Шпрыцы, арматура і пацук у вядры з вадой. Якімі "страшылкамі" пужалі беларусаў
Апошнія два дні ў спакойнай Беларусі неспакойна. 21 сакавіка паведамляецца, як трое невядомых на джыпе спрабуюць прарвацца праз беларуска-ўкраінскую мяжу, але спыняюцца пасля перастрэлкі з памежнікамі. А на наступны дзень Аляксандр Лукашэнка распавядае, як пад Асіповічамі ліквідуецца лагер баевікоў. Затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек, якія трэніраваліся са зброяй!
Што праўда, украінскія памежнікі заяўляюць, што мяжу Украіны джып не перасякаў. А пра баевікоў з-пад Асіповічаў у прэс-службах беларускіх сілавых ведамстваў распавядаць проста не гатовыя.
Супадзенне гэта ці не, але "ўкіды" жорсткіх навінаў у нашу інфармацыйную прастору пачаліся за чатыры дні да Дня волі. Еўрарадыё прыгадвае іншыя "страшылкі", якія з’яўляліся перад вялікімі акцыямі апазіцыі і пасля іх.
2006. Пацук-тэрарыст у вядры з вадой
16 сакавіка 2006 года, за тры дні да прэзідэнцкіх выбараў па БТ паказалі сюжэт пра падрыхтоўку тэрактаў у Беларусі. Невядомы малады чалавек сумна распавядае, як недзе ў замежных лагерах яго вучылі ладзіць дыверсіі падручнымі сродкамі: "Каб атруціць насельніцтва, трэба было злавіць пацука ці мыш, забіць і кінуць у вядро з вадой. Цягам двух тыдняў яна там разлагаецца, вада атрымліваецца атручаная. І ўліць яе ў сістэму водазабеспячэння".
Напярэдадні КДБ распачаў крымінальную справу, па якой праходзілі "не толькі людзі, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, а, у асноўным, з-за мяжы". На прэс-канферэнцыі ў Мінску тагачасны старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка распавёў пра раскрыццё "сцэнарыя сілавога захопу ўлады радыкальнай апазіцыяй пасля прэзідэнцкіх выбараў". Таксама ён сказаў, што затрыманыя некалькі чалавек, якія рыхтавалі выбухі ў чатырох сталічных школах.
Але Сухарэнка расследаванне не скончыў. У сярэдзіне ліпеня 2007 года Лукашэнка неспадзявана адправіў яго ў адстаўку. Наступныя кіраўнікі КДБ пра пацука-тэрарыста не ўзгадвалі. Ён проста знік з інфармацыйнай прасторы, як кругі на вадзе, налітай у вядро.
2006. Шпрыцы і порначасопісы ў намётах
З вечара пасля выбараў 19 сакавіка 2006 года на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску цэлы тыдзень прастаяла намётавае мястэчка. А пасля таго, як раніцай 26 сакавіка АМАП разграміў яго, а актывісты, якія дзяжурылі ў намётах, апынуліся ў ізалятарах, на плошчы папрацавала здымачная група беларускага тэлебачання.
Вынік з'явіўся ў эфіры 28 сакавіка. У сюжэце Дзяніса Бальшакова (на той час — студэнта журфака) паведамлялася пра знойдзеныя ў намётах шпрыцы і порначасопісы.
У той жа дзень нумар мабільнага тэлефона Бальшакова з'явіўся ў інтэрнэце. Малады чалавек атрымаў сотні SMS ад гледачоў, абураных скандальнай карцінкай. Трох з іх пасля нават судзілі. Двое вырашылі папрасіць прабачэння, а дзяўчына, Алеся Сіўчыкава, здолела давесці суддзі, што ў паведамленні "Малайчына, Дзяніс! Выдатная ідэя з гераінам і порна. Твае з Акрэсціна гэтага не забудуць ніколі!" — няма ні пагроз здароўю журналіста, ні знявагі гонару і годнасці.
2010. Выбухоўка на Плошчы
11 снежня 2010 года, за 8 дзён да прэзідэнцкіх выбараў тагачасны кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей распавёў пра правакацыі, якія рыхтуе апазіцыя.
"Ужо рыхтуюцца групы баевікоў, ужо закупляюцца цёплыя рэчы, піратэхнічныя і нават выбуховыя рэчывы. Таму апазіцыйныя кандыдаты адназначна нацэльваюць людзей, нацэльваюць сваіх прыхільнікаў на правакацыі, на стварэнне "прыгожай" карцінкі для заходняга тэлебачання, каб пасля сказаць: вось, бачыце, якая яна, улада — лютая, як яна люта абыходзіцца са сваімі выбаршчыкамі", — заявіў Макей у эфіры тэлеканала "РТР-Беларусь".
Увечары 19 снежня сілавікі брутальна, з шумавымі гранатамі, спынілі калону на чале з Уладзімірам Някляевым, якая рухалася ў бок Кастрычніцкай плошчы. Міліцыянты адрапартавалі, што знайшлі ў машыне пратэстоўцаў дымавыя шашкі і пруты арматуры. Пазней "фургон з выбухоўкай" паказалі па БТ. Але на судах, якія прайшлі пасля выбараў, актывісты заявілі, што гэта была абсалютна іншая машына.
Далей выбухоўка фігуравала ў некаторых пратаколах сярод рэчаў, нібыта знойдзеных на плошчы ўночы на 20 снежня, пасля разгону апазіцыйнай акцыі.
2010. Партыя завостраных штыроў і нажы з Украіны
Яшчэ адна легенда, распаўсюджаная ўжо пасля Плошчы-2010 — металічныя штыры, якія людзі Мікалая Статкевіча быццам бы замовілі ў аднаго з гомельскіх прадпрымальнікаў.
"Да мяне звярнуліся сябры партыі "Грамада" Статкевіча. Пасадзілі ў машыну і папрасілі дапамагчы з вытворчасцю металічных штыроў, завостраных. Якія, па іх словах, будуць выкарыстоўвацца для абароны мітынгу 19 снежня", — распавядае прадпрымальнік Юрый Панчук.
Ці выканаў прадпрымальнік гэтую замову, у фільме "Жалезам па шкле" не паведамляецца. Затое ў пратаколах, складзеных на ўдзельнікаў мітынгу, ёсць згадка пра "65 кавалкаў арматуры, фрагмент трубы, два ледарубы, драўляныя палкі", знойдзеныя на Плошчы Незалежнасці ў Мінску. Што праўда, карэспандэнт Еўрарадыё, які наведаў месца мітынгу праз дзве гадзіны пасля разгону, ні ледарубаў, ні арматуры там не пабачыў.
Наступныя кадры фільма — з беларуска-ўкраінскай мяжы: вялікія пакункі з нечым незразумелым і некалькі нажоў. Усё гэта 13 снежня нібыта спрабавалі ўвезці ў Беларусь "сямёра замежных грамадзян". "Усе яны працавалі інструктарамі ў радыкальных арганізацыях Беларусі", — паведамляюць нам за кадрам. Залішне казаць, што ні пра які суд над "замежнымі грамадзянамі", якія "збіраліся ўдзельнічаць у беспарадках у Мінску", ніхто больш ніколі не чуў.
2010. Гранатамёт у гаражы
З таго ж фільма "Жалезам па шкле" мы даведаліся пра мінскі гараж, у якім захоўваўся арсенал для невялікай банды: патроны, некалькі аўтаматаў, выбухоўка і нават гранатамёт. След да яго нібыта вёў ад загадкавых грамадзян Расіі, якіх затрымалі на мяжы з шашкамі трацілу.
Неўзабаве пасля з'яўлення фільма ў эфіры журналісты знайшлі той самы гараж. Ён месціцца на вуліцы Слабадской у сталічным мікрараёне Малінаўка. Праз некалькі дзён пасля здымак ён не быў нават апячатаны. Уласнікі суседніх гаражоў, ўбачыўшы на экранах свой кааператыў, здзівіліся: тут ніколі ніхто не карыстаўся навяснымі замкамі, ёсць замкі ў дзвярах! Але ў кадры людзі ў пагонах прыгожа зразаюць навясны замок.