The Hysteria: Што лэйблы даюць музыкам? Нічога не даюць!

Мінскі mathcore-гурт The Hysteria падпісаў кантракт з італьянскім лэйблам “Memorial Records”. Першы сінгл, запісаны ў супрацоўніцтве з італьянцамі, выйдзе 23 ліпеня.
 
Еўрарадыё распытала гітарыста The Hysteria Антона Рогава пра тое, як прыйсці да поспеху.
 
“Пісалі ў лоб усім, каму маглі напісаць. Прасцей кажучы — спамілі”
 
З “Memorial Records” мы пазнаёміліся больш за год таму. На той момант мы толькі адрэлізілі альбом “Paradigm of the Faith” і, абсалютна нічога не разумеючы, шукалі, хто апублікуе яго ў Еўропе і ЗША. Натуральна, мы і ўяўлення не мелі пра тое, як працуе музычная індустрыя на захадзе і ў Заходняй Еўропе. Таму пісалі ў лоб усім, каму маглі напісаць. Прасцей кажучы — спамілі.
 
У той час МR толькі рыхтавалі першы рэліз. Тады нам адмовілі, спаслаўшыся на тое, што якасць запісаў слабая, наша англійская мова — зусім не англійская, ды і гурт праз адсутнасць актыўнай базы фанатаў, вагі ў Еўропе не мае і цікавасці для лэйбла не прадстаўляе.
 
“Эрас з Мілана прапанаваў нам далучыцца да іх сям'і”
 
Прайшоў год, мы пасталелі, нарэшце пачалі разумець свае памылкі і пачалі іх выпраўляць. У выніку, паўгода таму ў нас быў гатовы новы матэрыял, які мы выпусцілі ў якасці спліта з нашымі сябрамі Nasty Taste. У нас вельмі шмат пыталіся, навошта мы выпусцілі спліт, ды яшчэ з расійскім гуртом. Але ў спліта была мэта — выправіць негатыўны фідбэк і паказаць патэнцыйна зацікаўленым людзям, што мы здольныя рабіць якасныя запісы і прома.
 
Ну і вось, адразу пасля рэліза нам напісаў выдатны італьянскі хлопец — Эрас з Мілана, і прапанаваў далучыцца да іх сям'і. Ён адзін з саўладальнікаў лэйбла. На працягу ўсяго года мы маніторылі безліч еўрапейскіх і амерыканскіх лэйблаў. І мы бачылі, што МR вырас! Мы бачылі, што ён робіць выдатныя рэкламныя кампаніі, як у папяровых, так і ў інтэрнэт-СМІ. Уласна, а што яшчэ трэба нікому не вядомаму гурту з Беларусі?
 
"Што лэйблы даюць музыкам? Я магу адказаць: нічога не даюць"
 
Сутнасць у тым, хлопцы, што лэйбл толькі прадае і рэкламуе запісы. За туры і канцэрты адказвае букінг-кампанія. Напрыклад, "Avocado Booking". А за кантакты паміж артыстам, лэйблам і букінг-агенцтвамі адказвае мэнэджмент. Тут акурат і "робяць" артыста. Плануюць рэкламныя кампаніі, прома і шмат што іншае. Шмат хто ў нашых краях гэтага не ведае, але, напрыклад, ва ўсімі любімага "Sumerian Records" ёсць кампанія "Outerloop management". "Artery Recordings", "Artery Management", "Artery Global" і г.д. Ну, а крутымі лэйбламі ўсе лічаць "Райз" і вышэй згаданыя "Sumerian " і "Artery ".
 
А што яны даюць музыкам? Асабліва пачаткоўцам, бо па прычыне нашай непапулярнасці там, мы менавіта такімі і з'яўляемся... Я магу адказаць: нічога не даюць. Застаецца толькі спадзявацца, што выпадкова стрэліць. І ўсё.
 
"Што дрэннага ў тым, што мы штодня нешта робім для гурта?"
 
А хто чуў пра такія лэйблы, як "shelsmusic", "Season of Mist", "Hydra Head Records" і многія іншыя, якія далі нам шмат шыкоўных гуртоў? Чамусьці ўсе імкнуцца параўноўваць усё з мэйнстрымам. А мы ім далёка не з'яўляемся. Вынік таго, што нас ведае такая колькасць людзей, ды і яшчэ з такой музыкай як у нас — гэта рэклама і дапамогу сяброў, штодзённы прэсінг навінамі з дапамогай любога магчымага сэрвісу. Але гэта не робіць нас мэйнстрымам.
 
Само па сабе нішто не адбываецца. Так, што дрэннага ў тым, што мы штодня нешта робім для гурта? Мы самастойна арганізавалі сабе тры туры, мы самі знялі відэа і самі запісваемся дома, чаму ніхто не думае пра гэта? І чаму ніхто не ўлічвае, які гэта вялікі кавалак працы?
 
"Як вынік — грошы, якія потым можна спусціць на запіс новага альбома, кліпы і рэкламу"
 
Абавязальніцтвы "падпісанага" артыста. У цэлым, усё проста: музыка павінен працаваць, граць канцэрты, рэкламаваць сваю музыку. Адсюль будуць продажы запісаў, продажы мэрчэндайзінгу і, як вынік, грошы, якія потым можна спусціць на запіс новага альбома, кліпы і рэкламу. Натуральна падзяліўшыся з лэйблам. А яшчэ, нельга аддаваць сваю музыку бясплатна. Напрыклад, цяпер проста так загрузіць свае запісы ў сацсеткі мы не маем права.
 
"Трэба значна больш часу траціць на матэрыял і на яго падачу са сцэны, а не на пустыя сваркі і зайздрасць"
 
Хм, я б сказаў што гэты кантракт — маленькі, але ўсё ж такі, крок наперад. Трэба будзе яшчэ вельмі шмат працы, але вынік, тая самая мара, да якой мы ідзем — яна важнейшая за ўсё, і менавіта цяпер мы ўсім гуртом выдатна бачым і разумеем, што няма нічога немагчымага. Проста трэба вельмі шмат працаваць над сабой. Трэба значна больш часу траціць на матэрыял і на яго падачу са сцэны, а не на пустыя сваркі і зайздрасць. Трэба шукаць нешта новае, каб быць першым, а не рабіць дурную пародыю на заходнія трэнды. Ну, і, напэўна, самае галоўнае: трэба шчыра верыць у мэту.
 
На відэа: тызер да новага сінгла The Hysteria.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі