У кнізе англійскага палітолага Лукашэнка стаў невыпадковым прэзідэнтам
Хаця дагэтуль беларускія аўтары пісалі пра яго, як пра “выпадковага прэзідэнта”
У кастрычніку ў Лондане выйшла кніга “Беларусь – апошняя еўрапейская дыктатура”. Аўтар кнігі, гісторык і палітолаг Эндру Вільсан, разглядзеў палітычную гісторыю краіны.
“Я не трымаўся нацыянальнай парадыгмы. Я спрабаваў паказаць, што праблемай Беларусі з’яўляецца не тое, што ў яе няма гісторыі. Проста ў розныя перыяды яна спынялася і пачыналася спачатку. І ў розныя гістарычныя перыяды Беларусь была часткай іншых нацыянальных утварэнняў”, - распавядае ў размове з Еўрарадыё Эндру Вільсан.
Значная частка кнігі прысвечана Аляксандру Лукашэнка. Час якога, як лічыць палітолаг, ужо выйшаў. Асабліва бачна гэта было падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў, калі над рэжымам навісла рэальная пагроза.
Эндру Вільсан задаецца пытаннем, як Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады, і як яе дагэтуль утрымлівае.
Эндру Вільсан: “Адзін з фактараў, чаму Лукашэнка ўсталяваў свой рэжым – адсутнасць моцнай гістарычнай традыцыі ў вызначэнні палітычнай мадэлі грамадзянства. Лукашэнка пераняў традыцыю моцнай улады ўзору савецкіх часоў. Ён не такі, як пра яго напісана ў кнізе“выпадковы прэзідэнт”, ён невыпадковы”.
Сам Вільсан некалькі разоў быў у Беларусі. Апошні раз – у мінулым годзе ў Мінску. Кажа, што беларуская сталіца падобная да Вільні.
Эндру Вільсан: “У архітэктуры еўрапейцаў здзівіць больш стары стыль на прыкладах захаваных каталіцкіх касцёлаў і праваслаўных цэркваў. З іншага боку, пасля столькіх разбурэнняў і перабудоў Мінск спланаваны як тыповы савецкі горад. Таму ён уяўляе сабой камбінацыю старога і савецкага стыляў у архітэктуры”.
Па словах гісторыка, на Захадзе былі вельмі здзіўленыя тым, што адбылося ў Мінску пасля выбараў у 2010 годзе. Дарэчы, гэтыя падзеі Эндру Вільсан узгадаў у кнізе. А вось тэракт у мінскім метро адбыўся ўжо пасля напісання. Палітолаг дзеліцца сваімі думкамі наконт смяротнага пакарання.
"Сам працэс амаль цалкам пабудаваны на прызнаннях абвінавачаных. І адзін з абвінавачаных маўчыць на працягу ўсяго суда. Аднаго прызнання недастаткова, каб вынесці такі вердыкт. Уся гэта сітуацыя вельмі сумная. І я вельмі спадзяюся, што людзі будуць пратэставаць усімі магчымымі спосабамі”.
Цікава, што Павел Шарамет, які з’яўляецца адным з аўтараў вышэйзгаданай кнігі “Выпадковы прэзідэнт”, нічога пра Эндру Вільсана не чуў. Як і пра яго кнігу.
Павел Шарамет: “Выпадковы прэзідэнт” – гэта першы твор пра Лукашэнка. Да гэтага нейкі прапагандыст напісаў пра яго нейкую хвалебную оду. Але напісаць аб’ектыўна ніхто не спрабаваў. Пасля ўжо напісалі Фядута, Карбалевіч. Але нам прыемна, што “Выпадковы прэзідэнт” як і “Дзікае паляванне” – сталі хадзячай назвай”.
Польская версія кнігі мусіць з’явіцца ў наступным годзе. Ці будзе рускі пераклад, пакуль невядома.
На amazon кніжка каштуе 28 долараў.