Японскі футбаліст: Увесь час думаю пра кантракт з жодзінскім "Тарпеда"

У свае 27 гадоў японец адзначыўся выступамі ў Францыі, Канадзе, Польшчы, Латвіі, Польшчы і нават Бразіліі. Цяпер да яго прыглядаюцца ў жодзінскім “Тарпеда”. Зараз Го Нагаокі жыве ў адной кватэры з Сяргеем Любчаком і Мікітам Драздовым ля Акадэміі навук у Мінску. Паўабаронца распавёў Еўрарадыё, якім ён бачыць узровень беларускага футбола.

Еўрарадыё: Прывітанне, Го! Не часта ў Беларусі з’яўляюцца японскія футбалісты. Нашым слухачам будзе цікава даведацца пра цябе.


Го Нагаокі: Дзякуй! Але я яшчэ не падпісаў кантракт. Я прыбыў некалькі дзён таму і цяпер трэніруюся з клубам. Я думаю, што каманда вельмі добрая. Я размаўляў з галоўным трэнерам (Сяргеем Гурэнка – Еўрарадыё). Ён вельмі добры ў адносінах да мяне. Думаю, што ў гэтага клуба выдатны трэнер. Я тут толькі 4 дні і не маю шмат рэчаў з сабой. Адчуваю сябе добра ў “Тарпеда”. Вельмі спадзяюся, што буду гуляць у гэтым клубе ў наступным сезоне. Толькі гэта вырашаю не я.

Еўрарадыё: Ты гуляў у Бразіліі, Італіі, Францыі. Што скажаш пра беларускі футбол?

Го Нагаокі: Мы ўжо гулялі супраць мінскага “Дынама”. Некалі я ўжо гуляў супраць беларускай каманды, але не памятаю, якой. Але гэта была добрая каманда. Я і да таго ведаў, што беларускі футбол на высокім узроўні.

Еўрарадыё: Можаш расказаць пра свой папярэдні клуб?

Го Нагаокі: Апошнім часам я быў у кіеўскай “Абалоні” каля 6 месяцаў. Трэнер сказаў, што я выйду на поле ў наступным сезоне. Я чакаў і, зразумела, увесь гэты час трэніраваўся з імі. Пасля сезону быў адпачынак у 2 тыдні. Зразумела, увесь час трэніраваўся з імі. Вярнуўся ў Кіеў. І ўрэшце трэнер сказаў, што не хоча бачыць мяне ў камандзе. Хаця я моцна хацеў гуляць ва Украіне, бо там высокі ўзровень футбола. Цяпер тут. Ва Украіне мне вельмі спадабалася.

Еўрарадыё: Го, на якой мове размаўляеш з беларускімі футбалістамі?

Го Нагаокі: Па-руску. Я не маю вялікіх праблем. Я ўсё разумею. Таксама ведаю, што мне трэба інтэнсіўна вучыць рускую мову, штодня займаюся.

Еўрарадыё: Цікава, што ты робіш у свабодны час?

Го Нагаокі: Усё проста. Пасля трэніровак я сплю, ем і вучуся. Гэта ўсё. Жыву з Мікітам Драздовым. Гэта добры малады хлопец. Ён заўсёды дапамагае, у тым ліку і з рускай мовай. Зараз мне трэба вывучыць імёны гульцоў, бо я не ведаю яшчэ ўсіх. Мікіта дапамагае мне.

Еўрарадыё: Няўжо нават па горадзе не шпацыруеш?

Го Нагаокі: Не-не-не! Я думаю толькі аб падпісанні кантракта. Калі ўсё атрымаецца, я хачу пачаць вывучаць горад. Але пакуль я не шпацырую.

Еўрарадыё: Як ацэньваеш свае шанцы стаць футбалістам “Тарпеда”?

Го Нагаокі: Ужо згуляў у адной гульні. І вельмі спадзяюся, што ўрэшце мне прапануюць кантракт. Гэты клуб вельмі падабаецца мне, кожны футбаліст валодае добрай тэхнікай. І выдатны трэнер. Ён клапоціцца пра мне, размаўляе са мной вельмі ўважліва, каб я ўсё разумеў.

Нагадаем, іншы прадстаўнік краіны ўзыходзячага сонца  — Хідзетошы Вакуі — згуляў два матчы за ФК “Мінск” у 2010 годзе. Але замацавацца ў сталічнай камандзе не змог. Цяпер свае сілы ў беларускім чэмпіянаце хоча паспрабаваць Го Нагаокі.

Фота: gonagaoka.blog6.fc2.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі