У крызіс беларусы сталі больш нараджаць?
За верасень беларусы дагналі мінулы год па нараджальнасці і нават абагналі яго.
Еўрарадыё заўважыла рост нараджальнасці ў Беларусі. Прычым у апошнія два месяцы! Самым "ударным" аказаўся верасень. За 8 месяцаў года нарадзілі на 469 дзяцей менш, чым за такі ж перыяд 2010 года. Але ўжо праз месяц Белстат адрапартаваў: нарадзілася на 115 дзяцей больш.
“За 9 месяцаў ёсць рост родаў. За 9 месяцаў на 122 родаў больш, чым за той жа перыяд мінулага года”, — распавядае Еўрарадыё намеснік галоўнага ўрача па акушэрска-гінекалагічнай дапамозе мінскай Радзільні №5 Марына Шкроб.
А ў Баранавіцкім радзільным доме “прырост” за 9 месяцаў склаў 29 дзяцей. Але галоўны ўрач Алена Шастак кажа, што гэта не “бэбі-бум”.
Алена Шастак: “У верасні было на 40 родаў больш, чым летась, а ў жніўні — на 42 родаў больш. Пакуль “бэбі-бума” не назіраецца. Крыху ёсць тэндэнцыя, але не ведаем, што будзе ў канцы года”.
У тое, што беларусы паспяхова правялі навагоднія святы, Алена Шастак не верыць.
Алена Шастак: “Глупства! Калі Новы год, то дзеці мусяць нарадзіцца праз 9 месяцаў — у кастрычніку. Аднак у верасні ў нас нарадзілася менш, чым у жніўні”.
Каардынатар праграм ААН у галіне народанасельніцтва Таццяна Гаплічнік кажа, што жнівень ці верасень агульную карціну не выратуюць.
Таццяна Гаплічнік: “Адштурхоўвацца трэба ад таго, што становіцца менш жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. Таму колькасць нараджэнняў будзе падаць”.
Паводле яе словаў, нават калі пачнуць працаваць нейкія механізмы дзяржаўнай палітыкі, то гэта толькі ўтрымае нараджальнасць на цяперашнім узроўні.
Цікава, што праграма дэмаграфічнай бяспекі, якая працавала да 2010 года, аказалася… паспяховай.
“Удалося павялічыць нараджальнасць з 82 тысяч дзяцей да 102 тысяч ці нават 106 тысяч. Павысіўся сумарны каэфіцыент нараджальнасці — колькі ў сярэднім нараджае жанчына ў сваім жыцці. Ён павысіўся з 1,2 да 1,5”, — распавядае галоўны навуковы супрацоўнік інстытута эканомікі НАН РБ, доктар сацыялагічных навук, прафесар Людміла Шахоцька.
Тым не менш рост насельніцтва магчымы толькі пры сумарным каэфіцыенце нараджальнасці, большым за 2. Пакуль жа насельніцтва ўзнаўляецца толькі на 75 адсоткаў.
Прагназаваць, як адаб’ецца крызіс на нараджальнасці, Людміла Шахоцька не рызыкуе. Адзначае толькі, што колькасць абортаў у гэтым годзе не павялічылася.
Намеснік старшыні дзіцячага фонду ААН у Беларусі Ірына Чуткова адзначае, што сацыяльная падтрымка з боку дзяржавы можа нівеліраваць наступствы крызісу.
Ірына Чуткова: “Мы бачым, што вага сем’яў, якія знаходзяцца за рысай беднасці, крыху вырасла. Але кардынальных змена пакуль не адбылося, бо ў кожнай сям’і ёсць нейкія рэзервы, таму рэакцыя на крызіс запозненая”.
Дарэчы, Сусветны банк правёў аналіз адпаведнасці мер сацыяльнай падтрымкі насельніцтва тым крызісным з’явам, якія назіраюцца ў Беларусі. Неўзабаве з’явяцца вынікі.
Фота: help4help.ru