Школа павінна быць свабоднай. Паслухалі досвед літоўскіх экспертаў адукацыі
Як рэфармаваць адукацыю / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Калі трыццаць гадоў таму ў Літве пачалі рэфармаваць сістэму адукацыі, настаўнікі часта пыталіся: ну калі ўжо скончацца гэтыя рэформы? Спецыялісты адказваюць: ніколі. Рэформы — гэта бесперапынны працэс. Важна часам спыняцца, ацэньваць зробленае — і працягваць ісці наперад.
Мы не страчваем надзеі, што аднойчы ў Беларусі сістэма адукацыі будзе рэфармаваная на карысць вучняў і настаўнікаў. І таму паслухалі досвед літоўскіх калег. Нас засмуцілі і канстатавалі: і пры дэмакратыі часам складана ўнікнуць палітызацыі сістэмы адукацыі.
Як не захапіцца "новай бюракратыяй"? Як перасунуць новыя парты ў старым будынку? Як зрабіць школу па-сапраўднаму інклюзіўнай?
Сабралі для вас самыя цікавыя тэзісы. Экспертную дыскусію арганізавала платформа "Банк ідэй", офіс Святланы Ціханоўскай і ЕГУ.
Перадгісторыя, або Чаму генераваць ідэі трэба проста зараз
Калі Літва атрымала незалежнасць, у яе ўжо была распрацаваная канцэпцыя нацыянальнай школы. Яна грунтавалася на тым, што адукацыя арганічна звязаная з культурай.
Меркавалася, што малады чалавек павінен спазнаць сваю мову, сваю гісторыю, свой народ. Гэта значыць, літовец павінен ведаць пра літоўскую культуру больш, чым казах, — і наадварот.
Яшчэ ў СССР такую канцэпцыю Літва хацела прапанаваць для ўсіх саюзных рэспублік — але не выйшла. І вось ужо ў постсавецкі час канцэпцыя легла ў аснову рэфармавання адукацыі ўжо ў незалежнай Літве. Гэта значыць, да моманту, калі трэба было браць рэформы ў свае рукі, ужо былі напрацоўкі.
Дапамога дыяспар і нацыянальны кантэкст
Спачатку былі вялікія планы. А потым умяшалася жыццё. Папросту аказалася, што грошай на рэформу не так і шмат, расказвае начальнік аддзела Міністэрства адукацыі і навукі Літвы Рычардас Алішаўскас.
Таму Літва пачала са змястоўных змен: дадала ў адукацыю больш нацыянальнага кантэксту.
У першыя ж гады рэформаў было напісана шмат новых падручнікаў, наладжаныя сувязі з літоўскімі дыяспарамі. Тыя дапамаглі арганізаваць курсы для літоўскіх настаўнікаў у іншых краінах, асабліва цесна Літва супрацоўнічала з краінамі Паўночнай Еўропы.
Небяспека. Адыходзіць ад савецкай школьнай сістэмы спрабавалі многія краіны — але па-рознаму. Эстонія, напрыклад, падышла да дэсаветызацыі акуратна і не заяўляла, што трэба адмовіцца ад усяго, што было ў савецкай школе. Бо было там дастаткова дасягненняў.
Што атрымалася ў Літвы? З аднаго боку, калі датчанін або фін прыедзе ў Літву, ён не пазнае тут сваёй сістэмы адукацыі — толькі яе элементы. З іншага боку, запазычваючы, Літва ледзь не страціла свой стыль, заўважае кансультант па адукацыі, даследчык, педагог Эгле Пранцкунене.
Даць ацэнку, але не задушыць творчасць
У першыя гады незалежнай Літвы школы атрымалі вялізную прастору для творчасці: самастойна маглі вызначаць, якімі яны хочуць стаць. Пазней з'явіліся інструкцыі і, па словах Рычардаса, стала сумна. Інструкцыі падрэзалі школам свабоду.
— І гэта быў знак: школам трэба даць больш свабоды.
Так Літва і прыйшла да разумення таго, што школы павінны не толькі прытрымлівацца распрацаваных інструкцый, але і мець магчымасць тварыць. Дазволіць сабе зрабіць тое, чаго няма ў суседскай школе.
Дырэктараў заклікалі стаць лідарамі — і паказаць усё, на што здольныя. І вось вам неймаверны прыклад: былы намеснік міністра адукацыі пайшоў працаваць дырэктарам у звычайную сельскую школу. І ён фактычна пабудзіў гэтую сельскую школу. Цяпер настаўнікі там кажуць: мы вам яго назад у міністэрства не аддамо!
Важна перыядычна спыняцца і ацэньваць зробленае. Таму ў Літве ўвялі сістэму самаацэнкі школ — гэта значыць кожная школа магла ацаніць свой поспех. Ёсць і знешняя ацэнка, якую параўноўваюць з самаацэнкай школы.
Але гаворачы пра сістэму ацэнкі, Рычардас падкрэслівае: трэба не забываць, што мы людзі, што лічбамі ўсяго не вымераеш. Лічбы важныя, але нельга перабраць меру.
Небяспека. Кансультантка па адукацыі, даследчыца, педагог Эгле Пранцкунене заўважае, што барацьба паміж спробамі даць якасную адукацыю і не задушыць творчасць працягваецца і цяпер.
— У нашай адукацыі пачалося імітаванне працэсаў дзеля добрай ацэнкі. Удзел у шмат якіх міжнародных арганізацыях таксама прынёс стандартызацыю. Мы перайшлі ад вельмі стандартызаванай савецкай сістэмы да іншай, у якой таксама шмат стандартызацыі, — заўважае эксперт.
Літоўцы і цяпер з настальгіяй успамінаюць першыя дзесяцігоддзі незалежнасці — калі можна было тварыць і эксперыментаваць, а не проста рэалізоўваць задачы, якія спускаюцца "зверху".
Нават самых добрых палітыкаў нельга пускаць у адукацыю
З самага пачатку літоўцы вырашылі будаваць сістэму адукацыі на прынцыпах гуманізму і дэмакратыі. Гэта значыць, адукацыя павінна дапамагаць кожнаму чалавеку раскрыць свой патэнцыял. А ў школ ёсць магчымасць самакіравання, і грамадства мае права голасу, тлумачыць Эгле Пранцкунене.
Небяспека. Спачатку цэнтрам рэформаў быў Інстытут педагогікі, для многіх інтэлектуалаў было гонарам прымаць удзел у дыскусіях пра рэформу адукацыі. Цяпер дыскусій шмат, прафесіяналаў сферы — шмат, але адзінага цэнтра няма.
І месца "мазгавога цэнтра" сістэмы адукацыі занялі палітыкі, лічыць Эгле Пранцкунене.
— І цяпер усе ідэі ў сферы адукацыі ідуць ад палітыкаў. Гэта прыводзіць да хуткіх змен: парламент выбіраецца кожныя чатыры гады і новыя палітычныя сілы часта прыходзяць з ідэямі таго, што трэба ўсё зрабіць па-іншаму. Гэта прывяло да таго, што не стала доўгатэрміновага планавання, стратэгіі. Мы адчуваем палітызацыю адукацыі, і гэта адна з нашых памылак.
З тым, што адукацыя становіцца палітызаванай, згаджаецца і Рычардас Алішаўскас.
Якія літоўскія рэформы нам асабліва спадабаліся
Задача літоўскай школы — выхаваць чалавека для вольнага жыцця. Яшчэ ў самым пачатку рэформаў Літва ўвяла профільную адукацыю — і ўжо ў сярэдняй школе вучні маглі выбіраць сабе спецыялізацыю. Хтосьці такое рашэнне крытыкаваў, але Рычардас настойвае, што рашэнне было прынятае правільна. І тлумачыць: нельга выпусціць чалавека са школы, не навучыўшы яго рабіць выбар.
Асаблівая ўвага цяпер аддаецца пытанню інклюзіі. Мы прывыклі да таго, што вучань можа выбіраць школу, якая падыходзіць пад яго патрэбы. Але сапраўдная інклюзія — гэта калі школа падладжваецца пад патрэбы вучня і дае яму ўсё магчымае. Папросту — кожная школа павінна быць пабудаваная так, каб у ёй маглі вучыцца дзеці з інваліднасцю.
Школа будучыні
Канцэптуальна ўсе разумеюць, што школа павінна быць больш свабоднай. Але на практыцы зрабіць гэта не заўсёды проста.
— Цяпер мы па-іншаму разумеем змест адукацыі. У нашым адукацыйным статуце так і гаворыцца: змест адукацыі — гэта не толькі тое, што вучым, але і як вучым, дзе вучым, хто вучыць, — адзначае Эгле Пранцкунене.
І ўсё пачынаецца з прасторы. У літоўскіх школах дзеці могуць "перабудаваць" яе: могуць рухаць сталы і крэслы. Але не заўсёды проста перабудаваць прастору, калі гаворка ідзе пра звычайны будынак, які застаўся яшчэ з савецкіх часоў.
Каб перабудаваць такую прастору, патрэбны вялікія рэсурсы. Спробы робяцца, кажа Эгле Пранцкунене. Але заўважае: тэмпы росту колькасці прыватных школ толькі пацвярджаюць тое, што дзяржаўныя школы ўсё яшчэ занадта стандартныя.
Галоўная выснова дыскусіі: няма гатовых рашэнняў, якія б за адзін дзень "падлячылі" сістэму адукацыі. Галоўныя рашэнні прымаюцца не ў міністэрствах, а на месцах: у школах і класах. А палітыкі ад адукацыі павінны стварыць умовы, пры якіх у школ з'явілася б магчымасць праявіць усё самае лепшае, на што здольныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.