Шашлык за 30 000, гарэлка за 9900. Як Мінск святкаваў Дзень Перамогі (фота)

Шашлык за 30 000, гарэлка за 9900. Як Мінск святкаваў Дзень Перамогі (фота)

Урачыстасці пачынаюцца раніцай 9 траўня на плошчы Перамогі. Там са сцэны да краіны звяртаецца яе кіраўнік Аляксандр Лукашэнка. Гаворыць, што не дазволіць сказіць праўду аб вайне:

"Ад імя ўдзячных людзей, якія жывуць у Белай Русі, я звяртаюся да вас, якія пайшлі ад нас, да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікоў тылу, схіліўшыся перад вашым подзвігам, горда і з гонарам заяўляем... Мы свята захоўваем памяць аб вашай Перамозе, нашай Перамозе, мы не дазволілі і ніколі не дазволім сказіць праўду аб гэтай Перамозе, фальсіфікаваць і адабраць яе ў нашых дзяцей і ўнукаў. Мы робім і зробім усё, каб яны жылі ў мірнай і незалежнай краіне”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Бліжэй да абеда святкаванні пачынаюцца ў іншых частках горада. Галоўныя пляцоўкі сёлета — Верхні горад ля Ратушы, прастора ля Палацу спорта і парк Перамогі за новым будынкам музея Вялікай айчыннай вайны.

Галоўнае новаўвядзенне — адсутнасць міліцэйскага дагляду. Калі ў мінулыя гады у цэнтры горада кроку немагчыма было прайсці без праверак хлопцаў у форме, то цяпер усё куды больш проста. З чым звязаная адсутнасць міліцыянтаў і рамак з металадэтэктарамі — незразумла. Але гэта адназначны плюс. Яшчэ з прыемнага — акцыя “Беларусь памятае”. Простыя людзі прайшлі шэсцем да плошчы Перамогі з партрэтамі родных, якія ўдзельнічалі ў вайне. Кранальна і без лішняга пафасу.

Шашлык за 30 000, гарэлка за 9900. Як Мінск святкаваў Дзень Перамогі (фота)

У іншым жа святкаванне Дня Перамогі ў 2016 годзе мала адрозніваецца ад ранейшых. Хіба што меншы размах — усё ж крызіс. Калі прыйсці да Ратушы, то можна ўбачыць касцюмаванае шоў з эстраднымі элементамі: мужчына ў форме савецкага афіцэра камандным голасам выклікае з шэрагу саладат і просіць “дакласці яму аб абстаноўцы”. Салдаты выходзяць і дакладваюць па чарзе, расказваюць, колькі “ворагаў было знішчана”. Побач стаяць матацыклы і машыны — можна фатаграфавацца.

Ля Палаца спорту фуд-зона з канцэртам. Шашлык каштуе 30 тысяч за сто грам. Кілішак гарэлкі — 9900. Можна паесці грэчневай кашы (з тушонкай, па-салдацку) за 17 100, запіць яе шампанскім (15 тысяч за 50 грам).

Але сапраўднае раздолле на сёлетнім святкаванні Дня Перамогі для спартсменаў і для тых, хто стараецца імі быць. Ля самага Палаца спорта застаў камічную сцэнку — масавае адцісканне ад асфальта. Кожны з некалькіх дзясяткаў удзельнікаў пад адцісканнем разумеў нешта сваё. Асінхроннасць дзеянняў выклікала ўсмешку.

А самая загадкавая акцыя сёлетняй гадавіны — “Забег адважных” у парку Перамогі. У чым заключалася адважнасць удзельнікаў забегу, зразумець цяжка. Хіба што ў тым, што бегчы прыйшлося пад даволі гарачым сонцам ды месцамі — па старых аўтамабільных пакрышках. Здагадацца цяжка.

Уначы ў Мінску будзе традыцыйны салют, метро будзе працаваць да 3-й гадзіны ночы. Прыкладна да гэтага ж часу цэнтр беларускай сталіцы будзе напоўнены вясёлымі натоўпамі людзей з георгіеўскімі альбо чырвона-зялёнымі стужкамі. Сапраўдных ветэранаў вайны сярод іх амаль не будзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі