Юрый Дземідовіч: “Шмат прапановаў па канцэртах, але мяне гэта не хвалюе”

Некалі Юра “грымеў” на дзіцячым “Еўрабачанні”,потым выступаў па замежжах, карпаратывах. Былі і маскоўскі мэнэджар, і фотасесіі, і прызнанне. А сёння пра Юрыя Дземідовіча мала што чутно.

Тэлефануем музыку на мабільны, і дамаўляемся сустрэцца. Праўда, пераносім час тройчы: з раніцы да позняга вечару хлопец вучыцца ў каледжы пры Акадэміі музыкі.

“Ці ёсць зараз час на нешта апроч навучання?” ― цікавімся ў артыста.

Юрый Дземідовіч: Я вось люблю футбол. Я хадзіў амаль… Не, не амаль, а на ўсе матчы БАТЭ ў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. З сябрамі.

Еўрарадыё: Купляў пакет?

Юрый Дземідовіч: Ну, я па асобных квітках купляў. У мяне ёсць шалік “БАТЭ”, і ў маіх сяброў ёсць. Вельмі люблю футбол, але мала часу для заняцця ім. Таксама я люблю адпачываць з сябрамі, ездзіць на веласіпедах. Я рознабаковы чалавек. Мне вельмі хочацца з’ездзіць у Барселону. Гэта мой улюбёны футбольны клуб. Мне падабаецца іх стыль гульні, іх філасофія, як яны падаюць свой футбол: гуляюць так, як ніхто. Не так, каб у некага нешта спадабалася — і пераняць. А менавіта ― свой пункт гледжання.

Перад матчам БАТЭ-Баварыя

Еўрарадыё: Юрый, ці можна цябе цяпер дзе-небудзь пачуць жыўцом? Твой маскоўскі сайт чамусьці не абнаўляецца.

Юрый Дземідовіч: Я не спяваю, таму што ў мяне зараз ломка голасу, ці як гэта называецца ― мутацыя. Цяпер я засяроджваюся на музычнай грамаце, на адукацыі, каб атрымаць добрую базу. Гэта вельмі важна, калі я хачу быць прафесійным і добрым музыкантам. Не “шырпатрэбам”.

Еўрарадыё: То бок ты ўвогуле не спяваеш цяпер?

Юрый Дземідовіч: У мяне ёсць пастаноўка голасу, і хор, такі вось прадмет. Але ў гэты момант мне ўрач-фаніятр кажа: “Вось, трэба пачакаць.

Еўрарадыё: Як доўга?

Юрый Дземідовіч: У некаторых гэта можа прайсці за паўгода. У некаторых тры гады доўжыцца. Але я думаю, усё будзе добра. І вы яшчэ пачуеце мае спевы. Спадзяюся (усміхаецца).

Еўрарадыё: Гляджу, нервы ў цябе моцныя. Была і вядомасць, і ўвага…

Юрый Дземідовіч: Цяпер трэба ўстрымацца ад гэтага. Я думаю найперш пра будучыню, каб быў цудоўны голас, каб не пашкодзіць ніякім працэсам фармавання. Можна з-за аднаго выступу страціць усё астатняе жыццё, будучыню музыканта. Не. І цяпер вельмі шмат канцэртаў і прапановаў. Але мяне ні кроплі гэта не хвалюе.

Еўрарадыё: На тваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак пазначана, што ты з’ехаў за мяжу. Бачу, што гэта жарт. Але што думаеш рабіць пасля музычнага каледжу?

Юрый Дземідовіч: Я хачу вучыцца. Пажадана, за мяжой. Я вельмі задаволены педагогамі тут. Па прафесіяналізме, я лічу, што ў нас добры ўзровень. Але такая сістэма, што калі ты навучаешся ў каледжы на бясплатным, то бок на бюджэце, атрымліваеш стыпендыю, то каб кудысьці паехаць вучыцца, ты павінен сплаціць каля 150 мільёнаў. Таму, канечне, хацелася б паступіць куды-небудзь, але трэба думаць, рупіцца, вельмі шмат працаваць. Гэта тое, што я цяпер, у прынцыпе, і раблю.

Еўрарадыё: Песня “Волшебный кролик”. Як яе ўспрымаеш сёння?

Юрый Дземідовіч: Не трэба спыняцца на адным музычным творы, які будзе ўвесь час гучаць. Тады яно ўсім, вядома, надакучыць. Хачу развівацца ў музыцы і знайсці стыль, які мне будзе прыемны, і прыемны гледачам і слухачам.

Еўрарадыё: А якія стылі табе цяпер даспадобы?

Юрый Дземідовіч: Слухаю я музыку розную. Напрыклад, класічны рок. Тых жа Rainbow, Led Zeppelin. Магу шмат вельмі называць, канечне.

Еўрарадыё: А наша эстрада? Якое тваё стаўленне да яе?

Юрый Дземидовіч: Не вельмі хачу абмяркоўваць гэта ўсё. Як кажуць, не майго гэта розуму справа. Культура, павінна быць культура на найвышэйшым узроўні. Не хапае, напрыклад, людзей. Бяруць усіх: “Пець умееш? Паехалі”. Калі пашукаць, у нас шмат таленавітых асобаў. Беларусь ― багатая па сваіх вакальных спевах. Тут вельмі харошы прыродны голас у людзей. Але на ўсё гэта патрэбныя грошы, магчымасці развівацца.

Еўрарадыё: Як мяркуеш, ці магчыма раскручваць у нас ці за мяжой беларускамоўныя кампазіцыі?

Юрый Дземідовіч: Тэкст можа быць на розных мовах свету. Галоўнае ― драматургія твору, каб літаратурны тэкст быў цесна звязаны з самім творам, з яго эмоцыямі, настроем, з яго гарманічным планам. Беларуская мова не робіць ступар у развіцці музычнага твору. Вядома, не.

Адпачынак на Каўказе

З сябрамі

У піянерлагеры

ФОТА аўтара і са старонкі ў сацыяльных сетках Юрыя Дземідовіча

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі