Пол Макартні выступаў на адкрыцці Алімпіяды за £1

Аргкамітэт Алімпійскіх Гульняў рассакрэціў ганарары зорак, якія выступілі на цырымоніі адкрыцця 27 ліпеня на лонданскім "Уэмблі".

Як паведамляе NME, сэр Пол, Майк Олдфілд, рэпер Dizzee Rascal, Arctic Monkeys, Frank Turner і іншыя ўдзельнікі выступалі фактычна бясплатна - артыстам заплацілі па 1 фунту стэрлінгаў.

Нагадаем, двухгадзіннае шоў "Isles of Wonder" прадставіла кароткі экскурс па гісторыі Вялікабрытаніі - у тым ліку і музычнай. Падчас цырымоніі прагучалі фрагменты самых вядомых хітоў брытанскіх выканаўцаў - ад Beatles і Rolling Stones да Prodigy і Muse. Закрыла праграму шоў Пола Макартні, які выканаў свае кампазіцыі - "The End" і "Hey Jude".

Тым часам стала вядома, што на закрыцці Алімпійскіх гульняў сыграе гурт Pink Floyd. Гэта высветлілася, калі брытанскі выканаўца Эд Шыран абвясціў, што выступіць разам з Pink Floyd на цырымоніі закрыцця летняй Алімпіяды ў Лондане 12 жніўня.

Як паведамляе Gigwise, разам з легендарным калектывам Шыран збіраецца выканаць кампазіцыю "Wish You Were Here" з аднайменнага альбома Pink Floyd 1975 года.

Па словах Шырана, разам з ім на сцэне будуць прысутнічаць не ўсё з жывых удзельнікаў Pink Floyd. Дакладна вядома толькі, што ў выступе возьме ўдзел бубнач Нік Мэйсан. Чакаецца, што апроч Шырана і Pink Floyd, на цырымоніі закрыцця Алімпіяды, выступяць Muse, Take That і The Who.

Фота: arabnews.com 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі