Саша Варламаў: на першых допытах я быў у шокавым стане
У Ленінскі суд сталіцы сёння людзей прыйшло зусім мала.
Да 14-й гадзіны быў абвешчаны перапынак.
12.01. Працягваецца допыт Варламава. Пракурор спрабуе высветліць, ці былі грошы, якія Варламаў даваў супрацоўнікам, пазыкай ці "заробкам у канверце". Саша Варламаў звярнуўся да адваката, сказаў, што не разумее, што такое "пазыка". Заробку ў канвертах таксама не выдаваў, лічыў гэта дапамогай. Таксама Варламаў адзначыў, што ноч не спаў з-за праблем са здароўем.
Варламаў — у акулярах. Калі ён стаіць, то абапіраецца на мыліцу, а таксама аб сцяну і клетку.
10.50. Пракурор зачытвае паказанні Варламава, якія той даваў падчас следзтва. Там шмат нестыковак з тым, што кажа Варламаў цяпер. Ён тлумачыць гэта тым, што тады быў у шоку і не мог многага згадаць. Напрыклад, што плаціў за візы ўдзельнікаў. А потым, калі пабачыў дакументы, згадаў пра гэта.
Варламаў: "Я быў у шоку, калі мяне затрымалі і часта адказваў на допытах, што не памятаю. Я казаў, што не плаціў за візы, а потым згадаў, што я плаціў".
10.15. Дапытваюць Варламава. Ён распавядае пра страхоўкі, што ён за свае грошы плаціў за іх. Пракурор кажа, што ў справе ёсць дакументы БДУ, па якіх аплачаны страхоўкі безнаяўнымі. І, маўляў, БДУ несла страты два разы.
Людзей сёння ў зале мала. Акрамя дваіх журналістаў прысутнічаюць яшчэ 4 чалавекі.
***
Папярэдняе паседжанне прайшло 7 лютага. На ім дапытвалі Варламава і сведкаў.
Нагадаем, вядомага мадэльера вінавацяць у махлярстве ў асабліва буйным
памеры, прыўлашчванні маёмасці, ухіленні ад уплаты падаткаў, злоўжыванні
службовымі паўнамоцтвамі, крадзяжы ў буйным памеры.
Саша
Варламаў знаходзіцца за кратамі з 20 траўня 2011 года. Ён займаў пасаду
дырэктара прадпрыемства "Агенцтва моды Сашы Варламава", кіраўніка Цэнтра
моладзевай моды БДУ ды інш.