Сцяпан Латыпаў даслаў з калоніі маленькаму хлопчыку паветранага змея
Змей, якога знайшлі ў лісце ад Сцяпана Латыпава
Палітвязень і актывіст "Плошчы Перамен" Сцяпан Латыпаў расказаў пра падарунак для маленькага хлопчыка, які ён змайстраваў і адправіў яму ў лісце. Падрабязнасці гісторыі прыводзяць праваабаронцы.
"Ёсць простыя рэчы, якія можна зрабіць проста цяпер. Напрыклад, змайстраваць паветранага змея аднаму маленькаму хлопчыку", — напісаў ён. Паводле яго слоў, самым складаным было сплесці вяровачкі на аброць і хвост.
"А самае вясёлае — бегаць па камеры, спрабуючы падабраць вагу хваста. Запускай на здароўе", — звярнуўся да свайго маленькага сябра па перапісцы Латыпаў. Змея ён уклаў у ліст.
Праваабаронцы нагадваюць, што напісаць палітвязню можна па адрасе: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Латыпаву Сцяпану Сяргеевічу.
Латыпава затрымалі восенню 2020 года. Ён быў адным з актыўных удзельнікаў дваровай супольнасці на "Плошчы Перамен". Абараняў мурал, які раз-пораз зафарбоўвалі камунальныя службы пад аховай сілавікоў. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, супраціве супрацоўніку міліцыі і махлярстве. Апошняе абвінавачванне датычылася яго працы — па версіі следства, Латыпаў уводзіў у зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін. Яго прысудзілі да 8,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.