Што набываюць беларусы ў Год кнігі?

"Распрадалі ўсяго Коласа, які вельмі доўга ляжаў пэўны перыяд. Цяпер у мяне застаўся адзін асобнік. Часцей за ўсё Коласа “Новую зямлю” пытаюцца, а сыходзяць з гэтым зборам твораў, бо там ёсць і паэмы, "На ростанях", ёсць і "Новая зямля", — з такім пытаннем Еўрарадыё звяртаецца ў кнігарню на Карла Маркса.


Гаворка пра кнігу Коласа, якая каштуе 20 тысяч — яна выйшла да дэвальвацыі. Апошнюю забраў журналіст Еўрарадыё.

Колькі ж агулам кніг выйшла ў Год кнігі?


"7 790 асобнікаў, агульны наклад 25,3 мільёны", — столькі выйшла за 9 месяцаў, кажуць у Нацыянальнай кніжнай палаце. Але колькі сярод іх на беларускай мове?


Як даведваецца Еўрарадыё, не шмат, усяго 13,5%, або 3,4 мільёна, а рускіх 81,5%. Што праўда, у 2011 годзе беларускіх кніг было яшчэ меней, толькі 8,5% ад агульнага тыражу.


У выдавецтве "Мастацкая літаратура" у Год кнігі выйшла шмат кніг, прысвечаных творчасці беларускіх класікаў. Але за 9 месяцаў гэтага года у выдавецтве выйшла кніг на 7% меней, чым за гэты ж перыяд у мінулым годзе. Працэнт кніг на беларускай мове вырас, было каля 70, а стала 85%.


"За 9 месяцаў у нас выйшла 60 назваў, 177 тысяч асобнікаў наклад. За 9 месяцаў мінулага года выйшла 56 назваў, 182 тысячы агульным накладам".


Сярод іх кнігі па творчасці Купалы і Коласа, перавыданні "Сымона-музыкі", "Новай зямлі", збор твораў Коласа, кошт на новыя кнігі ад 40 да 60 тысяч. "Вянок" Максіма Багдановіча, зборнік вершаў Янкі Купалы. У кніжнай краме кажуць, што актыўна купляюць дзіцячую кнігу "Азбукоўнік і лічылка".


"Хто цікавіцца творчасцю Коласа ў вялікім аб'ёме, актыўна набываюць збор твораў. Я сама не чакала. Гэта вялікая колькасць тамоў і купляецца актыўна. Людзі набываюць па чарзе тамы. Я бачу, як гэта расходзіцца. А гэта сведчыць пра тое, што інтарэс да творчасці класіка не згублены", — у кнігарні здзіўленыя актыўнасцю пакупнікоў, але наша здзіўленне праходзіць, калі даведваемся, што гэта зборы твораў Коласа па 16 тысяч за том. Такі ж, але 2012 года выпуску, каштуе каля паўстоні, і цяпер гэта лічыцца не дорага.


Еўрарадыё падлічвае, што ў 1991 годзе беларус на сярэдні заробак мог набыць 540 кніг. “Сымон-Музыка” ў 1991-м каштаваў адзін рубель, а цяпер 42 тысячы. У 1993 беларус мог набыць 306 кніг, савецкі чалавек у 1985 годзе на свой заробак мог набыць да 100 кніг. Цяпер беларус з сярэднім заробкам можа набыць каля 90 "Сымонаў-Музыкаў". Але...


"Яны былі недаступныя, бо іх не было. Для таго каб набыць добрую кнігу, быў час, калі на краме вывешвалася аб'ява: "Паступленне 5 асобнікаў, кніга будзе прадавацца а 11 гадзіне". Людзі стаялі з 8 раніцы па гэту кніжку. А сёння ў нас любы аўтар ёсць. Калі не ў нас, то на кірмашы", — распавядаюць у кнігарні.

"Сымон-Музыка" ў 1991 годзе каштаваў 1 рубель

 

А сёлетні "Сымон-Музыка" каштуе 41 850, да дэвальвацыі было менш за 20 тысяч

Збор твораў Якуба Коласа 2008 года каштуе 15 900

 

Асобна "Новая Зямля", але выдадзеная ў Год кнігі, — ужо 63 550

 

Маленькія кніжачкі — сувенірныя выданні ручной працы можна набыць па 62 400

 

Адна з самых папулярных беларускіх кніг

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі