Палякі знялі фільм пра столінскія багны і заспявалі палескія песні

121105_ma6a_palesse.mp3

На Століншчыне між палескіх балот стаіць вёска Альманы. Яе жыхары, азёры, журавіны і жыццё сталі героямі аднайменнага дакументальнага фільма польскага этнографа Ягны Кнітэль.

“Няма прарокаў у сваёй айчыне, — кажа музыка і даследчык фальклору Васіль Грынь. — Нацыянальная рыса беларуса — гэта яго нацыянальны комплекс, калі чалавек саромеецца сказаць, што ён з вёскі, ці яго бацькі з вёскі, ці дзед з бабай. І вось жыхар Беларусі з гэтага камплексуе, а жыхар Польшчы — высокаадукаваны і прызнаны ў свеце гэтым цікавіцца, і для яго гэта каштоўна. Дык можа быць, гэты прарок з Захаду, з-за мяжы і дапаможа нам усё ж такі паглядзець на саміх сябе. Што мы вартыя, і што наша культура прыцягвае ўвагу еўрапейскую”.

Ягна Кнітэль і Васіль Грынь


Ягна Кнітэль закаханая ў Палессе больш за 10 гадоў. За гэты час этнограф і яе паплечнікі — навукоўцы з Польшчы, Беларусі і Украіны ў межах праекту, які мае доўгую назву “Галасы Еўропы. Традыцыйныя песні Палесся ў сучаснай культуры” зладзілі шэраг сумесных экспедыцый на паўднёвы захад Беларусі. Вынікам апошніх з іх і стаў фільм “Альманы” а таксама спектакль “Песні Палесся — Беларусь”.

Манюха Біконт

“Спачатку мяне захапіла само гучанне гэтых песень — той незвычайны гук, моц гучання, — распавядае ўдзельніца гурта Z lasu і сябра здымачнай групы Манюха Біконт. — Калі глядзела на тых людзей, якія гэта спяваюць, на іх выразы твараў, рухі цела — падабалася мне гэта эстэтычна. Але калі ўжо пачала ездзіць на вёску, то тыя ўсе песні набылі новыя значэнні. Можна лепш зразумець тую рэчаіснасць, пазнаёміцца з тымі людзьмі, для каторых кожная гісторыя — рэальная гісторыя. Тыя словы пачынаюць інакш гучаць, гук пачынае мець іншае значэнне. Мяркую, што я яшчэ да канца іх не зразумела. Знаходжуся на пэўным этапе іх разумення, якое будзе змяняцца”.


Прэм’ерны паказ фільму і спектакль з песнямі палескіх бабуль адбыўся ва Ўніверсітэце культуры. Прысутных захапіла незвычайная сцэнічныя падача народных спеваў. Польскія спявачкі з гурта Z lasu на чале з беларускім этнографам і гісторыкам Вольгай Емельянчык вадзілі карагоды ды спалучалі спевы з рухам. А ў ідэале дзеянне мусіць аздабляцца яшчэ відэашэрагам і светлавымі эфектамі. На перайманне манеры палескіх спеваў і разумення іх філасофіі спявачкам спатрэбілася 2 гады.

Вольга Емельянчык

“Гэта людзі, якія ўжо шмат гадоў спяваюць “Палессе”, — дзеліцца асаблівасцямі сумеснай працай з полькамі Вольга Емельянчык. — У іх ужо добра пастаўлены голас. Яны ведаюць дыялект палескі. Гэта была радасць — працаваць з гэтымі дзяўчатамі. Мы, вядома, працавалі адмыслова над дыялектнымі асаблівасцямі, над асаблівасцямі вымаўлення. Стараліся як мага больш дакладна пераняць не толькі мелодыю, не толькі тэмбр голасу, але і дыялект”.


Публіка, якая прыйшла на прэм’еру фільма і спектаклю вельмі цёпла адгукалася пра працу палякаў. Маўляў, усё зроблена вельмі далікатна і з вялікай павагай да простых людзей, пра якіх распавядаецца ў стужцы Кнітэль. Да таго ж, фільм — прыклад сучаснай еўрапейскай этнаграфічнай дакументалістыкі, якія нашы этнографы па шэрагу прычын пакуль не здымаюць. Праўда, сцвярджае прафесар Энгельс Дарашэвіч, у нас ёсць не горшыя фільмы. Мы проста пра іх забыліся.

 

Энгельс Дарашэвіч: “У Зінаіды Мажэйкі, як я ведаю, ёсць цікавыя фільмы. Але іх лёс вельмі складаны. Яны былі прададзеныя немцам на 20 гадоў. І толькі цяпер яны знялі гэты тэрмін. Гэтыя фільмы — уласнасць Мажэйкі. І трэба іх некаму набыць. Калі знойдзецца такі чалавек, які купіць, то ў нас будуць свае фільмы і пра Палессе і не горшыя”.

У фільме "Альманы" суіснуюць сучаснасць і архаіка. На беразе возера стаяць крыжы, а ў возеры водзяцца дзіўныя крылатыя рыбы. Героі распавядаюць паданні пра Божую Маці і пра русалак. Збіраюць журавіны і спяваюць. Праўда, кажуць, цяпер людзі мала спяваюць - няма нагоды. Адзіная нагода - прыезд палякаў. Можна сабрацца ды і паспяваць.


Апроч фільма “Альманы” мінчукам быў прэзентаваны мультымедыйны дыск “Палессе – на ўскрайку багнаў”. Праект падтрымаў польскі МЗС і рэалізаваўся ў 2011-2012 гадах. У планах праекту - экспедыцыі па Пінскаму, Іванаўскаму, Кобрынскаму раёнам. Дарэчы, Ягна Кнітэль спадзяецца, што фільм зацікавіць Беларускае тэлебачанне. Рэжысёрка будзе шчаслівая, калі стужку ўбачыць як мага больш беларусаў.

Прафесар Аляксей Рагуля апладзіраваў спявачка стаячы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі