СБУ заяўляе, што выкрыла агентаў ваеннай разведкі Расіі на Херсоншчыне
Агентурная сетка рыхтавала акцыі, накіраваныя на падрыў абараназдольнасці Украіны.
Як інфармуе РБК, затрыманы жыхар Херсонскай вобласці, былы вайсковец. Па звестках Службы бяспекі Украіны, ён па заданні прадстаўніка разведупраўлення Чарнаморскага флоту Расіі прыцягнуў групу ўкраінскіх грамадзян да збору інфармацыі ваеннага характару ў Херсонскай вобласці. Яшчэ адным даручэннем ад замежных куратараў была падрыхтоўка умоў для дыверсіяў у Херсонскай вобласці.
Паведамляецца, што група высвятляла месцы базавання і перадыслакацыі, ступень баявой гатоўнасці, колькасць асабовага складу, віды і колькасць ўзбраення і ваеннай тэхнікі часцей і злучэнняў Узброеных сіл Украіны.
Асаблівая ўвага надавалася цяжкой ваеннай тэхніцы. Каб атрымаць такія звесткі, агенты выязджалі на аўтамабілях у раёны Херсоншчыны, якія мяжуюць з Крымам. Сабраныя агентурай звесткі перадаваліся расійскаму шпіёну з захаваннем патрабаванняў канспірацыі, гаворыцца ў паведамленні спецслужбы.
Паводле ацэнкі экспертаў СБУ, інфармацыя, якую збіралі і перадавалі Расіі, мае звесткі, якія з'яўляюцца дзяржаўнай таямніцай, а яе разгалошванне наносіць шкоду абараназдольнасці Украіны. Агентам пагражае да 15 гадоў зняволення.
Фота — 24daily.net