву горацкай калоніі. Дзяўчына лічыць, што калі кіраўніцтва пабачыць, што многія людзі хвалююцца за лёс Змітра, яны могуць паслабіць сваю хватку і спыніць беспадстаўныя катаванні, якімі можна назваць карцар. Палажанка кажа, што Змітра маглі змясціць у карцар, бо ён адмовіўся падпісваць паперы аб прызнанні сваёй віны.
На сайце “Маладога Фронту” Наста Палажанка змяшчае наступныя каардынаты Горацкай калоніі для допісаў і тэлефанаванняў.
Магілеўская вобл. г. Горкі, вул Дабралюбава 16, ВК-9. 213 410
Кавалёву А.М. (начальнік калоніі)
Тэл.: (802233) 52361, (802233) 52363