Сенатары не памятаюць, колькі старонак у прынятым імі законе аб бюджэце

120120 Kustouski_Biudjet.mp3

19 снежня ў Палаце Прадстаўнікоў прынялі закон “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2012 год”. А ўжо назаўтра беларускія сенатары яго адобрылі.

Чаму прыняцце закона адбылося так хутка, тлумачыць Еўрарадыё член Савета Рэспублікі Анатоль Анюхоўскі:

“Нам на электронную скрыню дасылаецца праект, і мы вывучаем яго ў сябе ў кабінетах, і едзем туды падрыхтаваныя”.

Але колькі старонак тэксту заняў выніковы закон аб бюджэце, Анатоль Анюхоўскі не памятае.

Анатоль Анюхоўскі: “Я акрамя таго, што член Савета Рэспублікі, яшчэ і дырэктар завода. Таму такіх дэталяў, калі жадаеце закон падымем, я вам палічу іх, а потым паведамлю. Але гэта ўжо лоўля блох”.

Член Савета Рэспублікі ад Гомельскай вобласці Віктар Аверын кажа, што людзі, якія працуюць з дакументамі, умеюць хутка іх чытаць.

Віктар Аверын: “Ёсць раздзелы, якія лічацца ключавымі для кожнага чалавека. Я гляджу ключавыя, якія тычацца пытанняў, якія я разумею. Якія, умоўна кажучы, кантралююць і адлюстроўваюць інтарэсы рэгіёна. Таму ў гэтым плане, той, хто працуе з дакументамі, умее чытаць іх аператыўна”.

Сенатар Раіса Хмарык кажа, што бюджэт быў адобраны ўсяго за дзень, бо распрацоўваўся сумесна з Палатай Прадстаўнікоў.

Раіса Хмарык: “Вы ўяўляеце, што такое бюджэт наш, закон аб бюджэце з усімі дадаткамі? Мы прысутнічалі пры сумесным абмеркаванні дадзенага праекта ў Палаце Прадстаўнікоў. І задавалі там усе пытанні”.

Па словах сенатара Анатоля Новікава, прыняцце бюджэту – гэта фінішная рыса. Калі ж бюджэт толькі фарміруецца, члены Савета Рэспублікі атрымоўваюць усю неабходную інфармацыю.

Анатоль Новікаў: “Фарміраванне бюджэту ідзе за 1,5-2 месяцы. У працоўным рэжыме, вядома, тое, што датычыцца, у першую чаргу, па кірунках. Прыняцце – гэта адпрацаваны загадзя дакумент”.

Анатоль Новікаў з’яўляецца намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Але колькі ў гэтым годзе склаў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, узгадаць па памяці не можа.

Цікава, што ў 2010 годзе Савет Рэспублікі адобрыў бюджэт праз тры тыдні пасля прыняцця ў Палаце прадстаўнікоў.

Фота: sovrep.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі