РСП: Калі разабраць нашы тэксты, то там жа суцэльная чалавечая трагедыя

Напярэдадні фестывалю “Даём рады”, які пройдзе 13 лютага ў сталічным клубе Re:Public, Еўрарадыё размаўляе з яго ўдзельнікамі. Серыю гутарак пачынае лідар, гітарыст і вакаліст гурта “Разбітае сэрца пацанаДзяніс Тарасенка. У традыцыйнай для сябе жартаўліва-сур’ёзнай форме музыка распавёў пра новую праграму, запіс альбома “Пасрэдствам срэдств”, уплыў дзяцей на творчасць ды сумесныя планы з Аляксандрам Саладухам.

Еўрарадыё: Давай пачнём з таго, што будзе выконвацца на фестывалі “Даём Рады” 13 лютага ў Re:Public?

Дзяніс Тарасенка: Давай пачнём з таго, што ў мінулым годзе мы насамрэч далі рады! Мы нарэшце пазбавіліся жаночай часткі нашага гурта: “ЭВМ” цяпер асобна, а мухі асобна (усміхаецца). І ўвогуле, увесь год быў для нас такім адаптацыйным перыядам, бо нас усіх ламала. Але мы справіліся з гэтай ломкай і ўжо спакойна выступаем паасобку. Дзякаваць богу, у нас захаваліся нармальныя працоўныя адносіны: мы не падпальваем адзін аднаму хаты, не падкідваем шпількі ў чэшкі і не падсыпаем шклавату ў кішэні… хаця… (усміхаецца). Дарэчы, гледачы, напэўна, спакойней за ўсіх успрынялі гэтую навіну.

Еўрарадыё: І што, няўжо не было прэтэнзій на канцэртах?

Дзяніс Тарасенка: Адзін раз было! Здаецца, на наступны дзень пасля гэтага рашэння ў нас быў канцэрт, на якім да нас падышла пара п’яных… падаецца, гэты былі былыя міліцыянты, калі былыя міліцыянты бываюць. Карацей, падышлі нейкія п’яныя моцныя хлопцы і спыталі: “А дзе дзеўкі?”. Я адказаў ім, што ўсё, а яны: “Ну, ладна!”. На гэтым усе эксцэсы скончыліся. Мы ўжо прызвычаіліся, што на сцэне толькі чатыры чалавекі, а пад сцэнай звычайна больш. Мы зрабілі ўхіл на новую праграму. Здолелі сабраць у адно канцэртнае гучанне новыя песні. Гэтыя песні адрозніваюцца ад тых, пад якія танчылі “ЭВМ”. Таму, я думаю, знікненне дзяўчат, не пагоршыла наш сцэнічны выгляд. Ён нават стаў больш цвярозым (усміхаецца)!

Еўрарадыё: А для вас гэта раней была рэдкая з’ява?!

Дзяніс Тарасенка: Была рэдкая, а стала едкая! Насамрэч, сакрэт нашых цвярозых выступаў у пасведчаннях кіроўцаў (смяецца).

Еўрарадыё: Вяртаючыся да пытання, на “Даём рады” будзе гучаць менавіта гэтая новая праграма?

Дзяніс Тарасенка: Так! Акцэнт будзе зроблены на новую праграму. Але і без старых добрых баевікоў не абыдзецца. Мы ж не можам сысці са сцэны без “Палюбіла гапара”! Нас будуць выганяць, а мы не сыдзем пакуль не выканаем! Так што, мы не адмовіліся ад старых песень з-за сыходу дзяўчат.

Еўрарадыё: А гучанне змянілася?

Дзяніс Тарасенка: Натуральна, мы граем тыя песні крыху па-іншаму. У нас з’явілася больш сінтэзатарнага гучання, бо мы нарэшце раскапалі на нашых старых клавішах пару модных гучкоў, такіх, ведаеце, не бяды, саўрэменных! І я б закалупаўся тыркаць гэтыя гітарныя педалі, пакуль знайду патрэбны гук пад кожную песню, таму мы ліем адным гукавым струменем! Галоўнае, што людзі пазнаюць гармонію. Такія: “О! Гэта ж “Палюбіла гапара”, толькі неяк дзіўна гучыць! — Да ладна, акорды тыя ж! Пагналі!”. Як бы, аснова музыкі — рытм секцыя, а яна ў нас не змянілася, так што, не пераймайцеся!

Еўрарадыё: І ўсё ж такі я не магу не задаць пытання, чаму вы разышліся з дзяўчатамі? Гаворкі пра гэта вяліся некалькі гадоў, але на наступны канцэрт яны вярталіся, а што здарылася цяпер?

Дзяніс Тарасенка: Давайце гэта застанецца якой-небудзь там інтрыгай! На гэты конт мы можам абвесціць конкурс…

Еўрарадыё: Давайце! Якім будзе прыз і якія ўмовы?

Дзяніс Тарасенка: А давайце! Абвяшчаем конкурс! Той хто найбольш глыбока і разгорнута адкажа на гэтае пытанне, атрымае абсалютна бясплатна сувенірны дыск з нашым новым альбомам! Плюс, мы зробім гэты адказ нашай афіцыйнай версіяй і будзем менавіта так адказваць на ўсе пытанні на гэтую тэму!

Еўрарадыё: Дамовіліся. Свае адказы на пытанне, якое цікавіць усю музычную грамадскасць краіны, чаму разышліся “ЭВМ” і “РСП”, дасылайце на [email protected] з паметкай "РСП-ЭВМ" да 23 студзеня. А далей мы аддадзім усе варыянты музыкам, і яны абяруць пераможцу. Вынікі глядзіце на сайце 26 студзеня.

Дзяніс Тарасенка: Я ўжо ўяўляю, як сам Эдуард Ханок не спіць начамі і чухае галаву: “Блін, ну чаму? Што ж гэта такое?” (смяецца).

У новай праграме ёсць песні “туц-пац-туц-пац”, а ёсць і “тунц-танц тгд-д-тун-танц, тун-танц тугу-дугу-дугу-дугу ц-с-с-с”!

Еўрарадыё: На “Даём рады” 13 лютага вы будзеце выконваць новую праграму. Што можаш расказаць пра яе?

Дзяніс Тарасенка: Яна крыху адрозніваецца па настроі ад папярэдніх. Яна больш, можа, нават меланхалічная, можа, нават больш разважлівая, гэта такія спробы самакапання, філасофскага асэнсавання рэчаіснасці. Але мы ж не можам абысціся без свайго любімага дыска. Ёсць песні “туц-пац-туц-пац”, а ёсць і “тунц-танц тгд-д-тун-танц, тун-танц тугу-дугу-дугу-дугу ц-с-с-с”! Ёсць песні пра чалавечую адзіноту, у асноўным, мужчынскую. Ёсць песні пра… хопіць, я ўсё сказаў (смяецца).

Еўрарадыё: І ў сувязі з гэтым, ці зніклі гумар ды шаленства ў песнях?

Дзяніс Тарасенка: Яго і раней не было! Проста людзі знаходзяць самі тое, што хочуць знайсці. Калі падрабязна разабраць тэксты “РСП”, то там жа суцэльная чалавечая трагедыя. Людзі вешаюцца ад гэтага, співаюцца, становяцца наркаманамі, кідаюцца пад колы аўтамабіляў… Проста такім чынам пастаўленыя словы і рыфмы, што не-не, ды выклічуць усмешку ў гледача. Менавіта ў гледача, бо слухаць гэта ўвогуле цяжка (усміхаецца).

Гумар, безумоўна, прысутнічае, але ён стаў больш жорсткім і, магчыма, зразумелым толькі нам. Тыя людзі, якія знойдуць у нашых новых песнях нешта агульнае з сабой, так бы мовіць, зарэзануюць, то, магчыма, яны скрозь слёзы ўсміхнуцца.

Еўрарадыё: Цяпер вы запісваеце гэтую праграму, калі чакаць дыск?

Дзяніс Тарасенка: Калі ўсё будзе добра, то недзе ў сярэдзіне сакавіка мы будзем рабіць канцэртную прэзентацыю на якой-небудзь вялікай пляцоўцы. Можа быць, гэта будзе “Графіці”, можа, клуб “Кватэрнік” у Гомелі, таксама харошая ўмясціцельная плашчадка. Адзінае, мы пакуль не вызначыліся як мы будзем выдаваць наклад, які ён будзе, і ці будзем увогуле яго выдаваць. Можа быць, выдадзім толькі некалькі дзясяткаў сувенірных дыскаў з нашымі адбіткамі пальцаў, з сувенірнай шкарпэткай унутры… А хутчэй за ўсё, гэта проста будзе залівацца ў інтэрнэт-прастору. Бо як паказвае практыка, усе гэтыя выданні дыскаў — дзярмо сабачае. Гэта ўсё роўна ніколі не адбіваецца, проста выкідаюцца грошы, на якія можна было б набыць лішнія 20 літраў дызелю! А то і 25! Таму, хутчэй за ўсё, проста ў інтэрнэт і, хутчэй за ўсё, для платнага пампавання. Але па знаёмстве можам даць і які-небудзь код… за 10 баксаў (смяецца).

Еўрарадыё: Колькі песень будзе?

Дзяніс Тарасенка: Будзе 12 трэкаў. Ужо запісаныя барабаны для ўсіх песень. Таму засталося не шмат: усяго толькі мангольскі аркестр — іншыя проста не пагаджаюцца з намі супрацоўнічаць. А гэтым усё адно, яны ж не разумеюць, пра што песні!

Еўрарадыё: Што наконт назвы?

Дзяніс Тарасенка: Мы разглядаем некалькі варыянтаў. “Адзіноцтва”… не, за адзіноцтва нас Akute засудзяць — “Адзінота”! Другі варыянт — “Адзіночэства”. Трэці — “Одиночество”. І чацвёрты — “Пасрэдствам срэдств”. Ужо каторы тыдзень мы цягнем запалкі, але пакуль ніяк не можам вызначыцца. Магчыма, абярэм у выніку метадам сляпога тыку. А можа, нашы фанацікі нам дапамогуць. Шляхам празрыстага галасавання. 

Пакуль малы дундзіць дунду, у цябе ёсць 7 хвілін, каб хуценька зганяць у душ і новы куплет, а то і песню.

Еўрарадыё: Мінулы альбом вы пісалі, што называецца, пачкай. І не раз казалі, што вам вельмі спадабалася. Чаму гэты вырашылі запісваць паасобку?

Дзяніс Тарасенка: Бо ўсе ў “РСП” сталі настолькі занятыя, што без папярэдняга тэлефанавання немагчыма сабрацца на рэпетыцыю. Хоць бы нават нагадаць, што нам заўтра выступаць. Таму мы так і не далі рады сабрацца разам у студыі і запісаць усё пачкай. Але гэта для нас таксама своеасаблівы творчы эксперымент. Цікава ж, ці здолеем мы даць рады з запісам паасобку. Пакуль спрабуем, спрабуем…

Еўрарадыё: З моманту апошняга альбома ты і Эндру (бас-гітарыст “РСП”) ажаніліся і ў вас з’явіліся дзеці. Можа гэта прычына занятасці?

Дзяніс Тарасенка: Не! Не перашкаджае адно другому. А дзесьці, можа, нават і дапамагае, бо часу на тое, каб сядзець два тыдні, калупацца ў носе і складаць адзін пройгрыш, ужо няма. Цяпер, пакуль малы дундзіць дунду, у цябе ёсць 7 хвілін, каб хуценька зганяць у душ. І за 7 хвілін ты вымушаны прыдумаць новы куплет, а калі пашанцуе, то новую песню. І часта так і атрымліваецца.

Еўрарадыё: Нараджэнне дзяцей не прывяло да нейкай дадатковай унутранай цэнзуры?

Дзяніс Тарасенка: Яны ж пакуль малыя, пакуль не разумеюць.

Еўрарадыё: А потым падрастуць і скажуць: “О-о-о, калі я п’яны, я культавы…”.

Дзяніс Тарасенка: Наадварот скажуць “О! Баця! Нармальны ты! Не тое, што цяпер!”.

Еўрарадыё: Зноў жа, пра тэматыку. Мінулы альбом меў колькі трэкаў з палітычным адценнем. Ці працягнеце тэму, ці больш яна для вас не актуальная?

Дзяніс Тарасенка: Натуральна, яна скразіць у нашых тэкстах, бо гэта непазбежна, гэта тое, з чым мы сутыкаемся штодзённа у тых ці іншых праявах. Таму ёсць некаторыя вершаваныя радочкі, за якія пару гадкоў… Але якія гэта радочкі — задача іншых людзей. Вам пытанне! Пытанне-шарада (усміхаецца).

Каб мы ведалі, то знялі б нармальную парнушку, тым больш, сродкі дазвалялі і ўдзельнікі таксама былі не супраць.

Еўрарадыё: Не так даўно адбыўся скандал, звязаны з вашым кліпам на песню "Wall-e". Думаю вашы прыхільнікі добра ведаюць гэтае відэа, асабліва дзяўчаты.

Дзяніс Тарасенка: Не толькі дзяўчаты! Нехта казаў… ці не Юля Шаўчук... Не важна! Найбольшая колькасць праглядаў гэтага кліпа — на нейкіх там кітайскіх гей-сайтах. Сягае ажно да 25 мільёнаў праглядаў! А я так скажу: абы не кралі (усміхаецца).

Еўрарадыё: Карацей, адзін з карыстальнікаў сацыяльных сетак апублікаваў яго на сваёй старонцы і ледзь не трапіў у турму за распаўсюджанне парнаграфіі. Дык як вы адрэагавалі на тое, што ваш кліп парнаграфія, і нехта можа трапіць з-за краты за яго распаўсюджанне?

Дзяніс Тарасенка: Гэта бязглуздзіца нейкая! Гэта абсалютна ненармальна, калі мастацкі твор, мастацкае ўвасабленне песні прыраўноўваюць да парнаграфіі. Тым больш, што там ніякай парнаграфіі і не было. А шкада! Бо хоць была б падстава да нейкіх абвінавачванняў. Калі б мы ведалі, што гэтым скончыцца справа, мы б, натуральна, знялі нармальную парнушку. Сродкі дазвалялі, удзельнікі кліпа таксама былі не супраць (смяецца). Хаця б тады ўжо размова была прадметнай. А так… выглядае на тое, што гэта проста… дакалупацца.

Еўрарадыё: Будзеце здымаць яшчэ што-небудзь, ці адбіла ахвоту?

Дзяніс Тарасенка: Не-не-не! Наадварот, гэта нас падштурхнула на новыя творчыя пошукі. Цяпер мы здымаем кліп на песню з новага альбома “Ты кінула сябе”. Але я не ведаю, ці будзе там парнаграфія. Справа ў тым, што кліп здымаецца без нашага ўдзелу.

Еўрарадыё: Як гэта?

Дзяніс Тарасенка: Ну, там здымаюцца іншыя людзі. Наша песня, так бы мовіць, проста выкарыстоўваецца. Чалавек, які яго здымае, сказаў: “Ну, рабяты, ну не порціце вы сабой карцінку! Ну скока ж можна! Вы такія неарганічныя ў кадры!”.

Еўрарадыё: То бок гэта нават не па вашай замове?

Дзяніс Тарасенка: Так! Гэта была яго ўласная творчая ініцыятыва. Мы пагадзіліся, бо мы толькі “за”, калі можна адхаляўнічаць, калі штосьці робіцца з боку, а потым прыходзіць гатовае ў выглядзе якога-небудзь файліка на Youtube. Таму што там будзе ў кадры, у выніку для нас для саміх загадка. Але мы спадзяемся, што, калі там будзе парнаграфія, то гэта будзе сапраўдная парнаграфія, за якую не сорамна пасядзець і пасівець.

Мы нават не ведаем чалавека, які здымае гэты кліп. Неяк у нейкай кулуарнай размове ён да нас падышоў, даведаўся, што ёсць такая песня, мы яму наспявалі ўступ і пройгрыш, і ён сказаў: “А давайце я здыму!”. Дарэчы, гэтая песня яшчэ нават не запісаная! Таму, калі ў яго атрымаецца паўнафарматны фільм, то нам давядзецца на паўтары гадзіны запісаць пройгрыш, ці ў канцы праспяваць 28 прыпеваў.

Пасля выступу Саладухі усё “РСП” сышло ў шматтыднёвы запой.

Еўрарадыё: Вы ўжо двойчы выступалі разам з Аляксандрам Саладухам, прычым, у “Графіці”! Як вам такі досвед?

Дзяніс Тарасенка: Цудоўны! Па-першае, мы хоць паглядзелі на жыва на гэтага чалавека. Мы да яго дакрануліся! Я яго крыху памацаў… якую частку цела мацаў — нагода для другога конкурсу. Прыз будзе — гэтая частка цела ў пакеце (смяецца). Па-другое, мы паглядзелі, як можна выступаць, якая наймагутнейшая энергетыка ў гэтага чалавека. Ён мне нагадаў аднаго вельмі вядомага ўсім нам персанажа, занадта вядомага, можна было б і паменш. Там такая ж самая энергетыка са сцэны. Здаецца, што песні вельмі, каб нікога не пакрыўдзіць, простыя і немудрагелістыя. Але ты разявіў пачку, стаіш, слухаеш усе гэтыя чатыры песні і цябе прыціскае.

Выконваў ён, між іншым, на жыва песні. То бок фанграма, а спявае на жыва. Там сапраўды сур’ёзны вакальны апарат. Я не здзіўлюся, калі на наступным канцэрце ў Мінск-Арэне зласліўцы адключаць мікрафон, а публіка гэтага не заўважыць. Бо там такая глотка, што ён і без мікрафона да партэра даб’е. Вельмі было цікава, бо розныя людзі, розныя стылі… У яго вельмі прамяністая ўсмешка. У яго такія дарагія зубы, што я веру, што палову Мінск-Арэны ён асвеціць. Ну і публіка рэагавала выдатна, гэта быў шалёны абмен энергетыкамі.

Еўрарадыё: Ці зрабілі якія высновы для сябе пасля гэтага канцэрта?

Дзяніс Тарасенка: Ён жа выступаў паміж нашымі аддзяленнямі. Але калі сыходзіў са сцэны, мы зразумелі, што нам ужо там няма чаго рабіць. Пасля такога артыста нам было ўжо сорамна выходзіць на сцэну. Вельмі доўга мы адседжваліся ў грымёрцы. Потым усё ж сабраліся і выйшлі. Ну а пасля выступу усё “РСП” сышло ў шматтыднёвы запой (усміхаецца).

Еўрарадыё: Прапаноўвалі разам нешта выканаць?

Дзяніс Тарасенка: Так. Мы прапаноўвалі нават выканаць яго аранжыроўкі, каб ён не пад “мінус” спяваў, а пад жывы гук. Але адказу так і не атрымалі. Але, спадзяюся, што рана ці позна замуцім які сумесны праект. Можа, Саладуха выканае нашу песню (смяецца).

Гурт “Разбітае сэрца пацана” выступіць на фестывалі “Даём рады 13 лютага ў сталічным клубе Re:Public. Таксама на сцэне з'явяцца “Мутнаевока”, Trubetskoy, Akute, Haina, а Еўрарадыё падвядзе музычныя вынікі мінулага года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі