Ярмошына: Калі не пашанцуе, я і наступныя выбары ў парламент правяду
На заключным пасяджэнні ЦВК Ярмошына налічыла яўку міжнародных назіральнікаў у 110% і патлумачыла, чаму задаволеная ацэнкай выбараў назіральнікамі АБСЕ.
Не прызнаваць вынікі парламенцкіх выбараў і не рэгістраваць новаабраных дэпутатаў парламента запатрабаваў ад Цэнтравыбаркама старшыня “Справядлівага свету” Сяргей Калякін. А ўсё таму, што далёка не ўсе са 149 скаргаў на вынікі выбарчай кампаніі разгледжаныя.
Сяргей Калякін: “Я прапаную рашэнне ЦВК аб прызнанні выбараў не прымаць, а даручыць кампетэнтным органам, у інтарэсах таго, каб гэтыя выбары былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю і, у першую чаргу, грамадзянамі Беларусі і ўдзельнікамі выбараў, разабрацца з тым, што адбывалася падчас выбараў, і даць ацэнку. А потым прымаць рашэнне — у нас ёсць яшчэ для гэтага час”.
А скаргі былі насамрэч сур’ёзныя: аб прызнанні выбараў несапраўднымі ў асобных выбарчых акругах, аб пераліку галасоў як у акругах, так і на асобных участках, а таксама на парушэнні падчас галасавання і падліку галасоў. Але ў ЦВК знайшліся аргументы ў адказ — чаму затрымліваць справу не варта. Самы арыгінальны, як заўжды, быў у старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.
Лідзія Ярмошына: “Цэнтральная камісія склікае і вядзе, ажно да абрання старшыні, першую сесію новаабранага складу парламента. Адразу магу сказаць, што склікаць сесію за тры дні практычна немагчыма. Ды і тыя тры тыдні, якія засталіся (18 кастрычніка), гэта вельмі абмежаваны час для падрыхтоўчай працы”.
Асабліва з улікам таго, што новаабраны парламент толькі на 18% складаецца са “старых” кадраў, якія ведаюць усе працэдуры. Астатніх, маўляў, яшчэ “за руку вадзіць” трэба.
“Арыгінальнічала” не толькі старшыня ЦВК — адзначылася ў чарговы раз і апазіцыя. Калі на пачатку кампаніі іх кандыдатаў не рэгістравалі, таму што падпісныя лісты не былі засведчаныя подпісам кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты, дык зараз яны забываліся... падпісваць свае скаргі ў ЦВК!
Мікалай Лазавік: “Скаргі з патрабаваннем пераліку галасоў у выбарчай акрузе. Такая скарга адна — пададзена ад імя кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Навасяда. І пакінутая без разгляду, бо не была падпісаная заяўніком”.
І гэта не адзіны прыклад арыгінальнасці! Сябраў Савета Рэспублікі ў Магілёўскай вобласці выбіралі… з вершамі! Пра гэтую працэдуру з замілаваннем распавёў сябра ЦВК Вадзім Іпатаў, што на той імпрэзе прысутнічаў.
Вадзім Іпатаў: “Працэдурнае пытанне было ператворанае ў такую сустрэчу сапраўды цёплую, вельмі сяброўскую — дэпутаты чыталі вершы. Прычым, гэта быў экспромт. Атмасфера сяброўства і падтрымкі была створаная. А калі агулам, то ніякіх парушэнняў заканадаўства не было мною адзначана”.
Такім чынам, усе 109 абраных дэпутатаў парламента і 64 сенатары былі зарэгістраваныя. Першая сесія парламента прызначана на 18, сената — на 19 кастрычніка. На чым выніковае пасяджэнне ЦВК і скончылася.
Але не скончыліся цікавосткі ад Лідзіі Міхайлаўны. Вось, напрыклад, яе меркаванне наконт шматлікіх водгукаў незалежных назіральнікаў пра завышэнне яўкі на выбарчых участках.
Лідзія Ярмошына: “Меркаванне назіральнікаў па колькасці прысутных не мае прававога значэння. Менавіта па колькасці грамадзянаў, якія распісаліся ў бланках спісаў выбаршчыкаў, і выяўляецца колькасць выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. Я магу адразу сказаць, што скаргі, што тычыліся дадзеных фактаў і ўжо разгледжаныя акруговымі выбарчымі камісіямі, ніякіх неадпаведнасцяў не выявілі — ні ў пратаколах, ні ў спісах выбаршчыкаў”.
Распавяла Лідзія Міхайлаўна і чаму Міхаіла Савановіча нельга пазбаўляць дэпутацкага мандата, нават калі калектыў аднаго сталічнага ЖРЭА і не вылучаў яго кандыдатам:
Лідзія Ярмошына: “Нават калі гэтае вылучэнне было незаконным — яно не паўплывае на лёс гэтага дэпутата, бо ён вылучаўся двума сродкамі. У тым ліку — шляхам збору подпісаў”.
Адказала старшыня ЦВК і на пытанне, колькі нам яшчэ хадзіць на выбары “па-Ярмошынску”.
Лідзія Ярмошына: “Тэрмін маіх паўнамоцтваў завяршаецца ў снежні 2016 года. Таму калі не пашанцуе, то мне давядзецца яшчэ праводзіць наступныя парламенцкія выбары восенню 2016 года. Я ўжо не кажу пра прэзідэнцкія”.
А вось што адзначыла для сябе Лідзія Ярмошына ў дакладзе АБСЕ.
Лідзія Ярмошына: “Даклад АБСЕ з’яўляецца цалкам умераным, адразу магу сказаць. Таму адмоўных эмоцый ён у мяне не выклікаў. Акрамя аднаго пасажу, які тычыцца мяне і які я лічу несправядлівым — што старшыня ЦВК часта выступала ў СМІ і давала ацэнкі палітычныя і такім чынам не дазволіла выбаршчыкам зрабіць свядомы выбар. Выбарчыя органы інфармуюць выбаршчыкаў аб сваёй дзейнасці! А калі ўзяць дзейнасць шмат каго з кандыдатаў, то калі б старшыня і сакратар ЦВК часта не выступалі перад выбаршчыкамі, тыя б не адразу заўважылі, што ў нас выбары ідуць!”
А вось прыклад таго, як у ЦВК умеюць падлічваць:
Лідзія Ярмошына: “37% назіральнікаў лічаць — ад АБСЕ, зразумела — 37%, што ім не далі альбо не прадставілі дастатковых магчымасцяў для паўнавартаснага назірання ў момант падліку галасоў. Яны знаходзіліся далёка ад сталоў, бачылі толькі спіны і лічаць гэта становішча незадавальняючым. Гэта — 37. Але ж 73% (!) гэтых жа назіральнікаў цалкам задаволеныя”.
sound_2_web.mp3
Агулам атрымліваецца 110%! Пра такую яўку назіральнікаў можна толькі марыць.
Фота: Змітра Лукашука