Serj Tankian “Harakiri”
Прадукт, атрыманы шляхам музычнай утылізацыі.
Гісторыя трэцяга студыйнага альбома Сержа Танкяна пачалася сінхронна з мінулым годам, калі дзеці, запускаючы феерверкі, выпадкова падпалілі дом яго суседзяў. Пачалося, падумаў Танкян — і праз некаторы час стала вядома, што па ўсім свеце птушкі масава падаюць на зямлю, а рыбы выкідаюцца на бераг. Тым часам фронтмэн “Сістем оф э даўн” засяродзіўся на сваім iPad і з яго дапамогай ўжо складаў першыя кампазіцыі для альбома “Harakiri”.
З гэтай нагоды, Танкяна, як барацьбіта за сацыяльную, экалагічную і іншыя справядлівасці, неаднойчы пыталі, ці не нагадвае ён сам сабе Бона, калі піша песні для эсхаталагічнага альбома пра катастрофу свету спажывання з дапамогай абразка сучаснага канс’юмерызму і параджэння адной з самых маштабных карпарацый – планшэта iPad. Як высветлілася, музыка кампенсаваў гэты факт тым, што ствараў з дапамогай айпэда прадукт з другаснай сыравіны: ён наразаў “лупы” са свайго папярэдняга альбома і з іх складаў новыя песні, называючы гэта музычнай утылізацыяй. Такім чынам былі напісаныя, напрыклад, "Reality TV," "Ching Chime" і "Deafening Silence".
Атмасфера пласцінкі можа падавацца занадта змрочнай і фатальнай. Натхнёная катастрофамі і смерцю пад тытулам рытуальнага японскага суіцыду, яна нібыта патыхае нейкім брутальным эскапізмам — не атрымалася ў гэтым свеце, значыць, ідзем у лепшы. Аднак, пад вокладкай усё аказваецца значна больш бадзёра. Пералівіста распяваючы пра тое, “як сексуальныя скандалы вызначаюць звілістую дарогу палітыкі”, “камерцыйны Orwellianism”, і пра тое, як “We fuck the earth and don't know why it cries”, Серж Танкян энергічна заклікае зусім не да самазабойстваў, натуральна, а да таго, каб уключаць мазгі і “зрушваць маўчанне ў працэсе фіналнай рэвалюцыі”. Карацей, “Let go of your resistance!”, і ўсё будзе оk.
Увогуле, беларускае вуха адразу ловіць падабенства рыторыкі Танкяна і з апошнімі альбомамі айчыннага гурта “Ляпис Трубецкой”. Танкян таксама прапануе “не быць скотам” і схіляецца ў бок панка і міфалагічных перасанажаў , але робіць гэта больш вытанчана. У той час, калі беларускія “Ляпісы” мінімалізавалі музычны складнік у сваім апошнім альбоме на карысць ідэалагічнага, армянаамерыканец Танкян камбінуе стылі і ўскладняе структуры. Ад сімфанічнасці папярэдніх сольных прац музыка накіраваўся ў бок знаёмага альт-металу, з ухіалам у панк, хард-рокавымі гітарамі і не без прэфікса – progressive.
Безумоўна, галоўным інструментам аранжыровак “Harakiri” з’яўляецца каларытны вакал Танкяна. У альбоме яго многа (ну а як жа, гэта сольны альбом). У некаторых трэках вакал нават замяняе партыі сола-гітары “Figure It Out”. А што тычыцца астатняга, то тут — крайнасці і кантрасты. У трэку “Ching Chime” — усходнія матывы і хіп-хоп-рэчытатыў, у “Occupied Tears” – поп-прыпеў і лёгкая клавішная ўстаўка ў хэві-металічным аздабленні, “Deafening Silence” — рэтра-электроніка з 80-х і жаночы бэк-вакал. А фінальная песня альбома “Weave On”, дарэчы, увогуле арыя з мюзікла “Прыкуты Праметэй”, над якім Танкян працуе з 2008 года.
Вядома, можа падавацца, што запісаўшы “Harakiri”, Серж Танкян звужае кола эксперыментаў і падсвядома рыхтуецца да запісу наступнага альбома System Of A Down, аднак не ўсё так проста. У гэтым годзе музыка анансаваў яшчэ 3 праекты: альбом у форме класічнай сімфоніі, каляджазавую пласцінку пад назвай “Jazz-Iz-Christ” і канцэптуальны гангстарскі альбом-апавяданне. Так што, сачыце на навінамі шоўбіза і слухайце Перадачу-аглядачу. Працяг будзе.
Трэк-ліст:
1. “Cornucopia”
2. “Figure It Out”
3. “Ching Chime”
4. “Butterfly”
5. “Harakiri”
6. “Occupied Tears”
7. “Deafening Silence”
8. “Forget Me Knot”
9. “Reality TV”
10. “Uneducated Democracy”
11. “Weave On”