Выкладчык vs. рэпетытар: Чаму ў школах не вучаць па школьнай праграме?
На прыкладзе ЦТ па фізіцы эксперты Еўрарадыё аналізуюць ўзровень студэнтаў, неадпаведнасць ўступных іспытаў школьнай адукацыі, “мову РІКВа” і складанне тэстаў.
10 дзён таму ўчорашнія абітурыенты занялі свае месцы ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях. Наколькі яны вартыя вышэйшай адукацыі? Колькі з іх пасля першай жа сесіі сыйдзе з ВНУ? Пра ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў, адпаведнасць цэнтралізаванага тэставання патрабаванням вышэйшай школы і фізічны слэнг у праграме “Форум Беларусь” спрачаюцца выкладчык БДУ Валянцін Асташынскі і рэпетытар Яўген Лівянт.
Еўрарадыё: Чаму вакол сёлетняга цэнтральнага тэставання па фізіцы зламана столькі дзідаў? Ці сапраўды яно настолькі няўдалае? Магчыма, рэпетытары супраць некаторых задач проста таму, што да іх немагчыма падрыхтаваць?
Яўген Лівянт: Ну вось, зноў пачынаецца негатыў да рэпетытараў! Я вам патлумачу: калі я працаваў настаўнікам, я рыхтаваў да тэставанняў дакладна так жа, як і цяпер, калі перайшоў у рэпетытары.
Валянцін Асташынскі: А далей ужо такое пытанне: як мы рыхтуем вучняў, як мы праходзім з імі школьную праграму? Чаму настаўнікі ігнаруюць яе перыферыйныя раздзелы, чаму іх амаль ніхто не вывучае? Напрыклад, раней у ЦТ на магнітную плынь амаль заўжды былі настолькі простыя задачы, што нават косінус не трэба было вылічаць! Вось да такіх задач і рыхтуюць, на школьную праграму не глядзяць, нацягваюць на тэсты… Але ж за гэтымі з’явамі ― фізіка! Абітурыент мусіць умець зрабіць фізічны аналіз, пабудаваць фізічную мадэль, часам, запісаць гэтую мадэль матэматычна і рашыць без памылак!
У кожным выпадку тэст быў бы напісаны дрэнна. "Узровень падрыхтоўкі па фізіцы жудасны"
Яўген Лівянт: Нават калі б сёлетняе ЦТ па фізіцы было складзенае ідэальна, гэта ніяк не паўплывала б на яго вынікі. Адназначна, тэст быў бы напісаны дрэнна. Узровень падрыхтоўкі па фізіцы жудасны. Калі абітурыенты прыходзяць да мяне падцягваць матэматыку, я найперш гляджу, што яны ўмеюць, каб адштурхоўвацца ад іх ведаў. А калі прыходзяць на першыя заняткі па фізіцы, я пытаюся, дзе яны вучацца. І калі гэта не ліцэй БДУ, не ліцэй БНТУ, не гімназіі №5 і №29, не школа №41, я па фізіцы не пытаюся ў іх увогуле нічога, а проста пачынаю з нуля. Я ведаю, што яны не ведаюць нічога. Гэта не іх бяда, гэта агульны ўзровень выкладання. Але гэта не нагода, каб дрэнна складаць тэсты, а я настойваю, што сёлета тэст складзены дрэнна, як ніколі.
Яўген Лівянт
Валянцін Асташынскі: Я не згодны, што сёлета гэта ўпершыню. Першае, што мне заўжды не падабалася ў ЦТ па фізіцы, гэта “каравасць” мовы. Мова казённая, нечалавечая. Я разумею, што гэта пайшло ў тым ліку і ад метадыстаў, якія пачыналі гэтае тэставанне. Нават мы сабе прыдумалі такое азначэнне ― “мова РІКВа” (РІКВ ― Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. ― Еўрарадыё). Тэст напісаны так жа дрэнна, як абвесткі ў метро. Але сёлетні тэст не горшы і не лепшы за леташні! І калі б вы кожны год выходзілі з гэтым месаджам ― “тэст складзены дрэнна”… А цяпер давайце падумаем, да чаго прывядзе сёлетні розгалас, які ўзняўся вакол тэставання па фізіцы.
Еўрарадыё: У РІКВ спужаюцца і заменяць аўтараў.
Валянцін Асташынскі: Аўтараў і так заменяць. Я думаю, галоўная бяда РІКВ у тым, што больш за два гады там амаль ніхто не працуе. Толькі чалавек разабраўся, як складаць тэсты, толькі набіў руку ― а яго ўжо замяняюць іншым. Новыя аўтары прыйдуць, а ім адразу скажуць: трэба сярэдні бал па фізіцы павышаць з 18, якія ёсць сёння, да 30. Пойдзе гэта на карысць тэставанню?
Пры ўсіх недахопах тэстаў у іх ёсць вялікі плюс, які ўсё перакрывае: яны праводзяцца сумленна
Яўген Лівянт: Я, у прынцыпе, разумею, што не бывае ідэальных тэстаў. Але ў іх, пры ўсіх недахопах, ёсць і вялікі плюс, які ўсё перакрывае: яны праводзяцца сумленна. Я, дарэчы, звязваю гэта з сённяшнім дырэктарам РІКВ Мікалаем Фяськовым. Калі ён прыйшоў, тэсты сталі праводзіцца сумленна.
Валянцін Асташынскі: Я з гэтым пагаджуся.
Валянцін Асташынскі
Яўген Лівянт: А раней сітуацыя была такая: увесну палова вучняў ад мяне сыходзіла. Мне тэлефанавалі бацькі і казалі: “Яўген Барысавіч, вялікі вам дзякуй, вы добра папрацавалі, але ж вы ўсё разумееце…” І я ўсё разумеў: яны сыходзілі да тых, у каго быў доступ да інфармацыі пра ўступныя іспыты, а пасля і пра тэсты. Але ўсім добра зразумела, што калі ўцечка інфармацыі ёсць, дык вінаваты дырэктар. Таму, калі прыйшоў Мікалай Фяськоў, я адразу сказаў: ён гэтага рабіць не захоча і не будзе, больш уцечак не чакайце. Так і атрымліваецца, усе гэтыя гады тэсты праводзяцца карэктна. З тым, як у Расіі праводзіцца іх Адзіны дзяржаўны іспыт (АДІ ― Еўрарадыё), нават параўнаць нельга. Я з жахам думаю пра тое, што за эканамічнай інтэграцыяй, якая ўжо існуе паміж нашымі краінамі, можа адбыцца адукацыйная інтэграцыя.
Валянцін Асташынскі: Але АДІ ― гэта выпускны экзамен, яго праводзяць школы. Калі б у нас ЦТ праводзілі школы, у нас было б тое самае.
Яўген Лівянт: Калі іх АДІ аб’яднаюць з нашым ЦТ, гэта будзе аўтаматычна азначаць, што я застаюся без працы, а грошы будуць атрымліваць тыя, хто будзе мець інфармацыю.
Школьная праграма, праграма ўступных іспытаў і патрабаванні ўніверсітэцкіх выкладчыкаў… Не супадаюць!
Яўген Лівянт: Гаворка ідзе не пра тое, што тэсты сёлета былі занадта складаныя. Самыя складаныя тэсты былі з 2004 па 2008 год, вось там гэта было проста за мяжой дабра і зла… Прэтэнзіі мае заключаюцца ў тым, што задачы ўпершыню за некалькі гадоў выходзілі за межы праграмы для тых, хто паступае ў ВНУ. Ёсць такі юрыдычны дакумент. І вось, напрыклад, тэсты па матэматыцы сёлета з пункту гледжання гэтай праграмы былі складзеныя ідэальна, а ў тэстах па фізіцы было адразу тры задачы, якія выходзілі за яе межы. Патлумачу: у матэматыцы ёсць шмат тэмаў, якія вывучаюцца ў школе, але не ўваходзяць у праграму для паступаючых. Вытворная, трыганаметрычныя няроўнасці. У школьнай праграме яны ёсць, у праграме для паступаючых ― няма, і ў задачах ЦТ ― няма! Гэта закон, яго нельга парушаць.
Валянцін Асташынскі: Вы не ўлічваеце, што ў праграме ўступных іспытаў ― некалькі частак, якія паўтараюць і ўдакладняюць адна адну. У адной з трох частак дакладна можна знайсці ўсё, пра што напісана ў згаданых вамі задачах.
Яўген Лівянт: На маю думку, праграму для паступаючых можна трактаваць толькі так: усё, што не дазволена, усё забаронена. Іначай сэнсу ў ёй няма: можна напісаць там адно слова: фізіка ― і скласці якія заўгодна заданні ЦТ. Напрыклад, у праграме ёсць словазлучэнне “элементарныя часціцы”, і далей канкрэтызацыя. Калі гэтай канкрэтызацыі не прытрымлівацца, можна даваць задачу на базон Хігса, пра які я амаль нічога не ведаю. Я школьны настаўнік, а не навуковец, я толькі чытаў, што гэта цікава і крута. Але калі ўсё, што не дазволена праграмай для паступаючых, забаронена ― я магу назваць тры задачы, якія ёй не адпавядаюць.
Давайце задачу А16 паглядзім. На малюнку чалавечае вока, намаляваны прамень святла, і трэба вызначыць, які ў чалавека дэфект зроку. У школьнай праграме гэтая тэма ёсць, а ў праграме ўступных іспытаў пералічана некалькі тыпаў лінзаў, але пра вока ― ні слова!
Валянцін Асташынскі: Фізіка прынцыпова адрозніваецца ад матэматыкі. Фізіка вывучае аб’екты, а матэматыка ― нейкія абстрактныя аб’екты, замкнёныя на сабе. А калі мы кажам пра мадэлі, мы заўжды кажам пра іх дасканаласць. Я скажу так: калі б я выбіраў, якія задачы даць у ЦТ, гэтую я прыбраў бы. Але, калі я бачу яе ў тэставанні, я не лічу, што абітурыент ВНУ можа дазволіць сабе не ведаць таго, што там выкладзена.
Яўген Лівянт: Мы можам прыйсці толькі да адной высновы: сэнсу ў “Праграме ўступных іспытаў у ВНУ” няма!
Валянцін Асташынскі: Я таксама думаю, што сэнсу ў ёй няма.
Фізічны слэнг і некарэктныя фармулёўкі
Яўген Лівянт: Другая прэтэнзія ― задачы сёлетняга ЦТ напісаныя на фізічным слэнгу. Калі б мы з калегай абмяркоўвалі задачу, мы не шукалі б вельмі дакладныя і карэктныя фармулёўкі, бо нам і так было б зразумела, пра што яна. Але абітурыент не мусіць здагадвацца, што меў на ўвазе складальнік задачы! І трэцяя прэтэнзія ― некарэктныя фармулёўкі. Такога ў фізіцы проста няма.
Еўрарадыё: Давайце прыклад некарэктнай фармулёўкі.
Яўген Лівянт: Вось задача А15. Мы бачым тут матэматычны маятнік. І фраза: кропкі 1 і 3 у “становішчы максімальнага адхілення”. У фізіцы няма такога паняцця! Ёсць “максімальнае адхіленне ад становішча раўнавагі”, і кожны фізік здагадаецца, пра што гаворка.
Еўрарадыё: Гэта можа заблытаць абітурыента?
Валянцін Асташынскі: Павел, вы ж маеце гуманітарную адукацыю? Вось для вас ёсць розніца паміж “становішчам максімальнага адхілення” і “максімальным адхіленнем ад становішча раўнавагі”?
Еўрарадыё: Здаецца, не.
Валянцін Асташынскі: Вось і для абітурыентаў розніцы ніякай няма. Я пагаджуся з калегам ― фармулёўка, ужытая ў ЦТ, не такая строгая. Але на вырашальнасць задачы гэта не ўплывае!
Злачынствы і наступствы
Валянцін Асташынскі: Але
давайце па парадку. “Праграма ўступных іспытаў у ВНУ” ― гэта вяршыня
бюракратычнай творчасці нашых чыноўнікаў ад адукацыі. Я прафесійна не займаюся
рэпетытарствам і дачыненне да ЦТ маю, хіба што, праз тое, што выкладаю ў ліцэі
БДУ. Упершыню я гэтую праграму ўбачыў у 2008 годзе ― якраз тады, калі ў нас
адбылося самае вялікае злачынства ў сучаснай беларускай сістэме адукацыі. Я
кажу пра тое, што два пакаленні вучняў прымусілі давучыцца за адзін год.
Памятаеце
Яўген Лівянт: Тады ж было прынятае яшчэ адно рашэнне, якое я лічу злачынным: закрыццё профільных класаў. Пра гэта было абвешчана ў красавіку, і для рэпетытараў гэта было проста фантастыкай, попыт на нашы паслугі падскочыў, і з тых часоў толькі расце.
Валянцін Асташынскі: Праграму ўступных іспытаў тады кардынальна спрасцілі ― выкінулі прыкладна траціну тэмаў, часам вельмі неабходных і карысных. Але навучальную праграму ВНУ ніхто не змяняў! Давайце не забывацца, што ЦТ ― гэта не выпускныя, а ўступныя іспыты! І праграмы ВНУ накіраваныя на тое, што абітурыенты ведаюць усю школьную праграму. А мы ведаем, як звычайна ў школе выкладаюцца раздзелы, якіх няма ў праграме ўступных іспытаў. Настаўнік кажа: “Самі прачытайце з такой-та старонкі па такую-та…” І вось прыходзіць гэты ўчорашні абітурыент на першы курс, а там выкладчык патрабуе ад яго ведання ўсіх тэмаў. Бо ў яго няма гадзінаў на тое, каб паўтараць школьную праграму!
Яўген Лівянт: Таму, дарэчы, у мяне з’явіўся дадатковы заробак. Калі я рыхтую абітурыента да ЦТ, я не маю права праходзіць з ім вытворную. У нас прагматычная мэта: мы рыхтуемся да тэставання. Я не маю права сказаць: “А давай мы яшчэ пройдзем вытворную, ты без яе ў ВНУ не зможаш!” Але я кажу: “Калі табе цікава, ёсць яшчэ такая тэма ― вытворная, ёсць яшчэ вектары і інтэгралы, без якіх у ВНУ проста немагчыма. І, калі ты хочаш, каб з вышэйшай матэматыкай не было праблем, прыходзь да мяне ў жніўні”. І яны прыходзяць!
Тэст па фізіцы ― на беларускай мове!
Еўрарадыё: Ці ёсць магчымасць у абітурыента напісаць цэнтралізаванае тэставанне па фізіцы на беларускай мове?
Валянцін Асташынскі: Наколькі я ведаю, і цэнтралізаванае, і рэпетыцыйнае тэставанне можна здаваць па-беларуску. Пры рэгістрацыі трэба пазначыць мову, на якой ты хочаш здаваць тэставанне, і тады выдадуць адпаведныя бланкі. Нават я чуў такую лічбу, што з 40 тысяч абітурыентаў, якія здавалі фізіку, 2 тысячы здавалі па-беларуску.
Еўрарадыё: Ці даводзілася вам, Яўген, сутыкацца з беларускамоўнымі абітурыентамі?
Яўген Лівянт: Літаральна пара выпадкаў за ўсю маю практыку, калі хлопцы прыязджалі з вёскі. Я размаўляў па-руску, яны ― па-беларуску, гэта нам ніяк не перашкаджала. Але рыхтаваліся мы да тэставання на рускай мове. Іначай абмяркоўвалі б пытанні тэрміналогіі. Час ад часу прыходзяць мінскія абітурыенты з беларускамоўных класаў, але ўсе рыхтуюцца да рускамоўнага тэставання. Магчыма, таму, што дапаможнікі, па якіх можна рыхтавацца, напісаныя менавіта па-руску. А падручнікі ў нас абсалютна агідныя, і гэта не залежыць ад таго, якой мовай яны напісаныя. І нават калі іх цалкам перанясуць у гэтыя міфічныя планшэты, яны менш агіднымі не зробяцца.
Валянцін Асташынскі: Я дадам, што з ліцэістаў БДУ, якім я таксама выкладаю, было некалькі беларускамоўных фізікаў. Да мяне як да выкладчыка яны звярталіся па-беларуску, але бланкі тэставання бралі на рускай мове.
Яўген Лівянт: І ў мяне летась быў такі выпадак. У мяне камп’ютарная рэгістрацыя вучняў, і дзяўчына з ліцэя БНТУ зарэгістравалася як Ганна, і пазначыла, што хоча, каб да яе так і звярталіся. Яна прынцыпова размаўляла па-беларуску, для яе гэта было важна. І ніякіх праблем не было.
“З сістэмы адукацыі знікла такое паняцце, як дыскусія”
Яўген Лівянт: Я вельмі рад таму, што гэтая размова адбылася. Бо раней абмеркаванне нагадвала дыялог сляпога з глухім. Калі недзе з’яўляюся я, не прыходзіць ніхто з чыноўнікаў, а адказы ― часам, дарэчы, проста хамскія ― даюцца завочна. З сістэмы адукацыі знікла такое паняцце, як дыскусія ― ёсць толькі “ворагі”.
Валянцін Асташынскі: Ды калі шчыра, ніхто нікога не запрашаў! Мяне ніколі не запрашалі ні на радыё, ні на тэлебачанне. А калі б запрасілі ― я б прыйшоў! Мае калегі ― Анатоль Слабадзянюк, Леанід Марковіч ― іх таксама нікуды не запрашаюць! Цяпер на сайце РІКВ вісіць ліст ад Міхаіла Селянкова, якога ў адукацыйнай сферы выдатна ведаюць. Так, чыноўнікі спрачацца з вамі не прыйдуць. Але ёсць вялікая сфера настаўнікаў, якія займаюцца таленавітай моладдзю, турнірамі юных фізікаў, канферэнцыямі і Алімпіядамі, якія добра ведаюць праблемы адукацыі. А не ведаю, хто б не прыйшоў, калі б яго запрасілі.