Сцяпан Латыпаў: "Я буду сядзець столькі, колькі асабіста я захачу"
У Судзе Савецкага раёна Мінска працягваецца працэс па справе палітвязня Сцяпана Латыпава.
Перад судовым працэсам ён выказаўся пра ўнутраную свабоду, стаўленне да суддзі і канваіраў. (Як вядома, пасля спробы суіцыду Латыпава кожнае судовае паседжанне прыкоўваюць кайданкамі да канваіраў.)
"Я буду сядзець столькі, колькі асабіста я захачу. Якую цану за гэта я буду плаціць — гэта іншае пытанне. Але вырашаць буду толькі я. Я буду вырашаць, працягнецца судовае паседжанне ці не. Я буду вырашаць, вярнуся я сёння з канвоем або з хуткай дапамогай. Гэта маё права. Гэта мая свабода", — перадаюць словы Латыпава праваабаронцы "Вясны".
Палітвязень кажа, што добра ставіцца да хлопцаў з канвою і спрабуе ставіцца да суддзі як да прафесіянала, які трапіў у вельмі няпростую сітуацыю. "Але ў мяне не атрымліваецца", — прызнаецца Сцяпан.
Справу разглядае Аляксандр Воўк.
Перад судом Латыпаў папрасіў бацьку не прысутнічаць на працэсе, каб яму не было балюча за яго.
Сёння на судзе працягваюць праслухоўваць аўдыёзапісы тэлефонных размоваў Латыпава, у тым ліку яго інтэрв’ю журналістам TUT.by пра каталізатары пратэстаў у Беларусі, пратэстную актыўнасць і барацьбу "Плошчы Пераменаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.