Шайгу: падводнікі эвакуявалі грамадзянскага, а самі змагаліся з пажарам
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу ў сераду наведаў Севераморск і распавёў падрабязнасці пра трагедыю ў Баранцавым моры. 1 ліпеня на навукова-даследчым глыбокаводным апараце адбыўся пажар, загінулі 14 маракоў. Уладзімір Пуцін у аўторак паведаміў, што сярод загінулых — 7 капітанаў першага рангу, два Героя Расіі. Сёння Шайгу дадаў, што трое загінулых былі капітанамі другога рангу. "Усе загінулыя афіцэры будуць прадстаўленыя да дзяржаўных узнагарод", — цытуе словы міністра ria.ru.
Сяргей Шайгу распавёў, што "у крытычнай сітуацыі маракі-падводнікі дзейнічалі па-геройску". Яны эвакуявалі з адсеку, ахопленага агнём, "грамадзянскага прадстаўніка прамысловасці", а самі зрабілі ўсё, каб не дапусціць распаўсюджвання агню і "да канца змагаліся за жывучасць карабля". "Цаной сваіх жыццяў выканалі цяжкую задачу — ліквідавалі ачаг узгарання, выратавалі сваіх таварышаў і глыбокаводны апарат", — адзначыў міністр абароны Расіі.
Па словах Шайгу, загінулыя былі ўнікальнымі ваеннымі спецыялістамі, якія праводзілі важныя даследаванні па вывучэнні гідрасферы нашай планеты. Ён паабяцаў дапамогу іх сем'ям.
Падрабязная інфармацыя пра здарэнне не агучваецца, паколькі адносіцца да катэгорыі дзяржаўнай таямніцы. Дагэтуль Мінабароны РФ не ўдакладніла колькасць людзей на падводным апараце. З неафіцыйных крыніц вядома пра 25 чалавек. Атрымліваецца, што 11 чалавек выжылі. Некаторыя з іх шпіталізаваныя.