Судовую справу святара Мікалая Гайдука прыпынілі

Айца Мікалая Гайдука вінавацілі ў непадпарадкаванні службовым асобам за тое, што адмовіўся здаваць адбіткі пальцаў. Суддзя Ксенія Стасюкевіч у сваім рашэнні спаслалася на тое, што ў пратаколе міліцыянтаў не быў зафіксаваны час здзяйснення правапарушэння. Таксама яна адзначыла, што пратакол, які міліцыянты даслалі на хатні адрас Мікалая Гайдука для азнаямлення, быў высланы звычайным лістом, і таму не было пацвярджэння, што святар з ім азнаёміўся, перадае Радыё Свабода.

Мікалай Гайдук быў ад пачатку не згодны з пратаколам, які склаў на яго ўчастковы інспектар. Ён сцвярджаў, што пратакол быў складзены завочна, без яго прысутнасці і з відавочнымі парушэннямі заканадаўства. У прыватнасці, у пратаколе ўчастковы запісаў, што святар адмовіўся падпісваць яго, хоць пратакол складаўся без удзелу айца Мікалая.

Паводле святара, ён нават ніводнага разу не сустракаўся з участковым інспектарам. Той тэлефанаваў і запрашаў на дактыласкапію, але Мікалай Гайдук адказваў яму, што мусіць параіцца са сваім кіраўніцтвам. Міліцыянт склаў пратакол завочна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі