The Wall Street Journal: Праграма МВФ магла б зменшыць кантроль Лукашэнкі

Заходнія палітыкі сумняваюцца, ці варта даваць Беларусі зялёнае святло на атрыманне чарговага крэдыту ад МВФ. Краіны Еўрасаюза і ЗША маюць моцныя пазіцыі ў Савеце дырэктараў фонду, які прымае рашэнне.

Галоўная перашкода — палітычныя зняволеныя.

Яшчэ да запыту ў МВФ крыніцы з Еўракамісіі паведамлялі, што крокі падтрымкі з боку Еўрасаюза магчымыя толькі са змяненнем сітуацыі з палітзняволенымі.

Гэтую пазіцыю займае і шведскі міністр замежных спраў Карл Більт, які напісаў у Твітары наступнае: "Беларусь вымушаная прасіць дапамогі МВФ. Поўны калапс. Але спярша мусіць змяніцца палітыка. Іначай — дапамогі не будзе".

Такой самай думкі прытрымліваюцца і еўрапарламентарыі, распавёў Еўрарадыё Алесь Міхалевіч, які 1 чэрвеня сустракаўся з уплывовымі прадстаўнікамі Еўрапарламента і старшынямі палітычных камітэтаў.

Алесь Міхалевіч: "Агульная пазіцыя такая: усе перамовы пра выдзяленне крэдыту павінны весціся толькі пасля таго, як усе палітычныя зняволеныя, а іх на сённяшні дзень 43 чалавекі, будуць вызваленыя".

Выканаўчы дырэктар уплывовай няўрадавай арганізацыі Freedom House, былы памочнік дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі Дэвід Крэймер сваю пазіцыю выказаў яшчэ больш радыкальна: маўляў, Захад мусіць не толькі не дапамагаць Лукашэнку, але і ўзмацніць на яго ціск.

Дэвід Крэймер: "Цяпер ён стаіць на тонкім лёдзе, і нам трэба дапамагчы яму пад гэты лёд праваліцца, што ў прынцыпе можа прывесці да краху ягонага рэжыму. А гэта будзе добра для Беларусі. Гэта будзе добра і для Еўропы, і гэта будзе добра для ўсіх, хто падтрымлівае дэмакратыю. Так што я спадзяюся, што ніхто не будзе дапамагаць Лукашэнку выбірацца з сітуацыі, якую ён сам сабе і стварыў".

А Рычард Барлі ў артыкуле World Street Journal "МВФ павінен быць патрабавальным да Беларусі" лічыць, што не ўсё так адназначна:

"Ці варта МВФ пазычыць грошы – пытанне няпростае. ЕС і ЗША ўвялі санкцыі за травеньская прысуды апазіцыйным палітыкам. З іншага боку, праграма МВФ магла б зменшыць кантроль Лукашэнкі за эканомікай і развіць канкурэнцыю".

У кожным разе, без значных рэформ рызыка новых дэвальвацый, эканамічнага калапсу і інфляцыі застаецца, піша эканаміст.

І гэта не адзіны артыкул пра сітуацыю з беларускай эканомікай у самым вялікім амерыканскім часопісе. 2 чэрвеня The World Street Journal змясціў яшчэ адну публікацыю. У сваім артыкуле Алан Кулісан і Іра Іосебашвілі тлумачаць, чаму Беларусь зноўку вымушаная звяртацца да заходніх фінансавых інстытутаў:

"Цяпер, калі беларуская валюта і цэны імкнуцца ўгару, звычайна санлівы Мінск пачынае перажываць сацыяльныя хваляванні. Традыцыйны спонсар Беларусі, Расія, пакуль адмаўляецца прадстаўляць значную падтрымку, і вымушае Аляксандра Лукашэнку прадаць шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў".

Большую частку свайго 17-гадовага кіравання Лукашэнку ўдавалася балансаваць паміж Усходам і Захадам, але балансаванне скончылася ў снежні жорсткімі рэпрэсіямі супраць тых, што палічыў выбары сфальсіфікаванымі, піша The World Street Journal.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі