Рынкевічс — Лукашэнку: Латвія дасць новы імпульс адносінам Беларусі і ЕС

20 лютага ў Мінску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных спраў Латвіі Эдгарса Рынкевічса. Гаворка ішла не столькі пра адносіны Беларусі і Латвіі, колькі пра дачыненні Беларусі і Еўрасаюза.

"Мы як краіна, якая ў першым паўгоддзі з'яўляемся старшынёй у ЕС, хацелі б бачыць далейшае развіццё "Усходняга партнёрства", — цытуе словы Рынкевічса БЕЛТА. — У нас у Рызе пройдзе саміт, і мы б хацелі зрабіць усё магчымае, каб надаць новы штуршок, новы імпульс адносінам паміж Еўрасаюзам і Беларуссю".

Нагадаем, саміт "Усходняга партнёрства" пройдзе ў Рызе 21-22 траўня. Латвійскі бок раней заяўляў пра жаданне, каб Беларусь на саміце Усходняга парнёрства была прадстаўленая "на самым высокім узроўні". Як вядома, Аляксандр Лукашэнка не прадстаўляў Беларусь на мінулых самітах — у Празе, Варшаве і Вільні.  

19 лютага Еўрарадыё запыталася ў міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, хто прадставіць Беларусь на саміце ў Рызе? Ён адказаў, што "пытанне вырашаецца", рашэнне мусіць прыняць сам кіраўнік дзяржавы.

На сённяшняй сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што разлічвае на развіццё супрацоўніцтва з Латвіяй і іншымі краінамі Еўрасаюза "без якіх-небудзь прадузятасцяў". Ён адзначыў, што беларуска-латвійскія палітычныя і дыпламатычныя адносіны адстаюць ад гандлёва-эканамічных. Кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяванне, што візіт міністра ў Мінск звязаны з тым, каб "падцягнуць" палітычныя дачыненні "на самы высокі ўзровень".

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь спадзяецца на садзейнічанне Латвіі ў развіцці дачынення з іншымі краінамі ЕС і ў справе збліжэння з Еўрасаюзам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі