Ярмошына: Я ніколі не шкадую аб тым, што зроблена
На сваім пасяджэнні сябры Цэнтрвыбаркама адхілілі скаргу Рыгора Кастусёва аб прызнанні выбараў несапраўднымі
Адзіным,
хто падаў скаргу на вынікі выбараў у Цэнтравыбаркам, стаў кандыдат у
прэзідэнты Рыгор Кастусёў. Ён запатрабаваў прызнаць вынікі выбараў
несапраўднымі і прызначыць новыя выбары прэзідэнта. Палітык прыклаў стос
дакументаў са сведчаннямі назіральнікаў аб парушэннях падчас як
датэрміновага, так і асноўнага галасавання 19 снежня. Але як заявіла
загадчыца арганізацыйна-прававога аддзела ЦВК Надзея Кісялёва, на прыведзеныя факты можна не звяртаць увагі.
Надзея Кісялёва: “Мы
не можам адмаўляць, што цягам выбараў мелі месца парушэнні
працэсуальнага характару. Але яны не ўплываюць на вынікі выбараў і таму
не могуць служыць доказам таго, што па выніках выбараў па рэспубліцы
маюцца падставы для прызнання вынікаў несапраўднымі”.
Гэтыя вынікі “праверкі” прыведзеных фактаў абурылі давераную асобу Рыгора Кастусёва Алеся Лагвінца.
Алесь Лагвінец: “Цэнтральная
камісія не мусіць праводзіць сваё пасяджэнне да таго, як будуць
вызваленыя кандыдаты ў прэзідэнты. Рыгору Кастусёву было брыдка сюды
сёння прыходзіць і глядзець на вашу цыркачную гульню. У нас няма
сапраўдных выбараў, у нас камісіі нідзе не лічаць галасы — паглядзіце
на справаздачу АБСЕ”.
Давераная асоба Андрэя Саннікава Юрый Хадыка звярнуў
увагу сябраў ЦВК на тое, што цягам выбарчай кампаніі кандыдат у
прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка неаднаразова абразліва выказваўся ў адрас
сваіх апанентаў, бяздоказна вінаваціў іх у атрыманні расійскіх грошай.
Чым, кажа Хадыка, парушыў выбарчае заканадаўства. Гэта дае падставу,
згодна з яго словамі, падтрымаць патрабаванне Кастусёва прызнаць выбары
несапраўднымі.
Адначасова Юрый Хадыка і сябра ЦВК з дарадчым голасам Канстанцін Лукашоў
прапанавалі Цэнтравыбаркаму звярнуцца да праваахоўных органаў з
хадайніцтвам аб вызваленні кандыдатаў у прэзідэнты з СІЗА КДБ. Гэтая
прапанова абурыла старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну.
Лідзія Ярмошына: “Ператвараць
Цэнтральную камісію ў палітыканскі орган, які прымае звароты ды яшчэ
ўмешваецца ў працу праваахоўных органаў, — гэта, напэўна, эфектна. Але
гэта не адпавядае нашаму прызначэнню”.
І паставіла на галасаванне прапанову аб адмове ў задавальненні скаргі
Рыгора Кастусёва. А таксама заклікала не разглядаць прапанову Хадыкі і
Лукашова аб звароце ЦВК у праваахоўныя органы. Сябры камісіі падтрымалі
старшыню ЦВК аднагалосна.
Паступілі ў ЦВК яшчэ дзве скаргі — ад
шараговых назіральнікаў. Яны запатрабавалі пераліку галасоў на іх
участках, спасылаючыся на ўбачаныя парушэнні. Але і гэтым скаргам
аднадушна было адмоўлена ў задавальненні.
У выніку сакратар ЦВК Мікалай Лазавік
выступіў з заключнай заявай, дзе падвёў вынік: выбары прайшлі без
значных парушэнняў, АБСЕ прызнала, што яны на большасці ўчасткаў прайшлі
“добра” альбо “вельмі добра”, і прапанаваў афіцыйна прызнаць пераможцам
Аляксандра Лукашэнку.
Прапанову гэтую таксама падтрымалі аднагалосна ўсе сябры ЦВК, а
ініцыятыву Юрыя Хадыкі аб прызнанні выбараў несапраўднымі ўвогуле
пакінулі без разгляду.
Па заканчэнні пасяджэння журналісты
пацікавіліся ў Лідзіі Ярмошынай, ці не крыўдна ёй, што яе даўняя мара не
здзейснілася і выбары АБСЕ, насуперак перакананню Лазавіка, не
прызнала.
Лідзія Ярмошына: “Ведаеце, я ніколі ні пра што не шкадую. Нават калі мары не здзяйсняюцца”.
А на пытанне наконт таго, калі яна збіраецца сыходзіць на пенсію,
адказала двухсэнсоўна на фоне размовы пра вынікі выбараў: “Ведаеце
анекдот: “Я птушка паднявольная — калі адпусцяць, тады і палячу”.