Велер: Калі я вучыўся ў Беларусі, кніг на рускай мове было не дастаць

Прайшоў першы дзень выставы, якая будзе доўжыцца яшчэ 5 дзён. Адной з галоўных падзеяў першага дня кірмашу была сустрэча папулярнага расійскага пісьменніка Міхаіла Велера са сваімі прыхільнікамі і журналістамі.



Пачаў гэту сустрэчу пісьменнік з жарту, ён узгадаў, як у савецкія часы паэты выступалі перад вязнямі турмаў:

“Забаваў у зэкаў не шмат і яны ім радыя. І калі ўсіх сагналі ў клуб і  прымусілі сядзець ціха, то былі авацыі з кожнай нагоды, бо што цікавага – вяртацца ў казарму. Паэт Вікулаў тады сказаў: "Ніколі не думаў, што ўсе маі прыхільнікі сядзяць у турме". Дык вось вялікі дзякуй, што прыйшлі — ніколі не думаў, што ўсе маі прыхільнікі сядзяць у Мінску”

Пісьменнік расказаў пра часы, калі вучыўся ў школе ў Магілёве і хацеў апублікаваць свае першыя вершы.

Велер: “Калі я вучыўся ў Беларусі, кнігі на беларускай мове ляжалі ў крамах даволі свабодна… Кніг на рускай мове было не дастаць, кнігі на беларускай мове попытам не карысталіся. І калі я ўпершыню пацягнуў вершы ў газету “Знамя юности” ў Мінску, то мне сказалі — вось калі б ты пісаў па-беларуску! У нас не хапае хлопцаў, якія б пісалі па беларуску, а па-руску у нас залежы на 10 год наперад”.



Любімых беларускіх пісьменнікаў Міхаіл Веллер не ўзгадаў і назваў гэта горам асабістай біяграфіі.

Велер: “Гэта гора маёй асабістай біяграфіі — я асабіста, як чамусьці і ўсё маё наваколле незалежна ад нацыянальнасці, да беларускай літаратуры заўсёды ставіўся спакойна”.

Расказаў Міхаіл Велер і пра тое, як за няведанне беларускай мовы яму паставілі адзінку і выгналі з класу:

“Мяне вызвалі да дошкі прачытаць верш. Я яго вывучыў, бо быў добрасумленны вучань. Але я ніяк не мог зразумець, чаму ў вершах у мяне не атрымліваецца рытм. І калі я стаў чытаць замест "дачкА" — "дАчка" і ўсё ў такім жа духу, клас перайшоў у захапленне, што да іх перавялі крутога сцебака, які ў вочы настаўніцы над ёй прыкалваецца. Мне паставілі адзінку і выгналі з класа”.

У французскай секцыі выставы таксама адбыліся літаратурныя сустрэчы. Беларусы мелі магчымасць пагутарыць з пісьменніцай Анн-Мары Поль і мастаком Пьерам Карнюэлем.
Каардынатар культурных мерапрыемстваў і праектаў французскай амбасады Інна Мацыенка кажа, што яны вельмі ўдзячныя магчымасці папулярызаваць французскую літаратуру ў Беларусі:

“Мы ўпершыню будзем прадаваць кнігі на французскай мове, існуе вялізная праблема набыць кнігі на французскай мове ў Мінску і Беларусі. Няма французскай кнігарні, нейкіх пунктаў продажу, якія б змаглі задаволіць нашы запатрабаванні ў французскіх кнігах. Асаблівасць гэтай выставы, што мы будзем прадаваць сучасных аўтараў, якія цяпер на хвалі ў Францыі”.



Да дзвюх гадзінаў людзі ў выставачны цэнтр маглі прайсці толькі па запрашальніках. Але асаблівыя фанаты кніжак здолелі прарвацца і ў першы дзень, расказала Еўрарадыё піяр-менеджер выдавецтва “Харвест” Алена Жукава:
 
“Сёння ўсё ж такі да 2-х гадзінаў віп-дзень, таму калі выпадкова хтосьці трапляецца, то гэта фанаты кніжак — гэта і падлеткі, і людзі больш дарослага веку, і бабулі, якія прыходзяць выбіраць кніжкі для сваіх дзяцей.

Таксама я бачу, што сёння тут вельмі шмат пісьменнікаў, беларускіх і не толькі, журналістаў, якім цікава завесці нейкія кантакты”.


Як будзе сёлета развівацца кніжная індустрыя ў Беларусі, залежыць ад вынікаў першага дня выставы, адзначыла Алена Жукава:

“Сёння адбываецца ўсё самае важнае ў кніжнай індустрыі — нейкія дамовы, сустрэчы. Таму можна сказаць, што сённяшні дзень будзе лёсавызначальны, магчыма, дзень для будучыні кніжнай індустрыі, прынамсі, на гэты год”.









Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі