За пікет у падтрымку Дашкевіча — чарговы завочны прысуд
10 сутак арышту горацкая суддзя Чаплыгіна вынесла брэсцкаму актывісту Змітру Шурхаю.
Прысуд быў вынесены яшчэ 25 жніўня, але пра гэта стала
вядома толькі 13 верасня. Суддзя пастанавіла залічыць Шурхаю суткі, праведзеныя
ў ізалятары ў Горках. Пра гэта ў жывым эфіры паведаміў Зміцер Шурхай:
“Толькі ўчора ў паштовай скрыні я знайшоў паперку, якая прыйшла з Горак. Пастанова суда, з якой я даведаўся, што 25 жніўня быў завочна асуджаны на 10 сутак арышту. Сядзець я нікуды не пайду. Будзем зараз, на працягу 5 тыдняў ёсць магчымасць пісаць абскарджванне на пастанову суда, бо я з ёй не згодны”.
Нагадаем, што 2 жніўня каля горацкай калоніі міліцыянты затрымалі паўтара дзясятка актывістаў. Пікетоўцы патрабавалі пусціць адваката да палітвязня Змітра Дашкевіча. 10 затрыманых адразу атрымалі “суткі”, двое — штраф. Івану Шылу і Змітру Шурхаю далі адтэрміноўку ў судзе на пошукі адваката. Але на разгляд яны не паехалі. Днямі Шыла атрымаў 20 сутак арышту. Калі ён іх будзе адбываць, невядома, бо хлопец навучаецца ў Польшчы.
Зміцер Шурхай з’яўляецца студэнтам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які месціцца ў Вільні.