Праваахоўныя органы працягваюць паляваць за "Віцебскім кур'ерам" (відэа)
Уначы 14 студзеня аўтамабіль галоўнага рэдактара выдання зноў пільна дагледзелі.
Аб гэтым Еўрарадыё паведаміла лідар грамадзянскай кампаніі "Наш Дом" Вольга Карач. За рулём аўтамабіля ў той момант была журналістка "Віцебскага кур'ера".
Супрацоўнік ДАІ, не патлумачыўшы прычыны спынення аўто, папрасіў журналістку адкрыць багажнік. Затым, спалохаўшыся відэаздымкі, абышоў машыну, аддаў дакументы, а на просьбу прадставіцца буркнуў: "Холаднаў". Пасля мужчына сеў у свой аўтамабіль і з'ехаў.
Нагадаем, што ўначы 13 студзеня міліцыянты затрымалі аўтамабіль дырэктара газеты Віктара Рамнёва. У ім знаходзіўся 10-тысячны наклад "Віцебскага кур'ера". Газета была канфіскаваная, а аўтамабіль затрыманы на суткі.