The Road Dogs выдалі “№1” дзякуючы Янку Купалу
Мінскія блюз-рокеры запісалі дэбютны альбом, які складаецца з шасці “не кавераў” і… аднаго кавера!
Мінскія блюз-рокеры The Road Dogs выдалі дэбютны альбом, над якім працавалі цягам апошняга года. Прыхільнікі чакалі ад гурта альбом англамоўных кавераў, якія RD выконвае на канцэртах. І не дачакаліся: кавер на “№1” толькі адзін. Што, на думку музыкаў, можа і пакрыўдзіць фанатаў.
“Мы вельмі рады, што ў нас атрымалася запісаць дэбютны альбом не кавераў, як бывае ў многіх блюз-рокавых гуртоў, — прызнаецца вакаліст Сяргей Скляраў. — Мы, перш за ўсё, спяшаліся данесці да людзей свае песні, каб яны стварылі ўражанне менавіта пра нас. Але без кавераў не можам, таму першая песня — “Burning Hell” Джона Лі Хукера. Таксама мы ўдзячныя нашаму паэту Янку Купалу, на верш якога мы зрабілі песню “Я мужык беларус”. Ну, а астатнія цалкам усе нашы”.
Альбом “№1” атрымаўся невялікім — толькі сем трэкаў. Сяргей прызнаецца, што і гэтага хапіла, каб зразумець усе складанасці студыйнай працы. Вынікам The Road Dogs задаволеныя, хоць і давялося прыцягнуць да звядзення і майстарынгу адразу двух гукарэжысёраў: Алега Даманчука (студыя MapleTree) ды Канстанціна Пыжова (The Toobes).
Дэбютнік The Road Dogs “№1” ужо можна знайсці ў музычных крамах. Магчыма, бліжэй да восені ён з’явіцца і ў вольным доступе ў інтэрнэце. Тады ж будзе зладжаная і яго канцэртная прэзентацыя.