Тамада: Колькасць маладых, якія хочуць вяселле па-беларуску, вырасла ўдвая

111104 Kustouski viaselli.mp3

Еўрарадыё заўважыла, што апошнім часам павялічылася колькасць ахвочых правесці вяселле на беларускай мове.

“Зыходзячы з майго досведу, колькасць маладых, якія хочуць вяселле па-беларуску, павялічылася ў 2 разы”, — распавядае беларускамоўны тамада Алег Мінулін, які праводзіць вяселлі з 2005 года.

Праўда, пакуль колькасць беларускамоўных вяселляў ўсё роўна застаецца мізэрнай. Напрыклад, за гэты сезон да Алега звярнулася дзесяць пар.

Паводле словаў тамады, беларускамоўныя вяселлі заўсёды адрозніваюцца сваёй інтэлігентнасцю і пазбаўленыя розных эксцэсаў, уласцівых "пралетарскім" вяселлям. Таму да яго звяртаюцца пераважна тыя, хто прагне святаў еўрапейскага фармату.

Алег Мінулін: “Калі раней беларуская мова выклікала акцэнт на сялянска-традыцыйны стыль, то цяпер беларуская мова на вяселлі — прыкмета элітарнасці”.

У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах за 126 тысяч рублёў можна замовіць правядзенне вясельнага абраду ў традыцыйным беларускім стылі. Нягледзячы на сімвалічны кошт, колькасць ахвочых скарыстацца гэтай паслугай асабліва не павялічваецца. Летась такіх пар было каля 60, прыкладна столькі ж звярнулася і сёлета.

Што цікава, часта вяселле па-беларуску замаўляюць змешаныя пары.

“Гэта не толькі беларускія пары, але і змешаныя. Гэта даволі цікава. Нашым грамадзянам хочацца паказаць нейкія цікавыя моманты нашых вясельных традыцый”, — распавядаюць у музеі.

Сярод кліентаў прадпрыемства “Славутасць”, якое займаецца правядзеннем вяселляў у беларускім стылі, у месяц знаходзіцца адна ці дзве “беларускамоўныя пары”.

“І раней было беларускамоўных вяселляў даволі шмат, і цяпер ёсць нямала. Але не так, як хацелася б. Аднак тэндэнцыя добрая, дакладна не спадальная. Чым больш мова страчваецца ў асяроддзі, тым больш яна не страчваецца ў вяселлях”, — распавядае Еўрарадыё дырэктар прадпрыемства Алена Спірыдонава.

А вось у ЗАГСе Савецкага раёна Мінска беларускамоўнае вяселле замаўляюць разоў 10 за год. І адсылаюць Еўрарадыё паразмаўляць з супрацоўнікамі ЗАГСа Першамайскага раёна, які ў год рэгіструе 40-60 вяселляў на беларускай мове.

Начальнік ЗАГСа Першамайскага раёна Юлія Захаровіч ніякіх тэндэнцый па павелічэнні ці скарачэнні беларускамоўных вяселляў не заўважыла. Адзінае, што кідаецца ў вочы, — вялікая колькасць маладых, якія жэняцца па-беларуску, жывуць ва… Уруччы.

Юлія Захаровіч: “У нас больш за кошт тых грамадзян, якія жывуць ва Уруччы. Там нейкая катэгорыя людзей, якія жадаюць пачуць віншаванні ў свой бок па-беларуску”.

Увогуле ж, на думку Юліі Захаровіч, беларускамоўныя пары больш уважлівыя: прыслухоўваюцца да кожнага слова і нават выпраўляюць вядучых.

Фота: tamada-book.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі