Помнік у Курапатах абяцалі паставіць урад БССР і Лукашэнка

121102_martynovi4_kurapaty.mp3

На мемарыяльнай таблічцы ва ўрочышчы Курапаты гэтае абяцанне так і напісана: “У гэтым лясным масіве ў адпаведнасці з пастановай Савету міністраў БССР ад 1989 году будзе пабудаваны помнік ахвярам масавых рэпрэсій”.

Еўрарадыё вырашыла спытаць пра помнік праз 23 гады там, дзе абяцалі.

У Савеце міністраў нам адказваюць, што гэтая ідэя… страціла свой тэрмін даўнасці.

“З такім тэрмінам даўнасці гэтым пытаннем ніхто не займаецца, бо гэта даўно было. І ўжо людзей тых няма, якія маглі б гэта зрабіць”, — адказвае прадстаўнік урада і дадае, што помнік можа з’явіцца, "калі будуць ініцыятары".

Напрыклад, каталіцкая царква гэтым ініцыятарам быць не можа, не дазваляе заканадаўства.

“Людзі могуць звярнуцца да дзяржавы. А ў царквы могуць толькі папрасіць блаславення. Бо на будову касцёла зямлю просіць не касцёл, а людзі, якія збіраюць подпісы і нясуць у гарвыканкам. І зямля выдзяляецца людзям”, — тлумачаць Еўрарадыё ў прэс-службе каталіцкай царквы.

Сабраць талакой грошы на помнік — нерэальна, мяркуе гісторык Ігар Кузняцоў:

"Арганізацыя “Мартыралог Беларусі" такой ініцыятывы не выказвала. Маўляў, тая дзяржава, якая знішчыла людзей, мусіць паставіць помнік. Іншыя арганізацыі з такой ініцыятывай не выступалі ў сувязі з іх малой колькасцю. Сабраць суму на стварэнне мемарыяла нерэальна".

У 1990-х скульптары рыхтуюць да 20 варыянтаў помнікаў у Курапатах. Ва ўрочышчы маглі з’явіцца знічкі ў люстэрках і царква з анёламі, прыгадвае мастак Алесь Шатэрнік.

Алесь Шатэрнік: “Былі конкурсы і публічныя абмеркаванні. Была ідэя зрабіць храм з выявамі анёлаў, на ўзгорку. Там пасля тры крыжы паставілі. Быў праект — празрыстае шкло, а ў іх адлюстроўваюцца знічкі. Была ідэя мемарыяла з узведзеным храмам”.

У Савета міністраў БССР няма правапрымальнікаў, таму няма і помніку, гаворыць навуковая кіраўніца мемарыялу Курапаты Мая Кляшторная. І прапануе музей.

“Гэта ж толькі адзін помнік. У мяне была больш шырокая праграма — каб і музей там быў. У мяне ёсць спадзяванні, што яшчэ можна нешта там памяняць”, — кажа Мая Кляшторная.

Але ж і кіраўнік краіны таксама за “ўсталяванне ў Курапатах простага і зразумелага людзям мемарыяла”.

Пра гэта ён кажа 10 гадоў таму, падчас паслання да Парламента:

"У Курапатах пахаваныя людзі. У 30-я, 40-я гады, немцы расстралялі, яшчэ хтосьці, але там пахаваныя людзі! І мы мусім пабудаваць просты і зразумелы для людзей мемарыял, які адказвае духу гэтага месца. Месца для смутку і развагаў, а не палітычных танцаў на костках", — прамаўляе Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер у Курапатах на месцы, дзе мусіў быць помнік, толькі камень. Ды яшчэ побач будзе рэстаранны комплекс. А мемарыяльная таблічка з абяцаннем пра помнік знікла.

Фота: azaitsev.com, belarus-misc.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі