Рыгора Кастусёва пазбавілі спатканняў, яму зменшылі суму "атаваркі"
Рыгор Кастусёў / з архіва Еўрарадыё
З незразумелых прычын лідара партыі БНФ Рыгора Кастусёва пазбавілі спатканняў са сваякамі, апошняя сустрэча была ў СІЗА КДБ адразу пасля суда, піша "Народная воля" са спасылкай на сяброў палітыка. Акрамя таго, яму істотна зменшылі суму "атаваркі" ў мясцовай краме.
Пра стан здароўя палітыка таксама нічога не вядома. Нагадаем, у СІЗА ў яго дыягнаставалі анкалогію, але ў паўнавартасным абследаванні Кастусёву тады адмовілі. "Нібыта ўжо з калоніі павінны былі адправіць на абследаванне ў бальніцу, аднак, як вынікае з папярэдніх спробаў, вынікі агляду адміністрацыя папраўчай установы нікому не паведамляе", — расказваюць паплечнікі палітыка па партыі.
Ёсць праблемы і з ліставаннем. Калі з ізалятараў лісты да жонкі даходзілі без вялікіх затрымак, то цяпер, паводле сяброў сям'і, з гэтым праблемы. Акрамя таго, нічога не вядома пра яго ўмовы ў калоніі — ці павінен ён працаваць, нягледзячы на пенсійны ўзрост і хваробу. Выканальнік абавязкаў кіраўніка Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў кажа, што ні ў яго, ні ў іншых чальцоў партыі няма кантактаў з Рыгорам Кастусёвым.
"Лісты, якія дасылаюць яму паплечнікі ў вялікай колькасці, як мы разумеем, не даходзяць", — кажа Саранчукоў. Адзіна, удалося перадаць для Кастусёва лекі. Але аб'ектыўнай інфармацыі пра стан яго здароўя няма, "таму сказаць, у якім стане ён знаходзіцца цяпер, вельмі складана..." — сказаў ВА кіраўніка Партыі БНФ.
На гэтым тыдні Рыгору Кастусёву споўнілася 66 гадоў. Яго затрымалі вясной 2021 года ў Шклове і абвінавацілі ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам". На судзе віну Кастусёў не прызнаў. 5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка прысудзіў палітыку 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Рыгора Кастусёва палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.