Tito&Tarantula сыгралі ў Мінску не горш за "Краму"
І "паджэмілі" з прыхільнікамі.
Як меркавалі музыкі, якіх досыць назбіралася ў панядзелкавы вечар у мінскім клубе Dozari, Tito&Tarantula пачнуць з новых твораў. А на салодкае пакінуць песні з кінафільмаў Радрыгеса і Таранціна, якія іх праславілі. Так яно і было. Ціта ў акружэнні жаночай рытм-секцыі ды гітарыстаў ударыў па року з добрым прымешкам блюзу і нават нагадаў “Краму”. Падабенства заўважыў і лідар IQ48 Яўген Бузоўскі.
Яўген Бузоўскі: “Скажу так, што я чакаў крыху меншага. А тут усё так драйвова, так файна, такі ўгар, такі чад! І нечым нагадвае “Краму”: абодва дзядзькі ва ўзросце, але тым не менш, яны такія сэксуальныя, пазітыўныя, такія мілашкі з гітарамі. Гэта кайфова. Гэта правільная музыка”.
Tito&Tarantula выглядалі стомленымі: гралі ў Мінску чацвёрты канцэрт запар. Дагэтуль праехаліся па Расіі і кіраваліся ў Вену. Аднак на ігры ды энергетыцы музыкаў стомленасць ніяк не адбілася. Наадварот, нагадвалі яны добрых прыяцеляў, якія заехалі ў госці ды падбадзёрылі гаспадароў радаснымі “амерыканскімі” навінамі.
Уладзімір Казлоў
“Сапраўды жывая, якасная музыка, — дзеліцца ўражаннямі фронтмэн “Рэлікту” Уладзімір Казлоў. — Толькі тут адчуваеш сапраўднае амерыканскае пачуццё, дотык. Гэта музыка, якая стаіць ля вытокаў. Вельмі прыемна, што яны пераляцелі акіян і апынуліся ў нас”.
Ціта гаварыў. Распавядаў пра свае ролі ў кіно і пра песні, якія былі напісаныя 20 ды 30 гадоў таму, раіў паміж гарэлкай і гераінам аддаваць перавагу гарэлцы. Заставаўся сам насам з гітарай і спяваў па-іспанску. Жартаваў, танцаваў, рваў струны ды мяняў гітары. На шчыльны кантакт гурта з публікай звярнуў увагу і лідар “Blackmail” Максім Кульша.
Максім Кульша: “Гэта класічны гурт, які павінен выступаць у клубах, а не ў вялікіх залах. Відавочна, што ўсе ўдзельнікі маюць вялікі досвед кантакту з публікай менавіта ў клубе, і гэтаму можна павучыцца. Прынамсі, мяне гэта ўразіла”.
"Дзядзя Ваня"
Ну а потым загучала “Strange face of love” і песні з таго самага “Таранцінізма”. І публіка, якая не зусім давярала дагэтуль Tito&Tarantula, нарэшце адчула сябе ў сваёй талерцы.
“Ну, “няшкі” — пачалі граць і стала добра, і я ўжо не шкадую, што прыйшоў, — кажа кіраўнік студыі “Осмас” Павел Юрцэвіч. — Што яны гралі да гэтага? Добры, класны рок-н-рол. Блін, ну чамусьці “не ўтыкае”. А гэтыя песні, чаму яны падабаюцца — не ведаю. Нешта ў іх вельмі добрае ёсць. А ўвогуле, канцэрт класны. Мне спадабалася”.
Бісам ад Tito&Tarantula сталі галоўныя хіты гурта — “Cucarachas enojadas…” пра прусакоў-аматараў марыхуаны і геніяльная “After Dаrk”. Падчас яе Ціта выцягнуў на сцэну чвэрць залы, абдымаўся і фатаграфаваўся з публікай, дазволіў хлопцу з натоўпу пайграць на сваёй гітары і праспяваў дуэтам з фанатам.
“Будзеце смяяцца, але я разлічваў на дуэт з Tito, — распавядае ўсхваляваны Кірыл. — Я вельмі хацеў і верыў, што гэта атрымаецца. Я іх слухаю з 2003 года. Гэта адзін з маіх любімых гуртоў — шырока вядомы ў вузкіх колах, як я кажу. Вельмі душэўныя хлопцы, і я быў упэўнены, што канцэрт будзе вельмі класным. Сустрэча з такімі людзьмі застаецца ўспамінам на ўсё жыццё”.
Насамрэч, ад Tito&Tarantula хацелася крыху большага. Нечага неверагоднага. Стрыптызу з пераўвасабленнем і сапраўднага Таранціна. Але быў проста добры клубны канцэрт. І аматары блюз-року з лацінскім шармам, якія яго наведалі, засталіся задаволенымі.