Севярынец: Сказалі, каб ніякіх урачыстых сустрэчаў з “хіміі”

Палітвязень паведаміў Радыё Свабода, што каля 9:00 яму выдадуць даведку аб вызваленні і з камендатуры ў Купліне ён з рэчамі пойдзе да КПП.



“Адмыслова выклікаў начальнік камендатуры і папярэдзіў, што каля будынку самой камендатуры ніякіх урачыстых сустрэчаў не дазволяць, нават не прапусцяць сюды падысці. Што тут будзе шмат міліцыі, у тым ліку ДАІ. Разлічваю, што да 10 раніцы ўжо буду каля КПП зусім вольным чалавекам. Там і сустрэнемся з сябрамі і журналістамі”, — сказаў Павел Севярынец.



Паводле палітвязня, каб сустрэць яго з “хіміі”, у Куплін прыедзе чалавек 30–40 без уліку журналістаў.



Павел Севярынец быў арыштаваны ў Мінску пасля падзеяў 19 снежня 2010 года і асуджаны за ўдзел у масавых беспарадках на 3 гады “хіміі”. Паколькі 5 месяцаў ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, дзе адзін дзень лічыцца за два, а потым два месяцы быў дома ў Віцебску, чакаючы накіравання на “хімію”, ягоны тэрмін заканчваецца не 19 снежня, а 19 кастрычніка. Пасля вызвалення Севярынец яшчэ 2 гады будзе на прафілактычным уліку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі