Памежніку, які не паведаміў пра шведскі самалёт, далі 2 гады калоніі
Прапаршчык быў прызнаны вінаватым у тым, што парушыў службовыя абавязкі і не паведаміў пра самалёт-парушальнік у адпаведныя падраздзяленні Мінабароны.
Яго справу разглядаў "адзін з вайсковых судоў". Асуджаны правядзе 2 гады ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе БЕЛТА.
Нагадаем, што раніцай 4 ліпеня 2012 года шведскі лёгкаматорны самалёт Jodel без перашкодаў перасёк літоўска-беларускую мяжу, даляцеў да Мінска, скінуў дэсант плюшавых мядзведзікаў і вярнуўся назад. Аб палёце расказалі самі пілоты, вывесіўшы ў інтэрнэце поўны відэазапіс знаходжання самалёта ў беларускай паветранай прасторы. Міністэрства абароны Беларусі ў адказ заявіла, што парушэння мяжы зафіксавана не было, а відэаматэрыялы з’яўляюцца падробкай. Факт палёту быў прызнаны пазней, калі пра гэта сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Асуджаны вайсковец быў дзяжурным памежнага паста і, атрымаўшы ад нарада інфармацыю пра здарэнне, не перадаў яе дзяжурнаму памежнага атрада.