Санкцыі ўсё ж працуюць — экспарт беларускіх тавараў скараціўся на 4,4%

Санкции все-таки работают — экспорт белорусских товаров сократился на 4,4%

За пяць месяцаў 2022 года экспарт беларускіх тавараў скараціўся на 4,4% (гэта амаль $650 млн), заявіў міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

"Асноўная прычына — скарачэнне паставак нафты і нафтапрадуктаў, калійных і азотных угнаенняў", — цытуе Макея БЕЛТА. Пры гэтым, паводле словаў міністра, выраслі продажы за мяжу іншых беларускіх тавараў. Рост склаў 4%, або больш за $460 млн.

Паводле словаў Макея, нарошчванне экспарту застаецца абсалютным прыярытэтам у працы яго ведамства і замежных установаў. Ён даў заданне дыпламатам у другім паўгоддзі "максімальна задзейнічаць усе магчымасці і рэзервы для дасягнення неабходнага выніку". Раней Аляксандр Лукашэнка патрабаваў ад дыпламатаў шукаць новыя рынку збыту. "Без экспарту мы не выжывем. Хай вас не палохаюць заходнія так званыя сектаральныя санкцыі. На нашы тавары заўсёды ёсць попыт. Трэба толькі зрабіць крыху больш высілкаў. Прададзім сваю прадукцыю — вырашым пытанне з санкцыямі", — казаў ён год таму.

З тых часоў санкцый зрабілася больш. А ў чэрвені стала вядома, што Белстат засакрэціў інфармацыю пра экспарт тавараў і паслуг. Раней ведамства публікавала звесткі па розных відах экспарту. Цяпер — толькі агульныя звесткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі