Як Польшча абыходзіцца без Міністэрства гандлю?

У Польшчы Міністэрства гандлю было скасаванае ў 1997 годзе. А Міністэрства ЖКГ няма наогул.

Міністэрстваў у Беларусі 24. Гэта больш, чым у любой суседняй краіне (для параўнання: ва Украіне — 16, у Расіі і Польшчы — па 18, у Літве —14, у Латвіі — 13). Эксперт варшаўскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміль Клысінскі бачыць прычыну ў так званых беларускіх пяцігодках.

Каміль Клысінскі: “У Беларусі ўнутраная структура і філасофія кіравання эканомікай — неасавецкая. Усё абапіраецца на паказчыкі згодна з усталяванымі планамі, існуюць так званыя пяцігодкі, якія з’яўляюцца абсалютным перажыткам, нават калі параўноўваць Беларусь з Украінай альбо Расіяй”.

Як кажа Каміль Клысінскі, беларускі прэзідэнт асцерагаецца любых рэформаў, якія могуць аслабіць уладу. Навошта тады размовы пра скарачэнні і барацьбу з бюракратыяй?

“Столькі сродкаў на дзяржапарат, як было раней, ужо не будзе. Беларусь уваходзіць у такі перыяд, калі трэба будзе вяртаць набраныя крэдыты, будзе дастаткова складаны год”, — тлумачыць Еўрарадыё выкладчыца магістарскай праграмы “Публічная палітыка” ў ЕГУ Таццяна Чуліцкая. Эксперт дадае, што такія знешнія змены, якія нічога не мяняюць, дапамагаюць уладам у пэўных сітуацыях перакідваць адказнасць на чыноўнікаў больш нізкага ўзроўня.

На думку Аляксандра Лашэка з фундацыі “Форум грамадзянскага развіцця”, Польшча добра абыходзіцца без узгаданых міністэрстваў гандлю і ЖКГ.

Аляксандр Лашэк: “Дзяржава робіць значна менш рэчаў, а больш пакідае грамадзянам і вольнаму рынку”.

Яшчэ лепшым прыкладам, чым Польшча, можа быць Новая Зеландыя. Там некаторыя міністэрствы зменшылі колькасць супрацоўнікаў з некалькіх тысяч да менш як дваццаці чалавек. І краіна далей развіваецца.

Фота: skierniewickie.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі