Уладзіміра Някляева выклікалі на сёння ў міліцыю
Сам жа экс-кандыдат у прэзідэнты знаходзіцца ў Варшаве на саміце Усходняга партнёрства.
Позву Някляеву прынеслі дадому 28 верасня ў 20.40. Палітыка не было дома, і дакумент атрымала яго жонка Вольга. У позве гаворыцца, што Някляеў павінен з'явіцца ў Ленінскі РУУС сталіцы сёння ў 12 гадзін.
Прыкладна за гадзіну да таго ўчастковы міліцыянт зайшоў і ў кватэру Аляксандра Фядуты, намесніка Някляева па кампаніі "Гавары праўду!". На думку Фядуты, гэтыя візіты звязаныя з тым, што Някляеў адправіўся ў Варшаву на саміт Усходняга партнёрства, інфармуе сайт кампаніі.
Нагадаем, што 9 верасня суд узмацніў экс-кандыдату ўмовы адбыцця пакарання. У прыватнасці, Някляеву забаранілі пакідаць межы сталіцы, ён абавязаны знаходзіцца ва ўласнай кватэры з 20 да 6 гадзін штодня.